Ці зьбягуць беларускія карыстальнікі ў Рунет?

Рэгістрацыя інтэрнэт-выданьняў як СМІ — юрыдычнае афармленьне новай рэальнасьці ці наступ на свабоду слова? Ці зьбягуць беларускія карыстальнікі ў сацсеткі ці Рунет пасьля ўвядзеньня ідэнтыфікацыі на інтэрнэт-форумах? Што ўлады яшчэ могуць памяняць у законапраекце?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце на Радыё Свабода абмяркоўваюць мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі і генэральны дырэктар кампаніі «ТУТ БАЙ МЭДЫЯ» Людміла Чэкіна.

Дракахруст: У чацьвер Палата прадстаўнікоў ухваліла ў першым чытаньні зьмены ў закон аб СМІ. За прагаласавалі 98 дэпутатаў, супраць — 2. Тэма нашай сёньняшняй гутаркі — падводныя камяні новага закону, небясьпекі для мэдыяў, якія ён у сябе тоіць. Законапраект ужо выклікаў гарачую дыскусію ў грамадзтве. Я прапаную працягнуць яе. Першае чытаньне — не апошняя кропка, але прынамсі адна з апошніх.

Адзін з пунктаў новага закону — рэгістрацыя інтэрнэт-выданьняў. Яна паводле закону неабавязковая, але вельмі пажаданая. А фактычна працаваць без рэгістрацыі будзе немагчыма. Наколькі гэты пункт абцяжарыць жыцьцё інтэрнэт-выданьняў? А які цяпер іх прававы статус?

Людміла Чэкіна

Чэкіна: Праблема з новай рэдакцыяй закону — яго ня надта добрая прапрацоўка з пункту гледжаньня юрыдычнай тэхнікі. Большасьць маіх калегаў, юрыстаў у сфэры мэдыяў, лічаць, што інтэрнэт-сайты не прызнаныя паўнацэннымі СМІ. Яны нясуць абавязкі СМІ, але правамі СМІ яны фармальна не валодаюць. Гэта спрэчна. Зараз статус не зусім ясны.

Ёсьць і іншае меркаваньне. Калі зыходзіць з вызначэньня, якое даецца ў артыкуле 1 закону, пад фармальныя прыкметы СМІ падпадае большая частка сайтаў, якія распаўсюджваюць масавую інфармацыю. На мой погляд, з 2015 году, калі былі ўнесеныя апошнія зьмены ў Закон аб СМІ, якія ўжо дзейнічаюць, інтэрнэт-рэсурсы ў пэўнай ступені зьяўляюцца СМІ.

Праваўжывальная практыка гэта пацьвярджае, праваахоўныя органы ставяцца з павагай да нашага права захоўваць ананімнасьць крыніцаў.

Працаваць на масавых мерапрыемствах нам таксама даюць. Бываюць эксцэсы, але нават калі журналістаў інтэрнэт-выданьняў затрымліваюць, потым іх адпускаюць без складаньня пратаколаў.

Дракахруст: Фактычна значны сэгмэнт мэдыйнага поля — гэта менавіта інтэрнэт-выданьні. І нават тыя выданьні, якія маюць папяровую вэрсію, значная частка людзей успрымаюць як інтэрнэт-выданьні.

Для пераважнай часткі аўдыторыі «Нашай нівы» яна — сайт, а не папяровая газэта. Дык можа заканадаўца мае рацыю, калі прыводзіць юрыдычную форму ў адпаведнасьць з рэальнасьцю?

Быкоўскі: Я ня думаю, што варта так ставіць пытаньне. Лілія Ананіч, якая ў 2015 годзе прадстаўляла тагачасныя папраўкі ў закон аб СМІ, казала, што на інтэрнэт-выданьні распаўсюджваюцца ўсе правы СМІ, акрамя неабходнасьць рэгістрацыі.

Хаця па сутнасьці, як слушна сказала Людміла, распаўсюдзіліся абавязкі і далёка ня ўсе правы. Паводле дзейнага закону «журналіст — фізычная асоба, якая займаецца сборам інфармацыі для юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі СМІ». Адны разумелі, што на супрацоўнікаў інтэрнэт-выданьняў гэта распаўсюджваецца, іншыя — што не. Практыка і сапраўды была такая, што давалі магчымасьць акрэдытацыі.

