.

12.01.2018
Сямён Печанко
«Лахатрон гэта, развядуць на грошы горш, чым у банку!»

З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

— Што глядзіш? Лахатрон гэта, развядуць на грошы яшчэ горш, чым у банку! — ледзь не крычыць на сябрука рабацяга.

Абое стаяць ля дошкі аб’яваў, на якой аж стракаціць ад прапановаў грошай у пазыку.

***

Мінская дзіцячая бальніца. Маладая маці пытае ў іншых наведнікаў, хто б ёй мог памяняць рубель па 50 капеек: столькі бярэ аўтамат, што прадае бахілы.

— А навошта табе тыя 50 капеек? Зірні ў сметніцу, колькі там скарыстаных бахілаў, — раіць жанчыне сталага веку дзядзька.

Ловіць яе здзіўлены позірк і выдае апошні аргумент:

— Ды я так заўсёды раблю. І не адзін я.

***

У электрычцы дзядзька па тэлефоне расказвае камусьці, як абыходзіцца без жонкі, якая з’ехала з дзецьмі да цёшчы:

— А чаго я буду галодны? Вот і ўчора з работы прыйшоў, сала з лукам парубаў. І мне харашо...

Слухаю гэта і міжволі ўсміхаюся, ловячы сябе на думцы, што і сам так раблю, як часова застаюся адзін.

***

Мінск, гарадскі аўтобус. Вязём дачку да доктара. Малая час ад часу капрызіць, ненадоўга пускаецца ў плач. Вандрую з дачкой па салоне, бо на адным месцы ёй доўга не сядзіцца.

— Это мальчик или девочка? — пытае інтэлігентнага выгляду дзядуля.

Адказваю, а сам сабе думаю, ці будзе той зараз сюсюкаць з малой. Думаю нядоўга, бо нешта ў выразе твару старога падказвае, што не будзе. І гэтае адчуванне не падманвае. Пенсіянер устае да выхаду і катэгарычна адразае:

— Мальчики — они умные. А девочки… Эти — не очень.

Пэўна, не вельмі дзядулю ў жыцці пашчасціла з бабуляй.

***

Каля пад’езда сустрэліся суседкі. Заводзяць размову пра капрызы надвор’я.

— Што за зіма такая без снегу?! Апошні раз такое гадоў трыццаць таму было. На Новы год не сняжынкі не ўпала…

— Ага, як трыццацць год таму. Толькі зараз ні снегу, ні грошай.

Падслуханае ў мінулы раз:

«Мікалаеўна пяцьдзесят баравікоў знайшла, усе выклала ў інтэрнэт»

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.8 (оценок:14)