.

Спецпроект:
10.10.2017
Аляксандра Дынько, Радыё Свабода
«У цэнтры Эўропы — параша»

28-гадовы Мікалай Мякшыла зь Ліды — пратэстант, прадпрымальнік, і крымінальнік паводле беларускіх законаў.

Два месяцы турмы ў нялюдзкіх умовах і год абмежаваньня волі па крымінальным артыкуле — так ацаніла беларуская дзяржава ягонае самавыказваньне.

Мікалай — хлапец з вышэйшай адукацыяй і разважлівай гутаркай. Калі мы ўпершыню сустракаемся зь ім у Лідзе, цяжка паверыць, што ён прынцыпова пакінуў надпіс на помніку Леніну.

Паверыць у тое, што адбывалася зь ім пасьля, нашмат лягчэй.

«Сядзець будзеш, паскуда»

Справа ня ў помніку — у труне я бачыў гэтага Леніна. Справа ва ўсёй сытуацыі. Пераломным пунктам стала, калі яны вырашылі паставіць яму чарговы помнік у Менску. І ў канцы сакавіка я ўзяў аэразольны балёнчык з фарбай і вырашыў перайменаваць помнік, напісаў на ім «сатана». Напісаў — і ўсё. Далей мне нават не было цікава. Праз тыдзень-два падышоў, гляджу, апэратыўна яны ўсё зафарбавалі. Гэта я пасьля ўжо даведаўся, што была заведзеная крымінальная справа па ч.1 арт. 339 КК РБ.

Я падумаў, што, напэўна, мала, раз яны так адрэагавалі. Трэба паўтарыць. Прайшоў прыкладна месяц. Так атрымалася, што быў дзень народзінаў гэтага Леніна. Я дату дакладна ня памятаю, але памятаю, што ў дваццатых днях. Так проста супала. Другі раз я ўжо спантанна падышоў. Гэта быў пачатак пятай раніцы. Толькі я пачаў маляваць, 2–3 літары пасьпеў напісаць, і тут падбягаюць ззаду двое, выкручваюць рукі, б’юць па нырках і цягнуць на газон. Яны мяне зьбілі рэзкім ударам з ног, так схапілі, што адзеньне парвалі і гузікі паадляталі. Яшчэ чалавекі 3–5 набеглі, сталі мяне мясіць нагамі без разбору. Куды папала — па галаве, па шыі, па нырках, па нагах.

Яны яго вартавалі. І, я так разумею, ня толькі ў Лідзе. А паспрабуй паставіць 4–6 жарабцоў аховы да кожнага ідала, гэта ж які расход бюджэтных грошай. Калі ў падаткаплатнікаў спытаць, ці яны згодныя з такім расходаваньнем сродкаў, ня думаю, што яны скажуць, што гатовыя гэта аплачваць.

Пасьля адзін наступіў мне на патыліцу, каб я нічога ня бачыў. Я нейкі час ня мог дыхаць, і яны скруцілі рукі за сьпінай і сталі надзяваць наручнікі.

Вы б чулі, як яны трыюмфавалі: прэміі, падвышэньне, пагоны, «ты малайчына». Так і казалі. Я кажу: «Дайце ўстаць, хлопцы, холадна ж». А яны мне: «Не, ляжы, пан, сядзець будзеш, паскуда».

Трапіў я ў Сьледчы камітэт. Там пасыпаліся пытаньні, якія мяне ўводзілі ў ступар: «Чаму вы так часта езьдзіце за мяжу?» «Як вы ставіцеся да палякаў?» «Чым вам Ленін нашкодзіў?». Кажуць: «Прызнавай першы эпізод, тады мы да цябе ляяльна і ўвогуле зараз адпусьцім». Я кажу: «Ну, так, першы эпізод я, чаму не».

«З запясьцяў кроў цякла ад наручнікаў»

У мяне пытаюцца пра ўмовы, але ўмоваў там проста няма. Пацукі, мышы, тараканы, блохі, клапы — усё ёсьць. Камэра — гэта хутчэй сховішча для гародніны. Першыя трое сутак я нічога ня еў. Было невыносна холадна. Я там у позе эмбрыёна ўвесь час быў, дзьве шконкі верхнія былі вольныя, дык мы з сукамэрнікам накрываліся тымі матрацамі, што нікатынам прасякнутыя.

