14.03.2018
Дзьмітры Гурневіч, Радыё Свабода
Беларусы сярод самых нелюбімых народаў у палякаў

Польскія інтэлектуалы тлумачаць чаму.

Адна з найбуйнейшых польскіх сацыялягічных лябараторыяў «Цэнтар дасьледаваньня грамадзкай думкі» (CBOS) правяла дасьледаваньне наконт сымпатыяў палякаў да іншых народаў. Беларусы апынуліся ў канцы сьпісу.

На першым месцы — чэхі і італьянцы. 44% палякаў ставяцца да іх з сымпатыяй. Далей амэрыканцы, ангельцы (43%), славакі і вугорцы (42%), гішпанцы (40%) і іншыя. Больш, чым беларусаў, палякі любяць японцаў, літоўцаў, латышоў, кітайцаў, габрэяў, украінцаў, віетнамцаў. Беларусы занялі ў сьпісе пятае месца з канца з 21%.

Пасьля беларусаў апынуліся сэрбы, расейцы, цыганы і арабы.

У стаўленьні да беларусаў сацыёлягі зафіксавалі адно з самых вялікіх падзеньняў сымпатыі — на 16% за год. На столькі ж сымпатыя палякаў зьменшылася толькі да немцаў.

Чаму стаўленьне да беларусаў у Польшчы так рэзка пагоршылася і чаму суседзі, зь якімі ў палякаў няма сур’ёзных гістарычных і сучасных канфліктаў, апынуліся ў канцы сьпісу сымпатыяў? З такім пытаньнем Свабода зьвярнулася да польскіх інтэлектуалаў.

Катажына Квяткоўска-Маскалевіч, рэпартэрка, аўтарка кнігі «Забіць цмока. Украінскія рэвалюцыі»:

​— Расейцаў мы ня любім за Катынь, украінцаў — за Валынь, немцаў і габрэяў за змову пад кодавай назвай «польскія лягеры сьмерці». Толькі падзеньне сымпатыі да беларусаў немагчыма растлумачыць справядлівай крыўдай.

Беларусаў у нашым рэгіёне любяць практычна ўсе. Сяброўка зь Менску расказвала мне неяк, што падчас падарожжа па канфліктных Балканах яе паўсюль сустракалі з сымпатыяй. У Сэрбіі за сэрбска-беларуска-расейскі саюз праваслаўных славянаў, якому «беларусы ня здрадзілі, як подлыя ўкраінцы».

У Харватыі беларусаў успрымалі як апазыцыянэраў, якія пакутуюць ад апошняй дыктатуры Эўропы. Яны былі добрыя для ўсіх. І калі мы пагаджаемся з тым, што беларусаў нельга не любіць, то падзеньне сымпатыі сьведчыць аб тым, што палякі, на жаль, ня любяць нікога. І гэта сур’ёзная праблема, бо той, хто нікога ня любіць, насамрэч ня любіць і сябе.

Мірослаў Янковяк, беларусіст:

​— Я думаю, што ў СМІ пашыраецца толькі нэгатыўны вобраз Расеі і Беларусі. Большасьць палякаў, за выключэньнем Падляшша, якое зарабляе на беларускім шопінгу, ня мела нават магчымасьці пазнаёміцца зь беларусамі. Калі палякі чуюць беларускую мову, то яны не адрозьніваюць яе ад расейскай або ўкраінскай. Думаю, што такі вынік апытаньня сьведчыць найперш пра няведаньне краіны, культуры і гісторыі, саміх беларусаў.

Земовіт Шчэрэк, пісьменьнік і журналіст:

​— Палякі ня шмат ведаюць пра беларусаў, апрача таго, што гэта нейкі варыянт «рускіх». Украінцам з гэтага стэрэатыпу ўдалося вырвацца, а беларусам — не. Але нават тыя палякі, якія нешта ведаюць пра Беларусь, ня ведаюць, хто такі беларус: гіпстэр зь Менску, які настойвае на тым, каб размаўляць па-беларуску і носіць бел-чырвона-белы сьцяг, або постсавецкі чалавек, якому беларускасьць прышчапіў ужо Лукашэнка, зрабіўшы чыстымі вуліцы і раёны, увёўшы «парадак», чым беларус ганарыцца, бо гэта адрозьнівае яго ад украінца і расейца.

