16.01.2018
Улад Швядовіч, Наша Ніва
У Гомелі злавілі банду з 10 непаўналетніх «паляўнічых на геяў»

Пракуратура Гомельскай вобласці перадала ў суд справу суполкі непаўналетніх хлопцаў, якія знаёміліся ў сацсетках з мужчынамі, а пасля здзекаваліся з іх.

Агулам у справе некалькі эпізодаў, у кожным удзельнічала розная колькасць фігурантаў. Усяго будуць судзіць 11 чалавек, толькі адзін з іх паўналетні.

Некаторыя з іх вучыліся ў прафесійна-тэхнічных вучэльнях, некаторыя — нідзе. Школьнікаў сярод падазраваных няма.

Пацярпелых — трое. Гэта маладыя людзі, ад 22 да 30 гадоў.

Вядома, што хуліганы самі выходзілі на сувязь з будучымі ахвярамі. Яны знаёміліся ў інтэрнэце, прапаноўвалі сустрэцца, намякаючы на інтым. Суразмоўцы пагаджаліся, прызначалі сустрэчы на прыпынках грамадскага транспарту. Там з імі сустракаліся, адводзілі ў ціхае места, дзе праводзілі «размову»: пагражалі гвалтам, палівалі зялёнкай, здымаючы гэта на відэа. Аднаму з пацярпелых пагалілі палову галавы і аблілі яе зялёнкай. Другога — прымусілі ўмыць твар зялёнкай. Грошы ў пацярпелых не забіралі.

Падазраваныя «вучылі» сваіх ахвяр «правільным» паводзінам і пагражалі выкласці відэа ў інтэрнэт, калі тыя не зразумеюць. Цікава, што пацярпелыя не пайшлі ў міліцыю — гэта было не ў іх інтарэсах. Справа закруцілася з падачы праваахоўнікаў, толькі пасля таго, як пра «паляўнічых» стала вядома міліцыі.

У выніку дзеянні падазраваных кваліфікавалі як злоснае і асабліва злоснае хуліганства. Максімальнае пакаранне па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэкса — да 6 гадоў і да 10 гадоў адпаведна.

Акрамя таго, асобным удзельнікам справы інкрымінуюць крадзеж, рабаванні, распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў у інтэрнэце.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.9 (оценок:13)