Там сталі мне наносіць візыты ўсялякія опэры, прыяжджаў з Горадні супрацоўнік спэцыяльнага аддзелу, які пытаўся: «Дзе рэпартаж? Дзе матэрыялы па тваёй справе? Хто табе заплаціў? Колькі табе заплацілі?». У мяне гэтыя пытаньні выклікалі сьмех, таму такія ж і адказы былі. Пытаўся, ці не арганізатар я нейкага руху. Па-мойму, у гэты ж час яшчэ недзе ў Беларусі такое адбывалася.

Настрой першы час быў ня вельмі. Мяне перавялі ў камэру зь віч-інфікаваным. Натуральна, пра такое ніхто не папярэджвае. Аднаго з сукамэрнікаў «прынялі» проста з вакзалу, і што такое душ, ён апошні раз бачыў на тым жа вакзале па тэлевізары. Усе чацьвёра сукамэрнікаў курылі. Курылі ўсё, што было пад рукамі. Напрыклад, гарбату. Няма гарбаты — з матраца валокны дастаюць і кураць. Няма матраца — бярэш даміно і пачынаеш стругаць, і гэтае пілавіньне можна курыць.

У Лідзе я прабыў тыдзень. Праз трое сутак я ўжо зразумеў, што мяне не адпускаюць. З «кармушкі» працягнулі дакумэнты — абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні злачынства.

Пасьля мяне этапавалі ў турму ў Горадню. Я калі ў войску служыў, зампаліт, незразумела зь якой мэтай, ладзіў туды экскурсіі. Мае таварышы па службе казалі: «Давай паехалі, у нарад ня пойдзем». А я кажу: «Не, не паеду, мне ў гэтай турме няма чаго рабіць». А тут я ў гэтую турму трапіў. І так, што сам цяпер магу па ёй экскурсіі вадзіць.

За ўвесь час у турмах я пабываў у 8 камэрах, калі не лічыць карантын. На першы погляд, што такога: узяў рэчы і пайшоў. Але я зразумеў, што ў звычайным жыцьці ніколі б такіх людзей не сустрэў. Толькі што розных рас не было. А так — розныя краіны, розныя культуры, розныя рэлігіі, наркаманы, забойцы, бандыты, махляры. Былі і карупцыянэры.

Сустрэў чалавека, які ня ўмее чытаць і пісаць. Бачыў паганца, ён пакланяўся Вялесу. Бачыў рэлігійнага фанатыка, які сказаў: «Вось гэты кут намолены, сюды ня сьмеціць, не хадзіць, не ступаць». У яго з гэтым рэжым быў стражэйшы, чым сам турэмны. На мяне адзін рапарт напісалі за ляжаньне на шконцы. Я каля ў Лідзе на марозе пабыў, у мяне пасьля пераводу ў Горадню на 8–9 суткі арганізм ня вытрымаў і паднялася тэмпэратура.

Мэдыка я не дабіўся, яны баяліся, напэўна, што я буду пабоі здымаць. У мяне былі сьляды, бо з запясьцяў кроў цякла ад наручнікаў. Люстэрка там не было, але сукамэрнікі казалі, што на сьпіне былі відаць сьляды ад ног. Пабоі я не здымаў. Мне казалі, каб я пісаў заяву ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў. Спачатку ў мяне была такая думка, але пасьля я зразумеў, што гэта бессэнсоўна, толькі час губляць.

Я дайшоў да начальніка турмы, пісаў, што гэта вашае наўмыснае бязьдзеяньне. Аднойчы ўжо лёг на праверцы, яны зайшлі, кажуць: «Давайце падымайце гэтае цела». А сукамэрнікі: «Не, ён ужо не ўстае». Тады яны моцна замітусіліся. Прыйшоў доктар, сказаў, што «ў нас ёсьць трыпутнік і вугаль, а іншых мэдыкамэнтаў няма, і ўвогуле ў нас тут ня хуткая дапамога і ляжаць табе нельга». Ратаваўся тады кіпнем, а хтосьці з сукамэрнікаў даў мне анальгін.

«Нас вывелі на вуліцу, паставілі на калені і прывязалі на ланцуг»

У нас была кутняя камэра, з краю. Сырая, плесьня чорная зьвісае проста са столі. Сядзіш у гэтым усім, думаеш, колькі тут за 200 гадоў лёсаў зьнявечылі. Сьвятло праз краты цьмянае, лямпачка ўвесь час гарыць. Чытаць ня будзеш, бо зрок сядае.

У Горадні цікавая канструкцыя шконкі. З вугалка звараны каркас і з палосаў мэталу жардзіны. І калі ты кладзесься на матрац, які за доўгія гады целамі зэкаў пралежаны, то ляжыш на гэтай шконцы, як на грылі. Усё ў рэбры ўпіваецца, ані выспацца, нічога.

