.

23.02.2018
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода
Ці выгадна ў Беларусі займацца кветкавым бізнэсам?

Шматлікія крамы прапануюць таньнейшыя айчынныя ружы і даражэйшыя прывазныя. Ці выгадна займацца кветкавым бізнэсам у Беларусі? Якія рызыкі для вытворцаў і прадаўцоў? Карэспандэнт Свабоды шукаў адказы на гэтыя і іншыя пытаньні.

Беларусь імпартавала ружаў на 107 мільёнаў даляраў

Паводле афіцыйнай статыстыкі Белстату, у мінулым годзе Беларусь імпартавала ружаў на 107 мільёнаў даляраў (амаль 304 мільёны штук). Параўнальна з папярэднім пэрыядам рост па сукупным кошце — у 2,4 раза, а па колькасьці — у 2,9 раза. Найбольшая колькасьць ружаў, якія трапілі на беларускі рынак, вырашчаная ў Эквадоры (на 76,5 мільёнаў даляраў).

Паводле Эўрастату, Беларусь уваходзіць у топ-4 пакупнікоў ружаў з Эўразьвязу (аб'ём: мільёны ў студзень-красавіку 2017).

Але частка таго, што ўвозіцца ў Беларусь, потым ідзе на рээкспарт. Так, у 2017 годзе зь Беларусі вывезьлі ў тым ліку ў Расею 296 мільёнаў штук сьвежых ружаў.

«Разоў у пяць ружа можа ў цане ўзьляцець, пакуль сюды даедзе»

Імпартам кветак у Беларусь займаецца шэраг кампаній, сярод якіх каля пяці буйных. Прадстаўнік адной з такіх кампаній, якая займаецца аптовым продажам, на ўмовах ананімнасьці распавёў карэспандэнту Свабоды пра асаблівасьці бізнэсу.

— Які сабекошт прывазной ружы?

— Ружа можа каштаваць на плянтацыі ў Эквадоры ўмоўна ад 15 цэнтаў за штуку. Але пакуль яна сюды даедзе, яе кошт можа дасягнуць паўтара і двух рублёў — у залежнасьці ад таго, якімі шляхамі кветка сюды ехала. Разоў у пяць яна можа ў цане ўзьляцець, параўнальна зь першапачатковым коштам недзе ў Эквадоры.

А потым ты робіш сваю гандлёвую надбаўку і прадаеш гэтыя кветкі ў опт. Пакупнікі ставяць тавар у свае крамы і прадаюць канчатковым спажыўцам яшчэ ў два-тры разы даражэй.

— У чым асноўныя рызыкі вашага бізнэсу?

— Вельмі шмат бюракратыі і папяровай працы. Вельмі высокія тарыфы, каэфіцыенты. Гэта прадукцыя, якая хутка псуецца. Таму якія могуць быць рызыкі?

Тое, што машына не прайшла своечасова мытню, яе затрымалі. Ты спазьніўся і прывёз сабе фуру кветак не 8 сакавіка, а 9 сакавіка. І ў выніку ўсе гэтыя кветкі ясі, груба кажучы, на сьняданак, абед і вячэру.

Другі момант: ты прывёз і выставіў неканкурэнтную цану на рынку. І ў выніку ты таксама застаўся з кветкамі.

Трэці момант: можа прыехаць брак, і будзеш займацца рэклямацыямі. А плянтацыі табе ніколі не кампэнсуюць поўнасьцю кошт кветкі, а толькі кошт кветкі на плянтацыі. А транспартныя выдаткі кладуцца на цябе. То бок рызыкі хапае.

«Гэта вельмі рызыкоўны бізнэс»

Ружы ў Беларусь паступаюць з Галяндыі, Эквадора, Кеніі і іншых краін. Звычайны шлях — праз Галяндыю. Там прадукцыю апрацоўваюць, а потым ужо грузяць у фуры — у Беларусь яны трапляюць праз мяжу зь Літвой ці Польшчай.

Кветкавая фэрма ў Кеніі рыхтуе ружы да адпраўкі ў Эўропу да Дня сьвятога Валянціна

Але чаму беларускія аптавікі займаюцца такім рызыкоўным імпартам кветак?

