.

Спецпроект:
12.10.2017
Іна Студзінская, Радыё Свабода
Генэрал Гайдукевіч: «Камандзіра часткі ў Пячах адназначна трэба здымаць»

Намесьнік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі генэрал-маёр Валер Гайдукевіч лічыць, што камандзіра вайсковай часткі ў Пячах трэба здымаць з пасады.

— Я з такімі у свой час не цырымоніўся і нават не размаўляў — звальняў адназначна, — сказаў Свабодзе генэрал-маёр.

Валер Гайдукевіч

— Вы праслужылі ў войску больш за 40 гадоў, прайшлі прыступкі ад камандзіра ўзводу да камандзіра ўнутраных войскаў, служылі ў Аўганістане. Ад каго залежыць парадак і дысцыпліна ў частцы? Хто вінаваты ў гібелі хлопца ў Пячах?

— Усё залежыць ад камандаваньня часткі, а таксама ад камандзіраў малодшага зьвяна. Калі нармальна займацца з асабовым складам, праблем у вайсковай частцы быць не павінна.

Цяпер у частцы працуюць сьледчыя, я спадзяюся, разьбяруцца. Але нават калі браць асноўную вэрсію — самагубства, у такім маладым узросьце заканчваць так жыцьцё жудасна! У войску не павінна быць сытуацый, каб хлопцы ішлі на такі крок. З маладымі салдатамі трэба займацца. І займацца павінны камандзіры.

Я камандаваў ротай, батальёнам, палком — адслужыў амаль 40 гадоў, і я ні ніводнага салдата не пасадзіў, ніводны ня быў забіты. У арміі павінны быць дысцыпліна і парадак. Кожны павінен займацца справай.

Калі я камандаваў унутранымі войскамі, капітальна рамантаваў старыя і будаваў новыя казармы, я загадаў паставіць відэакамэры. Камэры ўсталявалі ў спальных памяшканьнях, у пакоі са зброяй і ў сталовай. І ўсё было выведзена на пульт дзяжурнага па часьці, ён мог бачыць любую казарму кругласутачна. Гэта вельмі дзейсны спосаб не дапусьціць беспарадкаў.

— Хлопец, які загінуў у Пячах, скардзіўся маці і сябрам на зьбіваньне, зьдзекі. За кожны дзень знаходжаньня ў мэдсанчастцы зь яго вымагалі грошы — 15 рублёў на суткі, банкаўскую картку забраў прапаршчык і здымаў грошы, якія маці рэгулярна дасылала хлопцу. У нашай рэдакцыі ёсьць фатаздымкі цела — паўсюль гематомы. Як такое можа адбывацца ў войску? Няўжо нельга знайсьці і пакараць гэтых прапаршчыкаў і сяржантаў?

— Можна і неабходна разабрацца. І прымаць самыя жорсткія захады. Мне цяжка патлумачыць такія дзікія рэчы. Такі прапаршчык даўно павінен быць вылецець з войска. Куды глядзелі камандзіры? Паверце, у мяне вельмі цяжкі асадак ад гэтага дзікунскага выпадку.

Магіла Аляксандра Коржыча, які загінуў у Пячах

— Але прапаршчыкі і сяржанты некалі таксама пачыналі служыць. Што адбываецца ў іх у мазгах, які пералом, на якім узроўні, калі яны становяцца камандзірамі? Можа, нейкія псыхалягічныя тэсты трэба ўвесьці для камандзіраў малодшага зьвяна, перад тым як давяраць ім маладых салдатаў?

— Ня ведаю, мабыць, адбываецца нешта ў мазжачку незразумелае... Псыхалягічныя тэсты таксама варыянт.

— А хто канкрэтна павінен несьці адказнасьць за такія рэчы?

— Адказнасьць павінен несьці камандзір часткі. Адназначна. Бацькі яму дзяцей даверылі. Ён павінен вярнуць сына такім жа здаровым, нармальным, якім прыйшоў у войска. У сьмерці хлопца вінаваты камандзір. Гэта ўсё ад бязьдзейнасьці чалавека, які павінен адказваць за парадак.

Такога камандзіра часткі з пасады трэба здымаць адназначна. Я ў свой час з такімі камандзірамі не цырымоніўся. Я б яго ўжо даўно зьняў. Нават не разьбіраўся б і не размаўляў, звольніў.

— Афіцэр, які мае гонар і годнасьць, павінен у такім выпадку зьняць пагоны і сысьці, але камандзір часткі ў Пячах нават пасьля такога розгаласу гэтага не зрабіў. Хто павінен яго зьняць з пасады, на якім узроўні?

— Міністар абароны, вядома.

— Чатыры выпадкі быццам бы самагубства салдат былі летась у Барысаве. Сёлета яшчэ два. Гэта, на вашу думку, нармальна?

— Безумоўна, ненармальна. Трэба разьбірацца.

Архіўнае фота. Аляксандр Коржыч, які загінуў у вайсковай частцы ў Пячах

— Здаецца, што прасьцей за ўсё навесьці парадак у войску. Там жа «загад камандзіра — закон для падначаленага». Няўжо гэта так цяжка?

— Усё правільна. Я гэтымі пытаньнямі — дысцыплінай і парадкам — займаўся штодзённа. Не ва ўсім войску непарадак. Хто добрасумленна працуе, там усё нармальна. Усе ўсё разумеюць, але не ва ўсіх атрымліваецца. У каго атрымліваецца, павінен служыць, у каго не — сысьці. Трэба штосьці рабіць.

— Пра «вучэбку» ў Пячах ужо дзесяцігодзьдзямі ходзіць дрэнная слава. Бацькі баяцца адпраўляць дзяцей у войска. Няўжо нельга навесьці парадак канкрэтна ў Пячах?

— Можна і неабходна. Гэта вучэбнае падразьдзяленьне, там наагул павінен быць ідэальны, узорны парадак. Гэта ж не страявая частка, а вучэбнае падразьдзяленьне, дзе рыхтуюць спэцыялістаў. Адназначна можна навесьці парадак. Безумоўна, у гэтым падразьдзяленьні нешта ня тое. Але не ва ўсёй арміі. Што да Пячэй, трэба прымаць самыя жорсткія захады.

 

***

Валер Гайдукевіч нарадзіўся у 1953 годзе ў Бегамлі. Скончыў Разанскую вышэйшую паветрана-дэсантную вучэльню, Вайсковую акадэмію імя Фрунзэ і Вайсковую акадэмію Генэральнага штабу Ўзброеных сіл РФ, Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі. Прайшоў усе прыступкі вайсковай службы, быў намесьнікам міністра ўнутраных спраў — камандзірам унутраных войскаў Беларусі. З 1979 па 1982 год праходзіў службу ў Аўганістане. Генэрал-маёр. Намесьнік пастаяннай старшыні камісіі ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.7 (оценок:14)