«Хоць бы пакінулі яго жывым», — маці асуджанага да расстрэлу «чорнага рыэлтара»

Маці асуджанага да расстрэлу «чорнага рыэлтара» Ігара Гершанкова спадзяецца, што Аляксандар Лукашэнка адменіць сьмяротнае пакараньне яе сыну.

Абвінавачаны ў шасьці забойствах і падрыхтоўцы да ўчыненьня забойства яшчэ траіх чалавек жыхар Магілёва напісаў прашэньне аб памілаваньні. Пра гэта ён паведаміў у лісьце маці Людміле Адамаўне.

Ігар Гершанкоў (за кратамі) у Магілёўскім абласным судзе

«Выплакала ўсе сьлёзы. Кожная маці змагаецца за сваё дзіця»

Свае надзеі маці Ігара Гершанкова ўскладае на літасьць Аляксандра Лукашэнкі. Жанчына ўжо зьвярталася ў Адміністрацыю прэзыдэнта, пісала Генэральнаму пракурору і ў міжнародныя інстанцыі. У сваіх допісах яна зьвяртае ўвагу, што сына зрабілі вінаватым яшчэ да суду, паколькі, як яна адзначае, сьледчым органам патрэбен быў «вынік у рэзананснай справе, якая знаходзілася на кантролі ў прэзыдэнта». Гершанкова ня верыць, што яе сын мог забіваць.

«Дапамажыце, калі ласка, бо ня ведаю, куды мне сунуцца, калі толькі пад цягнік. Хоць бы пакінулі жывым яго, не забівалі, лягчэй было б на душы», — напісала ў адным са зваротаў Людміла Гершанкова.

«Чорныя рыэлтары» ў залі Магілёўскага абласнога суду

Пра свае звароты шасьцідзесяцігадовая жанчына кажа, што яны адзінае, чым яна можа дапамагчы зьняволенаму сыну. «Гэта крык душы», — плачучы, казала карэспандэнту Свабоды Людміла Гершанкова.

«Я выплакала ўсе свае сьлёзы, — гаварыла яна, гартаючы два апошнія сынавы лісты. — Зьмірыцца зь непапраўным не магу. Зразумейце, кожная маці змагаецца за сваё дзіця».

Сам Ігар Гершанкоў просіць, каб найвышэйшая мера пакараньня будзе замененая турэмным зьняволеньнем. Асуджаны настойвае, што ня мае дачыненьня да забойстваў, у якіх яго абвінаваціў Магілёўскі абласны суд. У лістах ён просіць маці, каб тая паспрабавала прыцягнуць увагу грамадзкасьці да яго лёсу.

Акрамя Ігара Гершанкова, расстрэл пагражае і яшчэ аднаму асуджанаму «чорнаму рыэлтару» — Сямёну Беражному. Ці зьвярнуўся ён да кіраўніка дзяржавы па памілаваньне, невядома.

У забойствах і іншых злачынствах абвінавацілі яшчэ двух фігурантаў справы. Тацяне Гершанковай прысудзілі 24 гады турмы з канфіскацыяй маёмасьці, а Барысу Калесьнікаву далі 22 гады і адзін месяц калёніі строгага рэжыму. Яны намагаюцца скараціць тэрмін зьняволеньня.

Усе чацьвёра не пагадзіліся з выракам і падалі апэляцыі ў Вярхоўны Суд, але той пакінуў іх без задавальненьня.

Ігар Гершанкоў: «Мама, родная, ты ведай, сын твой не забойца»

Апошні раз Людміла Гершанкова бачыла сына на спатканьні пасьля разгляду Вярхоўным Судом ягонай апэляцыі. Яна прызнаецца, што спадзеву на памілаваньне ў яе мала.

«Рашэньне прэзыдэнта ў гэтым пытаньні адно — найвышэйшая мера. Ён спасылаецца на тое, што народ падтрымлівае сьмяротнае пакараньне і пайсьці супраць ягонай волі ён ня можа», — кажа Гершанкова.

Згадваючы спатканьне з сынам, жанчына адзначала: ён дужа схуднелы і знэрваваны. Увесь час у адзіночнай камэры піша лісты і скаргі на несправядлівае, як ён лічыць, стаўленьне да сябе судоў. Абураецца, што на ягоныя допісы не рэагуе Генэральная пракуратура ды Сьледчы камітэт. Просіць бацькоў, каб яны пісалі туды, бо непакоіцца, што лісты не прапускае турэмная адміністрацыя.

