.

27.04.2018
Філосаф Пётра Рудкоўскі, Наша Ніва
Рудкоўскі: «Не трэба рабіць адмену смяротнага пакарання прыярытэтам №1»

Калі еўрапейцы пачынаюць гаварыць пра «каштоўнаснае» вымярэнне палітыкі Еўрасаюза да Беларусі, то амаль заўсёды на першае месца выскоквае тэма «смяротнага пакарання».

Часам гэта адзіная тэма з катэгорыі «каштоўнасці». Цікава бывае назіраць стандартны дыялог па гэтай тэме з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Беларускія ўлады кажуць, што скасаванне смяротнага пакарання — гэта мо і шляхетная, але «недэмакратычная» ідэя (бальшыня грамадзян за тое, каб яго пакінуць). Еўрапейцы ж даюць зразумець, што часам трэба павесці сябе «недэмакратычна», каб абараніць некаторыя важныя каштоўнасці.

Цалкам пагаджаюся з еўрапейскім бокам, што не ўсе каштоўнасці ўсталёўваюцца з дапамогай дэмакратычных працэдураў. Але тут пытанне ў наступным: наколькі скасаванне смяротнага пакарання з'яўляецца ключавым для гуманітарнай этыкі?

Сам факт адсутнасці смяротнага пакарання мала што кажа пра стан чалавечнасці і маральнай развітасці грамадства. Такое пакаранне скасавана, напр. у Расеі (дэ-факта) і ў Туркменістане (дэ-юрэ і дэ-факта), але ці гатовы мы сказаць, што расейскае ці туркменскае грамадства больш гуманныя, чым, скажам ЗША ці Японія, дзе ўсцяж смяротнае пакаранне стасуецца?

Можна скасаваць смяротнае пакаранне, але пажыццёва трымаць злачынцаў у жудасных, нялюдскіх умовах. У гэтым выпадку, апроч падтрымлівання цярпення гэтых людзей, грамадства таксама мусіць аплочваць іх утрыманне, ахову, памяшканні, лекарскія паслугі ігд. А калі хочам скасаваць смяротнае пакаранне і пры гэтым гарантаваць для асуджаных больш-менш чалавечныя ўмовы жыцця ў зняволенні, то гэта спараджае шэраг дадатковых — арганізацыйных і маральных — пытанняў.

Згодзен з тым, што варта імкнуцца да такога грамадства, дзе нават серыйным злачынцам будзе гарантавана права на жыццё. Але не згодзен з тым, што гэта павінна стаць прыярытэтам №1 у сённяшняй «каштоўнаснай палітыцы». Па-першае, варта ўсведамляць, што забіваць можна рознымі спосабамі. Можна гэта рабіць імгненна (расстрэл, электрычнае крэсла, смяротная ін'екцыя), а можна змясціць чалавека ў такія ўмовы, што ён будзе паміраць паступова (рэгулярнае збіванне, калечанне, кармленне няякаснай ежай і г.д.).

Трэба лічыцца з тым, што скасаванне інстытуту імгненнага (фармальнага) смяротнага пакарання можа быць «кампенсавана» пашырэннем розных спосабаў нефармальнага смяротнага пакарання.

Па-другое, сарцавіна праблемы са смяротным пакараннем палягае не ў самім факце яго прымянення да рэальных злачынцаў, а ў рызыцы таго, што яно можа быць прыменена да нявінных людзей — або з-за памылкі суддзяў, або ў выніку тэндэнцыйнасці. А калі так, то варта задумацца, што сапраўды лепш: ці кінуць усе сілы на скасаванне смяротнага пакарання, ці на тое, каб імавернасць памылкі ў выпадку цяжкіх пакаранняў наблізіць да нуля?

Калі кінем усе сілы на дасягненне першага, а судовая сістэма ўсцяж будзе сістэматычна дапускаць памылкі, то канечны эфект будзе мала суцешным: замест людзей несправядліва асуджаных на смерць з'явяцца людзі несправядліва асуджаныя на пажыццёвую катаргу.

Падаецца, што больш разумным будзе засяродзіцца на другой задачы. Хоць мне асабіста хацелася б, каб у перспектыве ў нас не было смяротных пакаранняў, але пры гэтым лічу, што інстытут смяротнага пакарання ў межах добрай судовай сістэмы — гэта лепш, чым інстытут пажыццёвага зняволення ў межах кепскай судовай сістэмы.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.3 (оценок:6)