.

Спецпроект:
17.10.2017
Беларускі Калегіюм запрашае ў навуковае падарожжа «Абяцаная зямля філаматаў»

22 кастрычніка па маршруце: Менск – Крашын – Новая Мыш – (Cталавічы) – Завосьсе – Карчова (Туганавічы) – Сьвіцязь – Радагошча – Наваградак – Карэлічы – Вялікая Мядзьвядка – Менск.

Сёлета споўнілася 200 гадоў таварыству філаматаў – таемнаму дасьледчыцкаму і патрыятычнаму згуртаваньню студэнтаў Віленскага ўніверсітэту, з якога пачаліся нацыянальна-культурныя працэсы і вызвольныя рухі на беларускіх абсягах былой Рэчы Паспалітай.

- Як жменька студэнтаў здолела абудзіць сваё пакаленьне, даць надзею краіне, напалохаць імперыю, ускалыхнуць Эўропу і паспрыяць сусьветным зьменам?

- Якую ролю дзейнасьць і плёны філаматаў адыгралі ў фармаваньні беларускай ідэнтычнасьці?

- Якое месца займаюць філаматы і філарэты ў сучаснай беларускай сацыяльнай сьвядомасьці, культурнай прасторы ды інтэлектуальным дыскурсе?

- Як суадносіцца міжнародная вядомасьць і слава многіх філаматаў і філарэтаў з беларускай самаацэнкай і вобразам Беларусі ў сьвеце?

Каб паразважаць над гэтымі пытаньнямі і каб разам адзначыць гэты надзвычайны юбілей, мы выпраўляемся ў падарожжа па філамацкіх мясьцінах, на зямлю, якая і яднала, і натхняла Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Яна Чачота, Ануфрыя Петрашкевіча, Ігната Дамейку…

Мы наведаем той куток Беларусі, дзе нарадзіліся і вырасьлі трое з выбітных філаматаў – Адам Міцкевіч, Ян Чачот ды Ігнат Дамейка – чыё 215-годдзе споўнілася сёлета – і дзе многія з сяброў таварыства бавілі свой вольны час, сустракаліся разам ды абмяркоўвалі свае супольныя ідэі і планы.

Наш маршрут будзе пралягаць праз цікавыя мясьціны Баранавіччыны, Навагрудчыны і Карэліччыны, уключна са старажытнай сталіцай Вялікага Княства, з легендарным Навагрудкам. Мы наведаем два музэі Адама Міцкевіча – у Завосьсі і ў Наваградку, дасьледуем два касьцёлы з прадметамі інтэр’еру велізарнай значнасьці і прыгажосьці – у Крашыне і ў Новай Мышы. Мы убачым помнікі філаматам у Новай Мышы, Навагрудку, Карэлічах і Вялікай Мядзьвядцы, месцы, дзе 215 год таму нарадзіўся славуты герой Чылі, філамат Ігнат Дамейка. Пастаім каля славутага «камяня філарэтаў», ля якога, паводле традыцыі, сябры таварыстваў зьбіраліся на свае таемныя сходы, а таксама прыпынімся ля чароўнай Сьвіцязі – возера, пра якое Ян Чачот, Ануфры Петрашкевіч ды Адам Міцкевіч складалі вершы, паэмы і балады.

Падчас падарожжа мы зможам вывучыць колькі філамацкіх песень ды пасьпяваць іх разам, ажыўляючы наноў нашую двухсотгадовую спадчыну.

Вядзе падарожжа доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая – бібліст, філосаф, культуролаг, дырэктар Беларускага Калегіюму.

Арганізатар падарожжа – культурна-асьветніцкая ўстанова «Культура роднага краю».

Кошт падарожжа – 40 рублёў, студэнтам Калегіюму, заўсёднікам вандровак Культуры роднага краю ды групам ад 4-х чалавек – 37 рублёў. Музеі аплачваюцца асобна.

Атрымаць дадатковую інфармацыю і запісацца ў навуковае падарожжа можна па тэлефонах: +375-44-5386283 і +375-25-5458430 (Валерыя).

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:3)