У лістах ён клянецца бацькам, што не забіваў уласьнікаў кватэр, а толькі дамаўляўся з імі, каб яны сваё жытло прадалі. Піша, што вымушаны быў у «гэтым удзельнічаць», бо быў вінаваты Сямёну Беражному вялікую суму грошай, якую той патрабаваў найхутчэй сплаціць. Пра забойствы даведаўся, толькі калі яго затрымалі.

Фрагмэнт ліста Ігара Гершанкова, у якім ён клянецца, што не забіваў (апошні радок ліста)

 «Мама, родная, ты ведай, я, сын твой, не забойца і забойцам ня быў ніколі! — піша з турмы Ігар Гершанкоў. — Памятайце гэта заўжды з татам».

Паводле матэрыялаў справы, злачынствы «чорныя рыэлтары» ўчынялі цягам 6 гадоў — з 2009-га да 2015 году. Ахвяраў выбіралі сярод адзінокіх грамадзян, якія злоўжываюць алькаголем. Карыстаючыся цяжкім матэрыяльным становішчам людзей, абвінавачаныя ўгаворвалі іх прадаць жытло, а ўзамен абяцалі дапамагчы з набыцьцём новага. Пасьля ўгоды кліентаў забівалі і хавалі ў загадзя выкапаных магілах на вясковых кладах. Перад тым, як забіць, усыплялі гарэлкай ці кляфэлінам. «Чорных рыэлтараў» затрымалі, калі яны ўжо падрыхтавалі сьвежую магілу для чарговай ахвяры.

Сьледчы камітэт: зьвесткі Гершанкова пра парушэньне ягоных правоў не пацьвердзіліся

Сямён Беражны цалкам прызнаў сваю віну. Ён супрацоўнічаў са сьледзтвам і даў паказаньні супраць саўдзельнікаў. На судзе Сямён Беражны настойваў, што Гершанкоў быў завадатарам у групе.

Гершанкоў жа ўдзел у забойствах адмаўляў, а ягоная жонка Тацьцяна Гершанкова настойвала, што наагул ня ведала пра забойствы. Раней абое мелі судзімасьці за махінацыі з жыльлём.

Сямён Беражны ў клетцы. Ён прызнаў віну

У лістах маці Ігар Гершанкоў даводзіць, што ў многім агаварыў сябе падчас папярэдняга сьледзтва, бо ўмовы ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары «дужа абмяжоўвалі высьвятленьне сапраўдных абставінаў» справы. Піша, што ў Магілёўскай турме № 4 пагражалі стварэньнем праблемаў для ягонай сям’і і жонкі. Настойвае, што зь яго выбівалі прызнаньне, і гэта, на ягоную думку, магла пацьвердзіць экспэртыза прапіснога шрыфту яўкі з павіннай, але ў яе правядзеньні яму адмаўляюць. Піша, што яго вазілі ў бальніцу здымаць пабоі, але ў матэрыялах справы згадак пра гэта няма. У лістах асуджаных называе імёны апэратыўнікаў, якія яго білі.

Сьледчы камітэт абвяргае заяву Гершанкова пра парушэньні ягоных правоў. У інтэрвію інфармацыйнай кампаніі БелаПАН начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч, адзначыў: праведзеная праверка не знайшла пацьверджаньня зьвестак асуджанага.

Тым часам маці асуджанага заяўляе, што яшчэ летась у жніўні яна даведалася пра пагрозы і зьбіваньне сына ў турме. Скардзілася ў розныя інстанцыі на парушэньне ягоных правоў. Пасьля гэтага, кажа яна, «зьдзеквацца з сына перасталі».

Маці: сын хапаецца за «саломінку»

Людміла Гершанкова кожны дзень чакае ліста ад сына і баіцца атрымаць той, у якім ёй паведамяць пра непапраўнае. Па некалькі разоў на дзень яна перачытвае сынавы допісы і плача. Кажа, што суцяшаюць яе ўнукі, сынавы дзеці.

Суразмоўца, калі даведалася, у чым вінавацяць сына, то не паверыла. Доказы на судзе ёй здаваліся адначасова і праўдзівымі, і непераканаўчымі. Спадзявалася, што сына пакараюць турэмных зьняволеньнем, бо ён жа, казала яна, супрацоўнічаў са сьледзтвам.

Гершанкова лічыць, што сына зрабілі вінаватым задоўга да прысуду, бо «працэс быў паказальным і знаходзіўся на кантролі ў прэзыдэнта». Стаўленьне да яго сьледчых, настойвала яна, было прадузятым. На судзе ж ён быў не падобны да сябе, кажа жанчына.

«Іншыя трое фігурантаў справы сьпіхвалі віну на яго, а ён паводзіў сябе, нібыта ў сьне. Я хадзіла на ўсе пасяджэньні і, калі такое бачыла, то бараніла сына. За гэта мяне выводзілі з залі», — прыгадала Людміла Гершанкова.

У адной з сваіх скаргаў Людміла Гершанкова адзначае: калі сын утрымліваўся ў Магілёўскай турме № 4, то яму забаранялі ёй пісаць і рэдка прапускалі лісты ў наглядныя інстанцыі. А пасьля таго, як яму адмовіліся паказаць журнал рэгістрацыі зыходнай пошты, ён трымаў 10 дзён галадоўку. За пратэст яго кінулі ў карцэр на дзесяць, а потым на пяць сутак. Увесь гэты час білі.

«Зразумела, што сын цяпер хапаецца за саломінку, каб застацца жывым, — падсумоўвала жанчына. — Выкарыстоўвае любую магчымасьць, каб дабіцца справядлівасьці».

«Каб на мяне цяперашнюю, я б галасавала супраць сьмяротнага пакараньня»

Суразмоўца ня памятае, ці галасавала яна рэфэрэндуме 1996 году за скасаваньне сьмяротнага пакараньня. На яе думку, за прамінулы час пазыцыя большасьці беларусаў да найвышэйшай меры пакараньня наўрад ці істотна зьмянілася. Насельніцтва, дапускае яна, падтрымлівае расстрэл.

«Я не гатовая казаць, на чыім баку ў гэтым пытаньні праўда. Як на мяне цяперашнюю, дык я б галасавала супраць сьмяротнага пакараньня», — кажа Людміла Гершанкова.

Фрагмэнт ліста Гершанкова, у якім ён піша пра зварот да Лукашэнкі аб памілаваньні

У лістах Ігар Гершанкоў адзначае: на ўратаваньне ягонага жыцьця можа паўплываць грамадзкасьць, ад якой, як ён піша, «шмат што залежыць». На ягоную думку, грамадзкасьці праваахоўныя органы давалі ў справе толькі тую інфармацыю, якая была ім выгадная.

Асуджаны да расстрэлу Сямён Беражны: спрабаваў вешацца, не атрымалася

Падчас разгляду Вярхоўным Судом апэляцыі асуджаныя заяўлялі, што вырак Магілёўскага абласнога суду несправядлівы. Скардзіліся на ўціск.

Гершанкоў настойваў, каб была прызначаная паўторная графалягічная экспэртыза ягонай яўкі з павіннай, «складзенай супрацьпраўным чынам», пад пагрозай ужываньня «фізычнай сілы і маральна-псыхалягічнага ўплыву». Казаў, што ў турмах яму перашкаджалі дасылаць скаргі на пагрозы праваахоўнікаў.

Фрагмэнт ліста, у якім Гершанкоў тлумачыць бацькам, чаму стаў «чорным рыэлтарам». Вінаваціць Беражнога

Сямён Беражны, нягледзячы на сваю апэляцыю, прасіў, каб яго «забілі». Заяўляў: «Я расстрэлу хачу. Спрабаваў, а нічога не выходзіць, я вешаўся. Доктар пастаянна дае пілюлі ад страху».

Вярхоўны Суд пакінуў у сіле вырак Магілёўскага абласнога суду. Асуджаных абвінавацілі павожде дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У справе нямала эпізодаў, па якіх абвінавачаных апраўдалі празь недаказанасьць.

На карысьць родзічаў забітых з асуджаных спагоняць кампэнсацыю маральнай шкоды на агульную суму блізу 28 тысяч даляраў, а таксама маёмасную шкоду на 85 тысяч.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.9 (оценок:7)