.

20.03.2018
Антон Трафімовіч, Радыё Свабода
«Як у першыя дні пасьля Чарнобылю»

Як жывуць вяскоўцы каля новага цэлюлёзнага заводу.

7,4 мільёна рублёў — на такую суму ацанілі шкоду свайму здароўю і маёмасьці жыхары вёскі Якімава Слабада каля Сьветлагорску. За тры месяцы новы завод беленай цэлюлёзы выкінуў у паветра 113 тонаў шкодных рэчываў — у 23 разы больш за гадавую норму.

Галаўны боль, кашаль, удушша, кроў з носу — наступствы смуроду

Першы смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у пачатку лістапада 2017 году.

— Нагадвала першыя дні пасьля выбуху ў Чарнобылі. Усе чулі, што нешта адбылося, але ніякай інфармацыі насельніцтву не давалі. Людзі былі разгубленыя, — расказвае Тэльман Масьлюкоў, кіраўнік экалягічнай ініцыятыўнай групы грамадзянаў у Сьветлагорску.

Але слова «мэтыльмэркаптан» дырэктар Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату Юры Крук упершыню публічна выкарыстаў 23 студзеня — праз тры месяцы пасьля пачатку выкідаў. Улады і кіраўніцтва заводу звычайна выкарыстоўваюць фармулёўку «газ з кепскім пахам».

«Казаць, што мы ім атручваемся, напэўна, не зусім правільна», — цытуе Крука мясцовае выданьне «Ранак».

Іншае стаўленьне да газу ў жыхароў Якімавай Слабады. У розных людзей ён выклікаў галаўны боль, ваніты, удушша, у некаторых ішла кроў з носу.

— Нам сказалі, гэта ня шкодзіць. Галоўны ўрач быў. А майго мужа ванітуе. Дзярэ горла, кашаль. Дыхаць цяжка, — гаворыць Ала зь Якімавай Слабады, якая жыве недалёка ад новага заводу.​

​Яшчэ горшыя наступствы ў людзей, якія працуюць на новым заводзе. Сяргей працуе рабочым на старым цэлюлёзна-кардонным камбінаце — побач з новым заводам. Ён кажа, што адкрываў бальнічны ў дні, калі выкіды мэтыльмэркаптану траплялі ў ягоны цэх.

— Калі запускалі і вецер быў у наш бок, дыхаць было вельмі цяжка, — кажа Сяргей. — А ў дзяўчыны, якая пайшла працаваць на новы завод, ацякае гартань, зусім ня можа дыхаць, калі запускаюць завод. Гэта хімічна небясьпечна.

Завод будуецца на ўказ Лукашэнкі

У 2012 годзе ўлады заявілі, што каля Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату (СЦКК) паміж горадам і Якімавай Слабадой пабудуюць новае прадпрыемства — завод беленай цэлюлёзы. На старым Сьветлагорскім ЦКК вырабляюць цэлюлёзу, прыдатную толькі для тэхнічных гатункаў паперы і кардону. Беленую цэлюлёзу даводзіцца імпартаваць, бо з 13 дзейных цэлюлёзна-папяровых прадпрыемстваў яе ніводнае не выпускае.

Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт.

Новы завод мае ўладкаваць каля 500 чалавек. Частка іх, як чакаецца, пяройдзе са старога прадпрыемства, а яшчэ пару соцень работнікаў — гэта новыя працоўныя месцы.

Першапачаткова праект ацэньваўся ў 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі — таксама кітайцы, кампанія САМС. Кіраўніцтва кампаніі запэўнівае, што ўкладзеныя ў завод грошы хутка акупяцца. Штогадовы валютны даход ад экспарту беленай цэлюлёзы яны ацэньваюць у 400 мільёнаў даляраў.

Аднак людзей, што жывуць побач з новым заводам, цікавіла найперш яго бясьпечнасьць і экалягічнасьць. У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва. Галоўная прэтэнзія — на прадпрыемстве зьбіраюцца вырабляць цэлюлёзу з выкарыстаньнем хлёру. Гэта тэхналёгія, якая ўжо не выкарыстоўваецца пры будаўніцтве новых прадпрыемстваў.