— Прычынаў некалькі. Бізнэс вядзецца ўжо некалькі гадоў. А пабудаваць цяпліцы, каб заняцца вырошчваньнем у Беларусі, гэта затратна, — працягвае прадстаўнік адной з буйных кампаній-імпартэраў кветак у Беларусь, які пажадаў застацца неназваным. — Імпартная ружа, як правіла, даражэйшая, чым беларуская. У залежнасьці, канешне, ад гатунку, плянтацыі, вышыні. Але ў яе ёсьць свае перавагі. Яна даўжэй стаіць, выглядае зусім іначай, у яе больш адценьняў і колераў, большы бутон. То бок ёсьць розныя варыяцыі па гатунках. Ёсьць такія ружы, якіх тут пры ўсім сваім жаданьні ня вырасьціш.

Прыбытак ад гандлю імпартнымі кветкамі ёсьць, але не заўсёды, расказвае Свабодзе прадстаўнік кампаніі «PaksFloris»:

— Гэты тавар хутка псуецца. Калі мы не прадалі фуру кветак, то праз тыдзень яна ўжо нікому не патрэбная. А бывае — прадасі, як цяпер было на сьвята 14 лютага. Ёсьць такое меркаваньне, што гэта такі прыбытковы бізнэс. Магчыма, гэта раней так і было, але цяпер зусім іначай. Канкурэнцыя павялічылася, у тым ліку з боку мясцовых вытворцаў. Народ цяпер ня вельмі моцны фінансава. І ня факт, што ты прадасі тое, што закупіў. І праз два тыдні выкінеш усё на сьметнік. Таму прыбытак не заўсёды можа быць. Гэта вельмі рызыкоўны бізнэс.

Кветкавы сьлед у справы аршанскіх мытнікаў

Тое, што кветкі хутка псуюцца, як паказвае практыка, можа быць прычынай парушэньняў. Пра гэта сьведчыць нядаўняя справа з ашмянскімі мытнікамі, якія, паводле абвінавачваньня, за хабар бесьперашкодна прапускалі аўтамабілі з кветкамі ў адрас пэўных фірмаў.

Паводле сьледзтва, сумы адлічэньняў за аўтамабіль з кветкамі складалі ад 100 да 200 даляраў.

Колькі кветак вырасьцілі ў Беларусі? «Гэта затратная справа»

Беларускія вытворцы кветак ужо ня першы год вырошчваюць у сваіх цяпліцах кветкі на продаж, у тым ліку і ружы.

Паводле Белстату, у мінулым годзе беларускія вытворцы вырасьцілі 18,7 мільёнаў кветак і кветкавых бутонаў. У 2016 годзе было 16,5 мільёнаў. Рост склаў 113%. На жаль, агульнай статыстыкі па колькасьці ружаў не вядзецца.

Ці выгадна вырошчваць ружы ў Беларусі? Гэтай справай займаюцца як дзяржаўныя, так і прыватныя прадпрыемствы.

Прадстаўніца УП «Менскі парнікова-цяплічны камбінат» Людміла Кавальчук сказала карэспандэнту Свабоды, што сабекошт вырошчваньня адной ружы складае прыблізна 1 рубель 50 капеек.

— У Беларусі гэта затратная справа з прычыны кошту энэрганосьбітаў. Кветкі ж трэба абаграваць зімой, а кошт энэрганосьбітаў у Беларусі адчувальны. У зімовы час у сабекошце гародніннай прадукцыі кошт энэргарэсурсаў складае 70%. Гэта тычыцца і ружаў. Вы бачыце, якія цяпер змрочныя дні, а дасьветка — гэта дарагая прыемнасьць. Але калі пачынаеш сьвяціць, то кветкі лепш растуць, выцягваюцца, атрымліваецца лепшы бутон.

— Навошта ў Беларусі вырошчваць ружы?

— Перапрадаваць заўсёды выгадней. Але я патрыёт сваёй краіны і лічу, што ўсё трэба вырабляць самім. У нас працуе 300 чалавек. А купіць-прадаць — гэта адзін-два чалавекі.

Колькі каштуюць ружы

У Менску ў краме «ДорОрс» ружы прадаюць у залежнасьці ад вышыні ствала — ад 1 рубля 30 капеек (нестандарт, ніжэй за 30 см) да 3 рублёў 30 капеек за штуку. У крамах «Гранфлор» прапануюць галяндзкую і эквадорскую ружу па цане ад 5 рублёў да 8 рублёў. Аднак у інтэрнэт-крамах галяндзкую і эквадорскую ружу можна набыць ад 1 рубля 90 капеек да 7 рублёў.

