16.05.2018
Працягваецца збор сродкаў на прэмію імя Васіля Быкава

Узнагароджанне адбудзецца 23 чэрвеня.

Фота nn.by

Рух «За Свабоду» працягвае збор сродкаў на прэмію імя Васіля Быкава на краўдфандынгавай платформе «Талака». На сёння сабраныя каля 440 рублёў з неабходных 5000. Да канца кампаніі засталося 39 дзён.

Прэміяй ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе ў грамадскай, прафесійнай, або творчай дзейнасці на карысць Беларусі і Свабоды, гаворыцца ў апісанні краўдфандынгавай кампаніі.

Прэмія «За Свабоду Думкі» будзе ўручацца на радзіме Васіля Быкава каля Дома-музея пісьменніка ў вёсцы Бычкі на Віцебшчыне сёлета ў 11-ы раз. Першых Лаўрэатаў у 2008 годзе назвалі 50 найбoльш вядомых лiдараў думак незалежнага грамадства краіны.

У наступныя гады iмёны пераможцаў вызначала ў двух турах журы ў складзе ўладальнікаў Прэміі Васіля Быкава ўсіх папярэдніх гадоў.

Лаўрэатамі Прэміі Васіля Быкава станавіліся паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, краязнаўцы Алесь Белакоз і Ада Райчонак, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, літаратары і палітыкі Ўладзімір Някляеў і Павел Севярынец, музыкі і выканаўцы Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч і Віктар Шалкевіч, грамадскі дзеяч Зміцер Дашкевіч, рэжысёр Валеры Мазынскі.

Арганізатарам мерапрыемстваў, якія пройдуць 23 чэрвеня, з’яўляецца Рух «За Свабоду».

Сабраныя сёлета сродкі пойдуць на выраб статуэткі і дыплома для Лаўрэата – 1100 руб., арганізацыю ўрачыстасцяў, канцэрта і медыя – падтрымкі – 1600 руб., выраб прызоў (паштоўкі, нататнікі, закладкі і інш.) – 1000 руб., арэнду аўтобусаў – 1300 руб.

Актыўныя ўдзельнікі краўдфандынгавай кампаніі змогуць асабіста ўдзельнічаць ў цырымоніі ўручэння Прэміі, а таксама атрымаць камплект падарункаў з падзякай ад арганізатараў.

Нам патрэбна Ваша дапамога, каб адзначыць на шырокім нацыянальным узроўні выбітных творцаў і грамадскіх дзеячоў Беларусі, якія на сёння не могуць атрымаць падобную падтрымку з боку дзяржавы. Уганаруем годнага Беларуса разам! – гаворыцца ў звароце арганізатараў кампаніі.

Глядзіце таксама:

Працягваецца збор сродкаў на выданне кнігі беларускіх народных казак «Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка» з ілюстрацыямі Паўла Татарнікава

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4 (оценок:5)