Але праўда ў тым, што героямі гэтага сумнага апытаньня зьяўляюцца ня тыя, хто нешта ведае, а тыя, хто «ня любіць беларусаў», бо агулам «ня любіць рускіх», у рамках дурной лініі ўлады ПіСу. Выказваць публічна кепскія ацэнкі ў адрас іншых народаў у Польшчы ўжо ня лічыцца дрэнным тонам. Гэта элемэнт «адрынаньня дыктатуры палітычнай карэктнасьці» і «ўставаньня з каленяў».

Але ёсьць і пазытыўны бок. З майго досьведу вынікае, што нават калі тэарэтычна паляк «ня любіць рускіх», то калі даходзіць да справы, калі палякі знаёмяцца зь імі, то ня толькі любяць, а нават хваляцца імі ў сяброўскім коле.

Агнешка Рамашэўска-Гузы, дырэктарка «Белсату»:

​— Галоўная прычына ў тым, што палякі проста ня ведаюць, хто такія беларусы. Падчас выбараў пра Беларусь яшчэ больш-менш згадваюць, але гэта ўсё мінула. Сёньня Беларусьсю ў Польшчы мала хто цікавіцца.

Палякі заўсёды казалі: «Рускія гандлююць на рынку», але ў нас мала хто разьбіраўся, расейцы гэта, беларусы або ўкраінцы. Ніколі не гаварылася пра беларусаў. Беларусь асацыюецца ў большасьці з Лукашэнкам. Палякі ня любяць Лукашэнку, і гэтую нелюбоў хтосьці можа перакладаць на беларусаў. Калі ў грамадзкім і палітычным жыцьці ў Польшчы адбываецца нешта заганнае, то гэта называюць «беларускімі стандартамі» або «як у Беларусі». Але нейкіх прычынаў для такой істотнай зьмены сымпатыі я ня бачу. Я ўвогуле лічу гэта малаверагодным. Гэта нешта нерэальнае. Палякі проста нічога ня ведаюць пра Беларусь і беларусаў.

Якуб Маймурэк, палітычны камэнтатар:

​— Гэтае апытаньне паказвае радыкальнае падзеньне сымпатыі палякаў да прадстаўнікоў амаль усіх нацыянальнасьцяў. Можна дапусьціць, што гэта вынікае з росту ксэнафобскіх і нацыяналістычных настрояў, якія натхняюць ПіС і СМІ, якія падтрымліваюць уладу.

Цяжка сказаць, чаму беларусы апынуліся так нізка. Цягам апошніх гадоў у нас не было моцнай антыбеларускай прапаганды. Польшча не вядзе зь Беларусьсю — адной зь нямногіх суседак — ніякай «вайны памяці», няма ніякай спрэчкі на ніве гістарычнай палітыкі. У адрозьненьне ад украінцаў, няма вялікай беларускай эканамічнай эміграцыі, што патэнцыйна магло б быць прычынай нацыяналістычнай агітацыі. Можа, прычына ў тым, што Беларусь часта асацыююць з Расеяй, палітыка якой выклікае хваляваньне ў Польшчы.

Беларусь таксама мае імідж беднай і адсталай краіны, якой кіруе гратэскавы дыктатар. А магчыма, віна і ў слабай «мяккай сіле» Беларусі ў Польшчы. Аднак, нават беручы ўсё гэта пад увагу, я ня толькі засмучаны такой лічбай, але і зьдзіўлены.

***

Дасьледаваньне праводзілася цягам першага тыдня лютага. У ім узялі ўдзел 1057 чалавек. У апытаньні людзі з вышэйшай адукацыяй часьцей выказвалі станоўчае стаўленьне да іншых народаў, радзей казалі пра нелюбоў да іншых народаў. Таксама часьцей пра сымпатыю да іншых народаў казалі жыхары вялікіх гарадоў, людзі з высокімі даходамі, моладзь, атэісты, прыхільнікі левых партыяў.

У Цэнтры дасьледаваньня грамадзкай думкі зьвяртаюць увагу, што леташняе дасьледаваньне паказала нетыповы вынік, які сьведчыць пра вельмі вялікі рост сымпатыі палякаў да іншых народаў. «Таму апошнія вынікі трэба ўспрымаць як пэўную папраўку леташніх», — пішуць аўтары дасьледаваньня.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.3 (оценок:35)