Жыхары Сьветлагорскага раёну падавалі ў суд на цэлюлёзна-кардонны камбінат — замоўніка новага заводу. Таксама зьвярталіся ў Адміністрацыю прэзыдэнта, бо праект зыходзіў акурат з указу Аляксандра Лукашэнкі. Адміністрацыя запэўніла, што экалёгія гораду не пацерпіць, а суд адхіліў пазоў, таму што хлёрная тэхналёгія адбельваньня цэлюлёзы не забароненая законам.

Ад заводу да першых дамоў Якімавай Слабады – 350 мэтраў

«Хлёрная» цэлюлёза на 20% таньнейшая, але небясьпеку нясуць шкодныя выкіды. Найперш — мэтыльмэркаптану. Кіраўніцтва заводу пераконвала і працягвае запэўніваць, што новы завод будзе экалягічна чыстым.

Газу не фіксавалі, бо няма прыбораў, якія яго выяўляюць

Толькі пасьля таго, як горад і Якімаву Слабаду стала накрываць смуродам мэтыльмэркаптану, адміністрацыя заводу разаслала па кватэрах улёткі, дзе абяцала, што «рэчываў з кепскім пахам» падчас працы заводу ня будзе. Але як называюцца гэтыя рэчывы і што рабіць, калі ад іх становіцца блага, дагэтуль у горадзе ніхто не растлумачыў.

У студзені экалягічная ініцыятыва атрымала адказ Рэспубліканскага цэнтру гідрамэтэаралёгіі, кантролю радыеактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя. У ім гаварылася, што пахі у ваколіцах Сьветлагорску — гэта складаныя арганічныя злучэньні, «вызначэньне канцэнтрацый якіх не ўваходзіць у акрэдытацыю мясцовай лябараторыі».

У Сьветлагорску працуе шмат людзей хімічных спэцыяльнасьцяў. Яны першыя і агучылі, што сьмярдзючыя пахі — гэта менавіта мэтыльмэркаптан.

— Па паху дасьведчаныя хімікі могуць вызначыць яго без прыборнага абсталяваньня. Яшчэ ў лістападзе ад хімікаў, эколягаў і мэдыкаў паступалі меркаваньні, што гэта менавіта мэтыльмэркаптан, — кажа Тэльман Масьлюкоў.

Сьмярдзючы газ — гэта мэтыльмэркаптан. Ён утвараецца пры варцы цэлюлёзы. Паводле тэхналёгіі газ павінен спальвацца ў спэцыяльным катле. Як тлумачыць Юры Крук, падчас пусканаладачных работ хімікатаў было недастаткова, каб запусьціць кацёл. Таму шкодныя газы выкідаліся ў атмасфэру.

На заводзе кажуць пра мінімальную колькасьць выкідаў. Але якая доля мэтыльмэркаптану трапіла ў паветра, невядома. Справа ў тым, што на новым заводзе дагэтуль няма газааналізатара — прыбора, які вызначае колькасьць шкодных газаў у выкідах. Сьветлагорскі занальны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі, напрыклад, штотыдзень публікуе справаздачу пра забруджанасьць паветра. Але мэтыльмэркаптан там не фігуруе, бо раней у Беларусі такіх выкідаў не было і ніхто не замяраў гэты газ.

— Ні заказчык, ні прыродаахоўным санітарныя ўстановы, ні кіраўніцтва раёну да пачатку запуску не падумалі, што трэба замовіць мэтодыку выяўленьня газаў, якія могуць быць выкінутыя ў атмасфэру, — кажа Тэльман Масьлюкоў.

«У вялікай дозе можа выклікаць сьмерць»

Мэтыльмэркаптан — небясьпечны газ. «Рэчыва можа ўсмоктвацца ў арганізм пры ўдыху. Яно раздражняе вочы, скуру і дыхальныя шляхі. Удыханьне газу можа выклікаць ацёк лёгкіх. Рэчыва можа ўзьдзейнічаць на цэнтральную нэрвовую сыстэму. Узьдзеяньне ў вялікай дозе можа выклікаць сьмерць», — пішуць пра яго хімічныя даведнікі.

