.

09.02.2018
Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода
Сяргей Шчурко: «Ім ня плацяць заробкаў, а яны выйграюць мэдалі на чэмпіянаце Эўропы»

Вядомы беларускі спартовы журналіст Сяргей Шчурк ацэньвае шанцы беларускай зборнай на Алімпіядзе, заяўляе, што ніякай стратэгіі ў беларускім спорце не існуе, тлумачыць, што грошы расьпесьцілі хакеістаў, і зьдзіўляецца, як можна заўзець за тых, хто заўсёды прайграе.

Фото «Белгазеты»

«На гэтую Алімпіяду нам варта глядзець са стрыманым аптымізмам»

— Якія мэдальныя шанцы ў беларускай зборнай на Алімпіядзе, якая пачынаецца сёньня, 9 лютага, у паўднёвакарэйскім горадзе Пхёнчхане?

— Я думаю, шанцы прыкладна тыя ж самыя, як і раней. Кола людзей, якія могуць заваёўваць мэдалі, прыблізна тое ж самае. Гэта біятляністы Даша Домрачава, Надзя Скардзіна, фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір. Плюс іхняя калега Аня Гуськова, якая выдатна выступіла па выніках Кубка сьвету. Плюс канькабежка Марына Зуева. Так што я б сказаў, што кола прэтэндэнтаў на мэдалі ад беларусаў стала нават шырэйшым. Іншая справа, што няма такога панаваньня на лыжні ў Дашы Домрачавай. Але гэта натуральна, у яе нарадзілася дачка Ксюша, і пэўныя карэктывы гэта ўнесла.

Я думаю, што на гэтую Алімпіяду нам варта глядзець са стрыманым аптымізмам. Зразумела, што паўтарыць вынік мінулай Алімпіяды ў Сочы, 5 залатых мэдалёў — гэта было б цудам.

— Для многіх беларускіх заўзятараў галоўным відам спорту на Алімпіядзе, аднак, застаецца хакей. Але ўпершыню за доўгія гады беларуская хакейная зборная ня трапіла на Алімпіяду. Па-вашаму, гэта нейкі «няшчасны выпадак» — ці заканамернасьць разьвіцьця ўсяго беларускага хакею?

— У хакеі рэзка ўзрасла канкурэнтная барацьба. Яшчэ гадоў 30 таму ў хакей гралі некалькі дзяржаваў, грандаў. А цяпер у хакей пачалі граць нават славенцы, якія нас і пахавалі. Добрыя каманды маюць датчане, швайцарцы, нарвэжцы, французы. Канкурэнтнасьць узрастае, а мы, беларусы, на гэтым фоне ня вельмі добра сябе адчуваем, нягледзячы на ўсе намаганьні. Значыць, намаганьні гэтыя недастатковыя.

Грошы расьпесьцілі хакеістаў

— Акрамя зборнай, многія беларусы таксама заўзеюць за каманду «Дынама-Менск», якая грае ў КХЛ, але год за годам ня мае там вялікіх посьпехаў. Час ад часу спартовыя журналісты пішуць пра тое, якія вялізныя грошы ідуць на гэтую каманду — а выніку няма. Можа, «бабло гэта зло?» Бо самыя яркія посьпехі беларускага хакею былі ў нулявыя гады, у тыя часы, калі грошай там было зусім няшмат.

— Гэта зразумела, што грошы расьпесьцілі хакеістаў. Большасьць зь іх зарабляе значна больш, чым Домрачава ці Герасіменя, а прозьвішчаў гэтых хакеістаў мы нават ня ведаем. Разьвівайце, калі ласка — але давайце плаціць ім адэкватны заробак. Калі ты будзеш добра граць, тады цябе запросяць у добры клюб КХЛ або ў лігу ў іншай краіне. Але ў нас плацяць неадэкватна і незразумела за што. Бо не дае наш хакей нават нейкай мінімальнай аддачы — у адносінах да тых грошай, якія ў яго ўкладаюцца. Я разумею, што мы вымушаныя хакеістам «Дынама» плаціць грошы такія ж самыя, якія плацяць у іншых камандах КХЛ, але які ў гэтым сэнс? Мы займаем 10 месца з 13, і каму гэта трэба? Стратэгіі як не было ў гэтым клюбе, так няма і дагэтуль.

