21.02.2018
Дашкевіч: «Кожнае маё «пажалуйста» і «спасіба» на крок набліжае да прадказанай ЮНЕСКА смерці беларускай мовы»

Зміцер Дашкевіч піша ў Фэйсбуку пра тое, чаму віна за сённяшні стан беларускай мовы ляжыць на патрыётах беларускай мовы.

«Дзень роднай мовы – добрая нагода паразмаўляць пра тое, хто вінаваты і што рабіць? Я прыхільнік таго, каб мы рэчы называлі сваімі імёнамі.

Прыемна гэта ці не, паліткарэтна ці радыкальна, але так ёсьць: сучасная беларуская дзяржава дваццаць тры гады здзяйсьняе этнацыд беларускага народу. Адно тое, што ў Беларусі па-беларуску вычыцца 0,3% студэнтаў ВНУ – адно гэта прысуд кіраўніцтву краіны.

Прыклады этнацыду беларусаў «беларускай» жа дзяржавай можна прыводзіць бясконца. Чаму ніводны дакумент у дзяржустанове не дублюецца па-беларуску? Чаму ніводны чыноўнік не размаўляе са мной па-беларску, калі я да яго на мове зьвяртаюся? Чаму бацькі вымушаны ваяваць за беларускамоўныя садочкі? Чаму 10-мільённы беларускі народ ня мае ніводнай беларускамоўнай ВНУ? А вы чыталі сьведчаньні пра беларускамоўных дзяцей, сабраныя Вадзімам Пракопчыкам і Аляксандрай Баярынай? Як назваць такую палітыку? Давайце прызнаемся, гэта этнацыд.

Але, з іншага боку, пра што мы размаўляем? Ці не пра дзяржапарат, які з 94-га будуецца на нянавісьці да беларушчыны? Ці не пра тых, хто ў 95-ым драў сьцяг і нішчыў мову? Ці ня глупа гэта, пра беларускую мову спытваць з ненавісьнікаў беларускай мовы? Дык а з каго спытваць? – рэзонна запярэчыць чытач. А я вам скажу сваю версію. «Каму шмат дадзена, з таго шмат спытана будзе», – гаварыў Хрыстос.

Перакананьне, да якога я йшоў гадамі, прагучыць для кагосьці жорстка, але я ў гэтым пэўны: віна за сёньняшні стан беларускай мовы ляжыць перадусім на патрыётах беларускай мовы. Сітуацыя, калі прыхільнік мовы мову любіць, але на ёй не размаўляе – гэта невытлумачальна, бо як можна любіць свайго дзіцёнка і даць яму камень замест хлеба? Сітуацыя, калі беларускамоўны чалавек беларускамоўны толькі ў публічнай прасторы (офісе, імпрэзе, з журналістамі і гд) – гэта невытлумачальна, бо разумны чалавек паводзіць сябе непасьлядоўна. Я назіраю ці не штодня, як беларускамоўны ў краме кажа «дайце пажалуста», дастаўшчыку піцы – «спасіба бальшое», любому майстру – «ізьвініце, памагіце». Калі этнацыд беларусаў ворагамі Беларусі хоць неяк можна патлумачыць, як патлумачыць гэта?

Зразумейце мяне правільна, я нікога не хачу абвінаваціць: я ведаю, што такое раптам і паўсюль перайсьці на мову – я сам у 20 год праходзіў ломку сваіх савецкіх комплексаў. Сядзіш ты такі ў маршрутцы і кажаш «астанавіце пажалуста», а потым выходзіш – і аж нешта баліць унутры, так млосна ад двудушша. У нейкі момант я зразумеў: кожнае маё «пажалуйста» і «спасіба» на крок набліжае да прадказанай ЮНЕСКА сьмерці беларускай мовы.

Тады я вырашыў пайсьці супраць патоку. І як радасна, калі цягам гэтай хады заўсёды яшчэ нехта разварочваецца і праходзіць пару крокаў з табою: у лазьні палова парыльшчыкаў імкнецца ўставіць пару словаў па-беларуску, калі я з моўнымі каментамі паддаю пары; на прамзоне незнаёмыя людзі кажуць «Жыве Беларусь!» і «як прыемна», калі чуюць мову ад простых хлопцаў з піларамы(с). Бо мова мяняе сьвядомасьць, а потым мяняе рэальнасьць.

Дык гаманіце на мове заўсёды, з усімі і пасюль, і вы адразу ўбачыце, як мяняецца рэчаіснасьць вакол вас – гэта Беларусь становіцца Беларусьсю».

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:124)