Стагоддзе бальшавісцкіх рэпрэсій у Беларусі: як разганялі Усебеларускі з’езд
Як разганялі Першы Усебеларускі з’езд, правядзенне якога дазволіў Іосіф Сталін, а важнасць якога прызнаў нават Аляксандр Лукашэнка.
30 лістапада (12 снежня н.ст.) 1917 года газета «Вольная Беларусь» пісала: «Спаўняючы волю беларускіх з’ездаў – ваеннаслужачых заходняга фронту і беларускіх палітычных арганізацый, Выканаўчы Камітэт Вялікай Беларускай Рады назначае на 5 (18) снежня 1917 году агульны беларускі з’езд у г. Мінску».
Вялікая беларуская рада
На з’ездзе прапанавалася абмеркаваць міжнароднае становішча Беларусі, зямельнае пытанне, пытанне ладу ў Беларусі і стварэнне органу кіравання будучай дзяржавай.
Перад анонсам з’езду быў надрукаваны артыкул Язэпа Лёсіка, у якім, між іншым, ён папракаў Маскву за тое, што яна, пасля абвяшчэння Украінскай Народнай Рэспублікі «стала пагражаць братом нашым штукамі, калі яны, паверыўшы слову твайму пра самавызначэнне, сталі будаваць сваё жыццё». І папярэджваў: «Мы потым стрэнемся з табою, як роўны з роўным, і падпішам наш палюбоўны дагавор аб нашым супольным жыцці».
Купалаўскі тэатр, у якім адкрываўся і праходзіў з’езд. Фота: 21.by
Сход ад пачатку праходзіў спакойна, але паколькі ён зацягваўся, было вырашана перанесці яго ў будынак Мінскай дваранскай дэпутатскай зборні, што месціўся поруч, – каб гарадскі тэатр мог працаваць у нармальным рэжыме.
Будынак Мінскай дэпутатскай дваранскай зборні (справа), куды быў перанесены з’езд. Цяпер – будынак па вул. Карла Маркса, №39. Фота: irr.by
Тымчасам бальшавісцкі па духу «Беларускі абласны камітэт» прызначыў у процівагу іншы з’езд на 15 (27) снежня. У выніку перамоваў было прынята рашэнне пра аб’яднанне двух сходаў.
15 (27) снежня аб’яднаны з’езд быў афіцыйна адкрыты. Агулам прыбыла каля 1 872 дэлегаты – сяляне, мяшчане, вайскоўцы, чыноўнікі і настаўнікі. У тыя дні былі агучаны шматлікія прапановы, было шмат гарачых спрэчак і перапалак. Бо і стаўка была высокая – лёс Беларусі.
Калі з’езд блізіўся да свайго завяршэння, здавалася, што адказнасць за лёс краю вось-вось пяройдзе ў рукі саміх беларусаў, якія стануць гаспадарамі на сваёй зямлі. Аднак ўсё апынулася іначай.
Бальшавікі ад самага пачатку сачылі за правядзеннем з’езду. Рашэнні па гэтым пытанні прымаліся на самым высокім узроўні. Правядзенне мерапрыемства дазволіў ніхто іншы як Іосіф Сталін, які тады быў камісарам па справах нацыянальнасцяў.
Ноччу з 17 на 18 снежня пачалі прымаць пастановы. Першая з іх – перадаць уладу ў краі ў рукі Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў, адсунуць ад улады бальшавікоў.
Вытрымка з газеты «Советская Правда» № 17 за 21 снежня 1917 года:
«Приступая к созыву съезда на 15 декабря (27 н.ст.), представители белорусских организаций обратились за содействием к комиссару по национальным вопросам тов. Сталину. Не возражая против созыва означенного съезда, тов. Сталин поставил необходимым условием созыва его соглашение по этому вопросу с местными советскими организациями. Организаторы съезда этого условия не выполнили и созвали съезд совершенно самостоятельно. В созыве съезда принимали деятельное участие также и представители правоэссеровских организаций, вызвавшие известных им лиц в качестве делегатов с мест. То же самое проделывали и представители чисто буржуазных элементов, благодаря чему он стал на точку зрения предпочтения общенациональных задач всех классов, задачам классовой борьбы, провозглашенным рабоче-крестьянской революцией. […]
[…] Совет Народных Комиссаров Западной обл. и фронта постановил:
Так называемый «белорусский съезд» объявить распущенным и принять меры к ликвидации вновь возникающей контрреволюционной авантюры выступивших под маской белорусских националистов, кадетов, соглашателей […]»
Такім чынам, бальшавікі, убачыўшы, што з’езд па духу зусім не бальшавісцкі, а незалежніцкі, пастанавілі яго разагнаць. У ноч з 17 на 18 (30-31) снежня камендант Мінску Міхаіл Крывашэін і камісар унутраных справаў СНК Заходняй вобласці і фронту Людвіг Рэзаўскі (які падманам прысутнічаў у залі пад выглядам «прадстаўніка латышоў Заходняга Фронту»), па некаторых сведчаннях абодва п’яныя, аб’явілі з’езд распушчаным.