«Ніводная вытворчасьць не дае такога прыбытку»

У фэрмэрскай гаспадарцы «Вячэрні зрэз» з Мазырскага раёну працуе 12 чалавек. Яна спэцыялізуецца на вырошчваньні ружаў. Гаспадар Ігар Ракіцкі разважае пра асаблівасьці бізнэсу.

— Сваіх тэхналёгій у нас няма, у асноўным выкарыстоўваем галяндзкія. Любая прагрэсіўная тэхналёгія, якую я хачу сюды прывезьці, з усіх бакоў абкладзецца падаткамі і мытам. Кошт узрасьце прыкладна на 80%. У гэтым годзе мне дзяржава выдзеліла беспрацэнтную пазыку — 0 рублёў 0 капеек. Пра што можна казаць? Я б мог набыць за свае сродкі, а як мне растаможыць, падаткі заплаціць? Таксама за свае сродкі?

— Які сабекошт адной кветкі?

— Адказаць складана, бо прэзыдэнт штогод хоча загнаць усё ў пэўныя рамкі. Я не хачу на гэтую тэму гаварыць. Але пры правільным падыходзе прыбытак можа скласьці прыблізна 85–90% ад укладзеных сродкаў. Ніводная іншая вытворчасьць не дае такога прыбытку.

Напрыклад, узяць такую арганізацыю, як «ДорОрс». Яны ўзялі ў «бацькі» некалькі дзясяткаў мільёнаў. Вырасьцілі прадукцыю па заходніх тэхналёгіях, мяркую, што не па сёньняшніх. І сабекошт прадукцыі стаў каля 25 цэнтаў за адзін ствол. Гэта добры сабекошт. Гэта дае каля 70% прыбытку. Але якасьць прадукцыі была такая дрэнная, што яны прадалі сабе на страту і не зарабілі, грошы праелі.

— Але, напрыклад, на менскім вакзале — там толькі іхныя крамы...

— Там пакупнік стаіць толькі дзеля цаны. Там не працуюць флярысты, там няма мастацтва. І ў сытуацыі, якая склалася, мае калегі ня лічаць іх канкурэнтамі. Я ўжо гэтай справай займаюся 12 гадоў. Яны займаюцца гадоў 4–5. А я іх канкурэнтамі не лічу. Мае канкурэнты — прывазны тавар, бо там высокая якасьць.

— Што азначае высокая якасьць?

— Ну, гэта кшталту сабралася замуж у 20 гадоў і ў 120 гадоў. Розьніца вялікая, хоць нібыта ўсё аднолькавае.

«Наша ружа па якасьці лепшая, чым імпартная»

Намесьніца дырэктара па эканоміцы прадпрыемства «ДорОрс» Ларыса Кавалёва сказала карэспандэнту Свабоды, што сабекошт адной ружы ў іх не 25 цэнтаў, а значна больш. Інакш была б іншая цана.

«Мы не працуем стратна. Цяпер нашу ружу ў залежнасьці ад памеру мы прадаём па цане ад паўтара да двух рублёў. Мы лічым, што наша ружа па якасьці лепшая, чым імпартная. Яна даўжэй стаіць, больш сьвежая і не саступае па зьнешнім выглядзе. Усё, што мы вырасьцілі на трох з паловай гектарах, мы прадаём самі і толькі на ўнутраным рынку, — кажа намесьніца дырэктара «ДорОрс».

«Гэты бізнэс можа стаць нерэнтабэльным»

Прадстаўнік іншага вытворца беларускіх ружаў ТАА «Дона Роза» Ўладзімер Дабрынін сказаў у размове са Свабодай, што ўсе беларускія вытворцы ня могуць забясьпечыць ні даволі нізкую цану, ні вялікую колькасьць кветак.

— Сабекошт кветак такі, што нашы хоць і таньнейшыя, але ўсё ж блізкія да імпартных. Вырабляць ружы ў апошнія гады становіцца ўсё менш выгадна з прычыны дарагога газу і электраэнэргіі. Імпартныя кветкі да нас таксама прывозяць з Расеі, шмат нелегальна — канкураваць зь імі цяжка. Калі будзе так працягвацца далей, то гэты бізнэс будзе проста нерэнтабэльны, — кажа прадстаўнік вытворца.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.9 (оценок:9)