.

Спецпроект:
07.12.2017
Відэаролік, прысвечаны нацыянальным сімвалам Беларусі і 100-годдзю БНР

Скарб кожнага беларуса!

Відэаролік «Скарб» створаны symbal.by і творчым аб’яднаннем «Інакш» да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ды прызнання бел-чырвона-белага сцяга ды герба «Пагоня» дзяржаўнымі сімваламі Беларусі.

— Мы прэзентавалі відэаролік менавіта 5 снежня, бо ў гэты дзень у 1917 годзе ў Менску пад бел-чырвона-белым сцягам пачаўся Першы Усебеларускі з’езд, які абвесціў права беларускага народа на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўраду.

Першы Усебеларускі з’езд аб’яднаў усе палітычныя партыі, грамадскія і культурныя нацыянальныя арганізацыі і іншыя суполкі, якія тады прадстаўлялі ўвесь наш край — ад Смаленска да Беластока, ад Вільні да Гомеля. Гэта быў першы і самы значны крок у працэсе станаўлення беларускай дзяржаўнасці, які прывёў да абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года, без якога магло і не быць сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Вядома, што і бел-чырвона-беламу сцягу, і гербу «Пагоня» больш за 100 гадоў, але менавіта ў пачатку XX стагоддзя гэтыя сімвалы, прайшоўшы складаны шлях праз войны, забароны, забыццё, падзелы і знявагі, сталі ў аснове нацыянальнага беларускага адраджэння і канстытуцыйнага афармлення беларускай дзяржаўнасці нашага часу. І, дзякуючы падзеям 1917-1918 гадоў, ужо напрыканцы XX стагоддзя, у 1991 годзе, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь. Што б ні адбывалася далей, але статусу першых дзяржаўных сімвалаў незалежнай Беларусі ў іх ужо не адабраць.

Відэаролік «Скарб» створаны ў межах кампаніі #БНР100 да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі творчым аб’яднаннем «Інакш» па замове Symbal.by. У здымках прымалі ўдзел: Уладзімір Боська, Павел Аракелян, Павел Боська, Сафія Сангдэль, Алесь Плотка, Мікалай Сенько, Андрэй Бяляеў, Ягор Зубовіч, Дзяніс Лайкоў, Дар’я Папова, Ігар Шалкуненка.

У аснове сюжэту — легенда з кнігі «Пра герб і сцяг».

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:5)