Міхаіл Крывашэін. З кнігі «Кастрычнік на Беларусі» (1927)
Пропуск, падпісаны Міхаілам Крывашэіным, які быў вайсковым камендантам Мінску да 1 чэрвеня 1922 году. Фота аўтара
У адказ дэлегаты сталі гучна спяваць расійскія і беларускія рэвалюцыйныя песні, будаваць барыкады. У залю ўварваліся салдаты Першага рэвалюцыйнага палка, пачаліся арышты прэзідыўму і шараговых удзельнікаў.
Не абыйшлося без кур’ёзу: удзельнкі ўзгадваюць, што Крывашэін быў збіты Зінаідай Юр’евай за спробы заляцанняў.
Мітусня доўжылася каля дзвюх гадзінаў. На вуліцы стаялі салдаты Мінскага гарнізону і дзве бранемашыны. У выніку каля пятай ранку прэзідыўм быў арыштаваны. Рада з’езду аб’яўленая па-за законам.
З успамінаў Вінцэнта Гадлеўскага, каталіцкага сьвятара, удзельніка Усебеларускага з’езду, чальца Рады БНР:
«Каля 3 гадзіны ўначы Рада зьезду скончыла апрацоўваць рэзалюцыю. Старшыня пачаў яе чытаць перад усім зьездам. У гэты мамэнт падыйшлі да стала прэзыдыюму два салдаты i назваўшы сябе, першы — камісарам «Западнай обласьці», a другі — начальнікам Менскага гарнізону, сказалі, што прыйшлі арыштаваць прэзыдыюм i разагнаць зьезд.
…Ізноў уварваліся салдаты, разьбіраючы барыкады з крэслаў i зэдлікаў, накіданыя дэлегатамі зьезду, сялянамі i салдатамі. Пад сьпевы жалобнага маршу выводзілі арыштаваны прэзыдыюм i шмат каго зь відных працаўнікоў зьезду. Арышт цягнуўся ўсю ноч. Прыклады працавалі направа i налева. Паволі пусьцела заля. Гасьлі лямпы. A ў цёмным кутку сядзеў адзінока сівы дзед-селянін. Плечы яго ўздрыгалі. Ён плакаў як дзіця».
Чырвонагвардзейцы 1-га імя Мінскага Савета рэвалюцыйнага палка, які ўдзельнічаў у разгоне З’езду. У другім шэрагу пяты – Аляксандр Мяснікоў, адзін з кіраўнікоў усталявання ўлады бальшавікоў у Беларусі. Дэ-факта ён санкцыяваў разгон з’езду. Фота з газеты «Во славу Родины»
Удзельнікі з’езду разам з арыштаванымі накіраваліся да штаба Савета народных камісараў (будынак Мінскага камерцыйнага вучылішча).
Камерцыйная вучэльня – у той час штаб Савета народных камісараў. Не захаваўся, цяпер на месцы будынку ўнутраны дворык БДУ – фота bsu.by
Праз дзень наступнай ноччу прайшлі ператрусы ў будынку Цэнтральнай беларускай вайсковай рады – яна будзе выселеная з Дому губернатара.
Дом губернатара, дзе тады месцілася ЦБВР. Будынак захаваўся, але ў перабудаваным выглядзе. Фота: wikipedia.org
Пасля гэтага беларуская секцыя РСДРП будзе апраўдвацца, патрабуючы расследвання акалічнасцяў разгону з’езду – яно праведзена не будзе. Гэта быў ледзь не першы і ўнікальны для таго часу выпадак рэпрэсіяў бальшавікоў супраць удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху. Далей будзе толькі горш.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное