.

Спецпроект:
17.10.2017
Дзьмітры Гурневіч, Радыё Свабода
Адна прычына, каб дамагацца адстаўкі Раўкова

Дзьмітры Гурневіч з Радыё Свабода адказвае «Нашай Ніве».

Зьміцер Панкавец назваў пяць прычынаў, чаму нельга адпраўляць у адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова. Намесьнік галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» называе яго найлепшым міністрам абароны за часы незалежнасьці Беларусі.

З гэтым, вядома, можна паспрачацца. І чытачы «НН» гэта робяць пад артыкулам. Але ўжо цяпер мы ведаем, што міністэрства, якім кіруе Раўкоў, не здало экзамэн у цяжкі час. Сьмерць у войску — гэта ня толькі беларуская праблема. Але нашая праблема ў тым, што нават пасьля трагічных выпадкаў Міністэрства абароны хавае іх і маніпулюе дэталямі. Як можна заплюшчваць на гэта вочы?

Віцэ-прэм’ерка Швэцыі страцілі пасаду, бо заплаціла працоўнай крэдыткай за шакалядку, цыгарэты і пампэрсы. Начальніца швэдзкага ўпраўленьня працы звольнілася пасьля публікацыі яе высокіх аплатаў за рабочы тэлефон.

Мэр Осла звольніўся пасьля таго, як яго землякі абурыліся фактам, што ён пераслаў грошы, якія атрымаў у спадчыну, на рахунак у Швайцарыі.

Міністарка адукацыі Нямеччыны звольнілася пасьля даказанага факту плягіяту доктарскай дысэртацыі.

Прэзыдэнт Нямеччыны падаў у адстаўку пасьля таго, як стала вядома, што за яго адпачынак у дарагім гатэлі заплаціў кінавытворца.

Прэм’ер Чэхіі падаў у адстаўку пасьля арышту ў справе карупцыі пяці ягоных супрацоўнікаў і каханкі, якая была начальніцай ягонага кабінэту.

Такія стандарты ў краінах, на якія мы хочам быць падобнымі. Не заўсёды так, але ёсьць стандарты і чаканьні ад палітыкаў.

У беларускай арміі ў мірны час паміраюць салдаты. Міністэрства ня проста ніяк на гэта не рэагуе, а спрабуе замесьці справы пад дыван. Гэта адна прычына, каб звольніць усё міністэрства і набраць туды новых людзей. Бяда ў тым, што нават пасьля самай магутнай чысткі ў МА армія наўрад ці зьменіцца. Бо не мяняецца сыстэма, у якой яна працуе.

Але мы мусім агучваць стандарты паводзінаў і выконваць іх. Калі мы шукаем плюсы ў аўтарытарнай сыстэме, то ці ня будзем мы цалкам заплюшчваць вочы на паталёгію ў дэмакратычныя часы? Калі мы ня будзем гэтага рабіць у мірны час, то пра якія патрабаваньні да войска і палітыкаў можна будзе казаць падчас канфліктаў ці вайны?

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:29)