.

Спецпроект:
13.11.2017
Юры Дракахруст, Радыё Свабода
Дракахруст: Беларусь з тварам Ганны Бонд. Які час — такія і куміры

Дадзеныя апытаньня наконт пазнавальнасьці беларускіх блогераў, якое правяло міжнароднае агенцтва MASMI на замову marketing.by, робяць моцнае ўражаньне. І не на мяне аднаго, гледзячы па рэакцыі ў сацыяльных сетках.

Глядзіце, хто прыйшоў

Па-першае, вельмі нізкая вядомасьць хоць якіх блогераў і іх усіх разам. Месячная аўдыторыя сацыяльных сетак у Беларусі (люты -красавік 2017 году): у Фэйсбуку — 900 тысячаў, Вконтакте — 2.9 мільёна, в Одноклассниках — 1.6 мільёна. Варта нагадаць, маюць доступ да інтэрнэту ў Беларусі — больш за 60%, прычым апытаньне MASMI ахоплівала толькі гарады. У гарадах доступ да Сеціва мае яшчэ большы адсотак.

І вось вынік — у адказах на адкрытае пытаньне (калі блогера трэба было упісаць самому) ніводнага не назвалі 87.3%. Простая арытмэтыка паказвае, што прынамсі палова зь іх карыстаецца інтэрнэтам і ладная частка сядзіць хаця б адной сацыяльнай сетцы. Так што гэта ня той выпадак, каб гэтыя людзі проста ніяк у сваім жыцьці з блогамі і блогерамі не сутыкаліся. Сутыкаліся — але няма імёнаў, няма куміраў.

Гэта па-першае. Ну а па-другое — хто? Ганна Бонд і Ўлад Бумага. І гэта — ўладальнікі думак? Так, менавіта яны ў пэўным сэнсе. Прычым, думак самай прагрэсіўнай часткі грамадзтва: сярод тых, хто назваў хоць аднаго блогера — выразная перавага адукаваных (палова — з вышэйшай адукацыяй), высокая доля моладзі і менчукоў. І вось калі ласка.

Хаця напэўна варта ўдакладніць — апытаньне вымярала веду аб блогерах, а не інтэнсіўнасьць спажываньня іх прадукцыі і не стаўленьне да іх. Але гэта зьвязаныя паказьнікі — глядзяць, чытаюць, слухаюць і шануюць тых, каго ведаюць. Ня ўсіх, але каго ня ведаюць, дык тых і не шануюць. Паказьнікі спажываньня і станоўчага стаўленьня яшчэ ніжэйшыя, чым паказьнікі веды.

Можна дапусьціць, што асабліва гэта тычыцца Ўлада Бумагі. Усё ж існуе небеспадстаўная думка, што аўдыторыя яго відэаблогаў — пераважна тынэйджары, падлеткі.

А рэспандэнты апытаньня MASMI — старэйшыя за 17 гадоў. Так што іх веда пра Улада Бумагу напэўна ў значнай ступені — веда пра зацікаўленьне дзяцей, унукаў, малодшых сясьцёр і братоў, а не ўласная веда.

Вельмі паказальны разрыў паміж адкрытымі і закрытымі рэйтынгамі лідэраў. У адкрытым імёны блогераў упісвалі рэспандэнты самі, у закрытым — ацэньвалі прапанаваны сьпіс блогераў. У Бонд разрыў паміж рэйтынгамі — амаль утрая, у Бумагі — у два разы. Гэта значыць, што нават пра іх веда няпэўная, няўстойлівая — а, так, вось пра гэтага (пра гэтую) нешта ж чуў, а не ўпісаў, бо забыўся. Забыўся, бо ня надта памятаў.

Хто такі блогер?

А дзе ж сапраўдныя ўладары думак, дзе філёзафы, публіцысты, палітыкі? Можа людзі, адказваючы на пытаньне пра блогераў, проста ня мелі іх на увазе? Можа. Хаця зь іншага боку, хто такі блогер? Мае чалавек акаунт у сацыяльнай сетцы, піша туды наўпрост ці посьціць свае тэксты зь інтэрнэт-выданьняў — вось вам і блогер. Хіба не? У часы, калі існаваў ЖЖ, акаунты там блогамі і назвалі, казалі — вось чалавек напісаў у сваім блогу ў ЖЖ тое і тое.

Ну дык а ў чым адрозьненьне ад ФБ, ВК, ОК? Усе, хто там — тыя і блогеры, калі разважаць папросту. Не выключаю, што большасьць апытаных неяк так і меркавала.

Гэта пацьвярджаецца і закрытым рэйтынгам, у якім хай і невялікія, але заўважальныя паказьнікі — у асобаў, якія ня маюць, скажам, адмысловых каналаў у youtube. Бумага, Пріятный, Годунова, Ермузевіч — клясычныя відэаблогеры. Ну а вось, скажам, Чарняўская, Пальчыс, Малішэўскі — хутчэй з папярэдняй эпохі, эпохі да-відэа: яны — пішуць, чытач — чытае.

Дык многія пішуць, амаль любы журналіст, які працуе ў тым ці іншым выданьні, ён жа і блогер у сябе на працы і ў сваім акаўнце ў сацсетцы, палітыкі, прынамсі, апазыцыйныя, зараз усе таксама блогеры, усе ёсьць у сацсетках.

