.

16.04.2018
Салiдарнасць, фота Дзіяна Серадзюк
Беларусы зладзілі дабрачынную акцыю для дзяцей з дрэнным зрокам

Навучэнцы дзвюх спецшкол у Мінску і Маладэчне атрымалі ў падарунак камплекты з беларускімі аўдыёкнігамі.

— Там ёсць сляпыя дзеці, ёсць тыя, якія вельмі дрэнна бачаць, і чытаць звычайныя кнігі яны ня могуць, — распавёў «Салідарнасці» супрацоўнік кампаніі PRASTORA.BY Міхась Башура. - Паводле праведзенага папярэдне даследавання, беларускіх аўдыёкніг у гэтых сем'ях няма. І таму ўстанова «МоцАрт», якая рэалізуе сацыяльныя і дабрачынныя праекты, звязаныя з інклюзіяй, прапанавала нам прыняць удзел у акцыі «Дорым радасць».

Мы, са свайго боку, ужо далі бясплатна пэўную колькасць аўдыёкніг і дапамагаем у пошуку сродкаў сярод сваіх сяброў і знаёмых прадпрымальнікаў.

Уручэнне падарункаў адбылося падчас святочных мерапрыемстваў для дзяцей 1-5 і 6-11 класаў з лекцыямі і майстар-класамі па беларускіх музычных інструментах, выступамі дудара, рыцарскімі баёўкамі, выставай і расповедамі пра беларускае ўзбраенне розных эпох.

Са слоў Міхася Башуры, на гэтым акцыя не закончыцца. Арганізатары плануюць ахапіць усе спецыялізаваныя школы для дзяцей з парушэннямі зроку.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:4)