Калі камусьці недзе ўдалося нешта ўрваць — малайчына, «схапіў і ўцёк»

— Але як гэта атрымліваецца? Фактычна кожны матч «Дынама» «Менск-арэна» запаўняецца напоўніцу, клюб ставіць рэкорды па наведваньні, людзі на хакей ходзяць. І пры гэтым «Дынама» нават прыблізна не акупляецца, знаходзіцца на балянсе дзяржавы і розных прадпрыемстваў. Як так?

— Ну, гэта звычайны беларускі цуд, у нас шмат чаго адбываецца такім чынам. Калі мы прыходзім на хакей недзе ў Канадзе, мы разумеем, што там пераважаюць даходы ад тэлебачаньня, продажу сымболікі, ведаем, за кошт чаго ўтрымліваецца каманда. Калі казаць коратка, то нейкай стратэгіі ў беларускім спорце не існуе. Кожны від спорту існуе сам па сабе. Калі камусьці недзе ўдалося нешта ўрваць — малайчына, «схапіў і ўцёк». Не ўдалося — сядзіш у дзіры. І ніхто пра цябе ня ведае.

Зараз праходзіць чэмпіянат сьвету па індорхакеі. Для многіх будзе дзіўным даведацца, што беларускі — бронзавыя прызэры чэмпіянату Эўропы і прэтэндуюць на мэдалі чэмпіянату сьвету. Але пра індорхакей ніхто ня ведае, яго ніхто не раскручвае, фэдэрацыя нічога ня робіць. Ім нават заробкі ня плацяць па паўгода. Але яны б маглі зьбіраць ня менш людзей, прыгожыя дзяўчаты, якія цудоўна гуляюць і выйграюць.

Для мяне загадка — заўзятары менскага «Дынама», якія ходзяць паглядзець, як гэтая каманда прайграе. Гады мінаюць, а нічога не мяняецца. Цяжка заўзець за тых, хто заўсёды прайграе, мне так падаецца.

МАК павінен быў прыняць рашэньне аб жорсткіх санкцыях супраць Расеі

— Калі вярнуцца да Алімпіяды, то ці не галоўнай яе адметнасьцю сталі допінгавыя скандалы. Як вы ставіцеся да гісторыі вакол расейскіх спартоўцаў? Ці выказалі міжнародныя спартовыя ўлады дастаткова прынцыповасьці, ці, як некаторыя лічаць, праявілі слабасьць, дапусьціўшы некаторых расейскіх спартоўцаў на Алімпіяду?

— Расея разумела, што іх увогуле маглі не пусьціць на Алімпіяду. Бо тая база, якую сьцягнуў з сабой Родчанкаў, недвухсэнсоўна сьцьвярджала, што зборная Расеі сядзела на допінгавай праграме. Цяпер ён на Захадзе дае паказаньні, і яму ніхто нічога ня можа супрацьпаставіць. Расейцы павінны разумець, што магло быць і горш. МАК павінен быў прыняць рашэньне аб жорсткіх санкцыях супраць Расеі. Бо калі б не было зроблена ніякіх высноваў — гэта быў бы вельмі моцны ўдар па алімпійскім руху. Трэба было даць урок, што калі краіна займаецца гэтым мэтанакіравана, то адчуе ад гэтага вялікія страты. Я думаю, МАК удалося захаваць твар.

 Калі не памыляюся, то Беларусь таксама займае даволі высокае месца (пісалі пра трэцяе) па колькасьці мэдалёў, якіх яе пазбавілі з прычыны допінгу. Якая цяпер сытуацыя ў Беларусі з гэтай праблемай?

— Я ня ведаю, пра якое трэцяе месца ідзе размова. Можна сказаць, што ў нас дзяржаўнай допінгавай праграмы няма, гэта відавочна. У гэтым сэнсе ў нас усё някепска. Іншая справа, што ёсьць віды спорту, якія ня могуць існаваць без прэпаратаў. Тая ж цяжкая атлетыка, якая перажывае цяпер, безумоўна, крызіс, і колькасьць дыскваліфікацый там проста зашкальвае.

На открытии Олимпиады-2018 спортсмены из России прошли не под своим флагом

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:16)