Беларускія мэдыкі раней не сутыкаліся з узьдзеяньнем мэтыльмэркаптану, а ў Расеі яго пачалі дасьледаваць яшчэ ў 1990-я. Гэтай тэмай даўно займаецца Юры Кавальскі, загадчык катэдры ў Далёкаўсходнім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце. У сваіх дасьледаваньнях ён піша, што ўзьдзеяньне мэтыльмэркаптану на вытворчасьці прыводзіць да паталёгій органаў, у тым ліку падвышэньня колькасьці захворваньняў на рак.

Асабліва ўразьлівыя да мэтыльмэркаптану дзеці. У гарадах, дзе працуюць цэлюлёзныя камбінаты з выкідам гэтага газу, у дзяцей узьнікае адставаньне ў фізычным і псыхічным разьвіцьці, росьце і вазе. Таксама ў іх падвышаная захваральнасьць нэрвовай, касьцёва-цяглічнай, мочавыводнай сыстэмаў і органаў страваваньня. Такія высновы зрабіў у сваёй доктарскай дысэртацыі Віталій Філонаў, які таксама працуе ў Далёкаўсходнім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце.

На заводзе запэўніваюць — выкідаў мэтыльмэркаптану ня будзе, калі завод пачне працаваць на поўную моц. У лютым Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя і прыродных рэсурсаў паведаміла, што завод ня будзе прыняты ў эксплюатацыю, калі там будуць парушэньні. Аднак мясцовыя ўсё адно не давяраюць афіцыйным адказам. Асабліва пасьля замоўчваньня пра выкіды мэтыльмэркаптану.

— Кожны чалавек мае права на праўдзівую інфармацыю пра тое, што там адбываецца, — кажа Алена Масьлюкова, прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» ў Сьветлагорску. — На абарону свайго жыцьця і сваіх блізкіх. Але дзяржава да іх не прыслухоўваецца.

Ніводнага задаволенага няма, але людзі баяцца гаварыць

«Без камэнтароў» — самы часты адказ жыхароў Якімавай Слабады, калі яны бачаць тэлекамэру.

Не пад запіс яны скардзяцца на завод, які выкідваў смурод; улады, што ніяк не рэагуюць на дрэнную экалёгію, на працадаўцаў, якія палохаюць звальненьнем за любыя інтэрвію. Адзін чалавек нават параіў увогуле нічога не пісаць, а хутчэй зьехаць са Слабады, «каб не было праблем».

— Змагаюцца ў асноўным пэнсіянэры, — кажа Алена Масьлюкова. — Людзі працаздольнага ўзросту таксама супраць, але яны не выступаюць адкрыта.

80-гадовы Вадзім Васільевіч, мясцовы мастак, гаварыць не баіцца, бо яго ўжо «Бог кліча». Больш як 20 гадоў таму ён пераехаў у Якімаву Слабаду з забруджанай радыяцыяй зоны. Зараз, кажа ён, тут будзе іншая пляма забруджваньня.

— Ніводнага задаволенага няма, але людзі баяцца гаварыць. Калі сьмярдзела, я паехаў у горад. У кантору зайшоў, а там чалавек шэсьць сядзяць. Пытаюся ў іх: «Чаму Слабада бастуе, а вы маўчыце» Кажуць: «Паскардзімся — нас выганяць». Напалохалі людзей.

Таксама не на камэру скарадзіцца былы аўганец зь Якімавай Слабады. На працы, кажа ён, папярэдзілі, каб ён «не раскрываў рота».

— Я за сябе ўжо не баюся. За дзяцей і ўнукаў страшна. Мае суседзі, калі тут сьмярдзела, у Рэчыцу дзяцей адвозілі — за 60 кілямэтраў. Бо пах гэты стаяў паўсюль навокал — і ў Баравіках, і ў Стракавічах.

У Якімавай Слабадзе разумеюць, што завод, у які ўклалі больш за 700 мільёнаў даляраў, ніхто не закрые.

— Адзіны варыянт, што кіраўніцтва памяняе фільтры і наладзіць вытворчасьць, — кажа мясцовы жыхар Раман. — Пахне ж ня толькі простым людзям. Але і ўсім, хто жыве ў Сьветлагорску — чыноўнікам з выканкаму ў тым ліку. З другога боку, у нас народ прызвычаіўся да таго, што дрэнна пахне.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.4 (оценок:11)