Калі б рэйтынг-ліст складаўся адно з забаўніц ды забаўнікаў, неяк можна было б сказаць, што пытаньне кепскае, што ёсьць нейкая іншая, разумная, сур’ёзная Беларусь са сваімі кумірамі.

Ну ёсьць напэўна. Але не зусім іншая. І яе куміры насамрэч трапілі ў рэйтынг ліст, прынамсі тры апошнія названыя прозьвішчы. Аднак толькі яны. Несправядліва. На нечы погляд.

Што ў ёй знайшлі?

Дарэчы, падобныя пачуцьці вельмі яскрава праявіліся ў рэакцыі публікі на зьяўленьне рэйтынгу. І на тую ж Бонд у сацсетках абрынулі цэбары гною. Ды хто яна такая, ды што ў ёй знайшлі? Пачуцьце зайздрасьці нам, мякка кажучы, не чужое.

Але тут праявілася ня толькі зайздрасьць. А і разрыў шаблёну, сфармаванага ў мінулым. Мы ж разумеем, як павінныя выглядаць куміры. А Бонд вось зусім не такая. Непарадак.

Між тым насамрэч яна разумная, абаяльная і вельмі дакладна адчувае настрой, стыль, подых сваёй аўдыторыі. Трапляе. А чаго яшчэ ад яе патрабаваць?

Не, патрабаваць можна ўсяго, лаяць можна і надалей. І? І што гэта дасьць? На першым месцы апынуцца яе крытыкі ці тыя, хто ім падабаецца? Нешта падказвае, што так не адбудзецца.

Які час — такія і куміры

Насамрэч з таго, што рэйтынг-ліст блогераў такі, а ня нейкі іншы, шмат чаго вынікае. Прыгадваецца колішні бліскучы блог Віктар Марціновіча пра тое, чаму СМІ 2010-х у Беларусі такія глямурна-канс’юмэрысцкія, а не такія, якімі былі ў 90-я. Ці то СМІ такія, ці то іх аўдыторыя такая? Апытаньне MASMI — да пэўнай ступені адказ.

Набор СМІ дастаткова абмежаваны. А Байнэт прынамсі куды больш разнастайны. Там ёсьць ня толькі Бонд і Бумага, ёсьць той жа Марціновіч (таксама блогер), ёсьць, скажам, Зьміцер Дашкевіч ці Анатоль Лябедзька (і яны таксама ж блогеры). Выбірай каго хочаш. А выбіраюць вось каго. Ня тое, каб ярмошынскімі лічбамі, але хоць якімі заўважальнымі.

Таму можна меркаваць, што калі першыя — Бонд і Бумага, то і СМІ ў гэтым грамадзтве адпаведныя.

І калі на марш абураных беларусаў выходзіць некалькі соцень чалавек — гэта ня толькі са страху рэпрэсіяў, але і ад таго, што самыя вядомыя блогеры ў краіне — вось такія. А ня іншыя. Паказьнік.

Ну а пратэсты зімой і увесну супраць дэкрэту як з гэтым стасуюцца? — спытае чытач. А стасуюцца. Такая ж Бонд — гэта ня толькі забавы. У яе ёсьць выдатны ролік пра Зыбіцкую, дзе яна сядзіць наверсе вуліцы з бедным студэнтам, які цягне нейкае таннае бухло. Яны разважаюць зь ім пра жыцьцё, гледзячы, як з лаваў амфітэатру, як ўнізе, на арэне, жлукціць жыцьцё «залатая моладзь». Прыгожа так было зроблена, з тонкай сымболікай.

Пра жыцьцё, пра лёс, пра справядлівасьць. Пра тое, што беларусаў неяк спрадвеку цікавіла. Дзіўныя людзі. А пратэсты зімы-вясны - хіба не пра гэта былі?

Калі Бонд, то як жыць?

Ну а калі некага чытаюць ня так, як тую ж Бонд, а ў разы, ў сотні разоў менш, чым яе, дык што — класьціся паміраць? Не, паміраць у любым выпадку ня варта. Ды хай хоць адзін прачытае — можа яго жыцьцё зьменіцца, можа ён нешта зьменіць у ім. Сёньня куміры адны — заўтра іншыя, часам і нямногія ўплываюць на многіх і многае.

Ды і грамадзкае жыцьцё — шматграннае і шматмернае. Блогі чытаюць і глядзяць адных, кнігі чытаюць, магчыма, іншых, давяраюць экспэртнай думцы, ня выключана, трэціх, аказваюць палітычны давер нярэдка чацьвёртым.

Але што варта вынесьці з таго рэйтынгу блогераў? Што пры даволі распаўсюджаннай звычцы вяшчаць ад імя ўсяго беларускага народу варта ў гэтым дэманстраваць належную сьціпласьць. І не забываць, што нават проста ведае нават невялікая частка гэтага народу толькі вось гэтых. А не вас. Ну і не мяне, грэшнага.

Рэйтынг блогераў — гэта не ўнівэрсальны рэйтынг розуму, уплыву і грамадзкага дабра. Але ён мае пэўнае значэньне, і паводле яго Беларусь — краіна з тварам Ганны Бонд. Прычым, яшчэ раз нагадаю, якая Беларусь — прасунутая, маладая, гарадзкая, адукаваная, сацсеткавая. І ня трэба цешыцца ілюзіямі, што насамрэч гэты твар зусім, прынцыпова, кардынальна іншы.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.2 (оценок:13)