Цяперашні законапраект уводзіць тэрмін «сеткавае выданьне», якое патрабуе рэгістрацыі. І тут ужо ўзьнікае неабходнасьць ствараць юрыдычную асобу, мець офіс і выконваць кваліфікацыйныя патрабаваньні да галоўнага рэдактара.

Індывідуальныя прадпрымальнікі і фізычныя асобы, якія стварылі большасьць інтэрнэт-выданьняў у Беларусі, проста ня здолеюць выконваць гэтыя патрабаваньні.

Яны хутчэй за ўсё застануцца ў статусе, які закон называе «інтэрнэт-рэсурсы». Працаваць без рэгістрацыі ім будзе магчыма, проста іх супрацоўнікі ня будуць лічыцца журналістамі.

Праўда, правы журналістаў у Беларусі незайздросныя. Запыт, які робіць рэдакцыя, выконваецца ў тыя ж тэрміны, што і запыт любой юрыдычнай асобы.

Дракахруст: А асьвятленьне масавых акцыяў, асабліва забароненых?

Быкоўскі: Так, гэта праблема. Але ёсьць прэцэдэнты, калі і статус журналіста не абараняе. Я маю на ўвазе, скажам, выпадак з карэспандэнткай вашага радыё Галінай Абакунчык, якая была затрыманая быццам бы як удзельніца акцыі, хаця яна мела акрэдытацыю пры МЗС.

Зараз рэгістрацыя непатрэбная тым, хто займаецца агрэгацыяй, забаўляльнай тэматыкай, тым, хто абмяркоўвае чужыя навіны. Расклад памяняецца, але я ня думаю, што фатальна.

Дракахруст: А зараз пра, так бы мовіць, больш фатальны пункт новага закону — абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Ці стала больш зразумела, як улады зьбіраюцца гэтую ідэнтыфікацыю рабіць? Ці залежыць ад таго, якой яна будзе, вынік дзеяньня новага закону?

Людміла, тут д’ябал хаваецца ў дэталях ці ў прынцыпе? Калі рэгістрацыя адбываецца праз акаўнт в сацсетцы — гэта страшна? Ці страшна — гэта калі рэгістрацыя праз смс на тэлефон? Ці наагул гэта страшна, як бы ні было?

Чэкіна: Я мяркую, што рэгістрацыя праз сацсеткі ня будзе прызнаная належнай ідэнтыфікацыяй карыстальніка. Мяркую, што будзе ўжыты досьвед выкананьня ўказу № 60 наконт рэгістрацыі карыстальнікаў сетак wifi. А гэта значыць — пацьвярджэньне праз смс.

Я ўпэўненая, што будуць адмоўныя наступствы ад увядзеньня гэтай нормы. Гэта адабʼецца на складзе ўдзельнікаў абмеркаваньняў на беларускіх сайтах.

Людзі, для якіх абмеркаваньні на форумах не зʼяўляецца надта важным, якія не супрацоўнікі фабрык троляў, яны ідэнтыфікавацца не захочуць. Інстынкт падказвае любому, што чым менш асабістых дадзеных ты недзе пакідаеш, тым большая твая бясьпека.

І на форумах беларускіх сайтаў застануцца тыя, хто «на працы», найперш гэта пэрсанал расейскіх «фабрыкаў троляў», у іх фінансаваньне больш. Ну і беларускія «фабрыкі троляў». І мы будзем назіраць адно дыскусіі гэтых цудоўных людзей паміж сабой.

Дракахруст: Некаторыя выданьні на Захадзе самі ўводзяць рэгістрацыю на сваіх сайтах, каб пазьбегнуць патоку зьнявагаў, флуду, флэйму, якія перашкаджаюць зьмястоўным дыскусіям.

Вось і мы ўвялі для камэнтароў да матэрыялаў на нашым сайце рэгістрацыю праз сацсеткі. Дык можа цяперашнія юрыдычныя навацыі — у рэчышчы сусьветных тэндэнцыяў?

Паўлюк Быкоўкскі

Быкоўскі: Яны дакладна ніяк ня ў рэчышчы сусьветнай тэндэнцыі. Рада Эўропы прыняла дэклярацыю аб свабодзе камунікацыі, дзе гаворыцца, што трэба паважаць жаданьне карыстальнікаў не раскрываць сваю асобу.

Ёсьць адмысловы дакладчык ААН, які ў 2015 годзе сфармуляваў, што ананімнасьць — звычайнае чалавечае жаданьне абараніць сваю асобу ад натоўпу. Права на ананімнасьць — гэта частка правоў чалавека на свабоду выказваньня і абарона прыватнасьці.

Дракахруст: А натоўп ананімных троляў не стварае пагрозы для сапраўднай свабоды выказваньня? Іх паток не забівае карысны сыгнал?

Быкоўскі: Калі казаць пра ананімны натоўп, то рэгістрацыя праз сацыяльныя сеткі — гэта рэгістрацыя з нікнэймамі. Рэгістрацыя тут ня робіць карыстальнікаў неананімнымі для іншых карыстальнікаў.

Я б тут крыху запярэчыў Людміле. Паводле ўказу № 60 у інтэрнэт-кафэ за пароль патрабавалі пашпарт. Потым гэта мянялася. Прыйшлі да дзьвюх нормаў — гэта смс-рэгістрацыя і рэгістрацыя праз сацыяльныя сеткі. У розных месцаў цяпер па-рознаму. Атрымаўся такі тлум і ўраду давядзецца выбіраць. Праўда, міністар Карлюкевіч і яго намесьнік Лёгкі называлі менавіта варыянт рэгістрацыі праз смс, але яны казалі, што гэта яшчэ не прынятая норма.

Дракахруст: І вы, Людміла, і ўладальнік парталу ТУТ.BY Юры Зісер, казалі пра шчыльную сувязь паміж аўдыторыяй рэсурсу і колькасьцю ўдзельнікаў форумаў. Хаця ўдзельнікі гэтых абмеркаваньняў — невялічкая доля ад тых, хто проста чытае рэсурс. Але там сапраўды шчыльная сувязь?

Чэкіна: Людзі, калі прыходзяць на інтэрнэт-рэсурс, вельмі часта іх мэтай зʼяўляецца пачытаць ня толькі навіны, але і абмеркаваньне артыкулаў. Я сама так раблю. Тых, хто арыентаваны толькі на форумы — іх мала. Але пераважна людзі прыходзяць і за тым, і за тым. Калі дыскусіі з прычыны гэтых адміністрацыйных забаронаў стануць ня надта цікавымі ці перацякуць у сацыяльныя сеткі, беларускія сайты страцяць ладную частку сваіх карыстальнікаў.

Я не магу сказаць, што адток будзе фатальным, але думаю, што большасьць будуць спажываць інфармацыю праз сацыяльныя сеткі, дзе ўсе асноўныя СМІ прысутнічаюць, і дзе можна весьці шырокае абмеркаваньне, не асьцерагаючыся за сваю бясьпеку.

Вы кажаце, што людзі будуць менш пісаць зьнявагаў, калі будзе ўведзеная ідэнтыфікацыя. Але закон ня будзе патрабаваць, каб вы пісалі камэнты пад сваімі рэальнымі імем і прозьвішчам.

Для большасьці чытачоў камэнтароў аўтары гэтых камэнтароў будуць працягваць выкарыстоўваць тыя ж нікнэймы і яны застануцца такімі ж ананімнымі.

Ананімнасьць зьнікне толькі адносна праваахоўных органаў. Праваахоўныя органы атрымаюць магчымасьць удакладніць усе дадзеныя любога карыстальніка, які пакіне камэнтар на беларускім сайце. Іншыя карыстальнікі будуць бачыць адно аватарку, нікмэйм, тут нічога ня зьменіцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)

Подпишитесь на еженедельную рассылку "Салiдарнасцi". Этот надежный канал, который позволяет читать наши новости и статьи даже в условиях блокировки сайта.