Калі баландзёры разносяць ежу, то чуваць, як ім з кармушак крычаць: «Каб табе жонка ўсё жыцьцё так гатавала». Ня ведаю, што прасьцей, чым зварыць бульбу ў супе да гатовасьці, але ў турме яна на зубах хрумсьціць. Калі б не перадачкі, то ногі можна працягнуць.

Лісты да мяне не даходзілі, адзін толькі перад судом ужо атрымаў. І мае таксама не дайшлі. У мяне сувязі са зьнешнім сьветам не было аніякай. Я зьнік імгненна. Топ-3 вэрсіі майго зьнікненьня ад знаёмых: 1. Эміграваў у Амэрыку; 2. Эміграваў у Эўропу; 3. Памёр. Кажуць: мы даведаліся, што ты ў турме, і вельмі ўзрадаваліся, бо думалі, што ты памёр.

Этапавалі мяне некалькі разоў з Горадні ў Ліду і назад. Этап — гэта на выжываньне. Могуць 3–4 разы распрануць дагала, паглядзець, што ты мог там у якіх месцах пранесьці. Прыніжэньні, зьдзекі, хамскае стаўленьне. Але ў мяне да гэтага выпрацаваўся імунітэт, таму я ня вельмі наконт гэтага заганяўся.

У Лідзе на вакзале «сталыпінскі» вагон стаў у нязручным месцы. Нас вывелі на вуліцу, паставілі на калені і прывязалі на ланцуг. І мы доўгі час у такой позе прабылі. А мне добра — чыстае паветра, родны горад, людзі вакол ходзяць цывільныя, цікава. Адна дзяўчына, бачу, у шокавым стане ад гэтага ўсяго, на мосьце людзі сталі, глядзяць на нас. Пасьля мы на каленях гуськом падышлі да варанка, а туды пакуюць, як стосы паперы, каб не паварушыцца, і з сырэнамі завезьлі ў лідзкую КПЗ. Там ізноў распрананьні, праверкі.

Я гэтай сыстэмы не разумею. Ці яны не давяраюць адзін аднаму, ці хочуць рапарты пісаць адзін на аднаго.

Былі і нахабныя людзі, былі і нармальныя, якія разумелі, што я найперш чалавек. Але гэта працэнтаў пяць.

Некаторыя падыходзілі і казалі: «Слухай, хлапец, ты, канечне, правільна зрабіў, але мала, трэба было інакш».

Апроч уласна злачынства, выставілі пазоў, што трэба гэты кавалак бэтону за мае грошы прывесьці ў парадак. Таксама сьмяяліся ў турме, што нарэшце за твае бабкі адгальвануюць яго, выйдзеш, а ён ужо ўвесь бліскучы, цешыць людзкое вока.

Я ня думаў, што мне дадуць рэальны тэрмін. У мяне крыштальная гісторыя, я не прыцягваўся, не судзімы. Цяпер праваабаронцы кажуць, што тут востра стаіць пытаньне кваліфікацыі і артыкула. Ёсьць асобны артыкул, які прадугледжвае дакладна ўсе дзеяньні, якія я зрабіў. Але паводле яго мяне нельга браць пад варту. Судзьдзя мяне на судзе стаў апытваць, ці я належу да палітычных партый. І чырвонай ніткай ішло слова «апазыцыя». Я не магу гэтага зразумець. Чаму аўтаматычна, калі ў мяне ёсьць свая думка, я адразу апазыцыя?

Пракурор запатрабаваў адзін год абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову закрытага тыпу. Судзьдзя задаволіў. І мяне ў залі суду адпусьцілі. Два месяцы агулам я там правёў. Але адчуваньне было, што паўтара года ці два. І ўжо нібыта прызвычаіўся да гэтага ўсяго. Калі выходжу адтуль, то першае адчуваньне — чыстае паветра. Гэта проста не перадаць. Яшчэ дождж прайшоў, я выйшаў бліжэй да лесу, думаю: трэба ў слоік набраць і чайнай лыжкай паветра есьці. Гэта нерэальна, ты сядзіш, там такі кумар, людзей не відаць. Гэта моцна ціснула.

Я нікуды выехаць не магу, не магу нармальна працаваць, пастаянны кантроль. Могуць выклікаць на «паласканьне мазгоў», два разы на месяц трэба хадзіць адзначацца.

Я вернік пратэстанцкай царквы. Для мяне важна быць у кантакце з Богам і мець магчымасьць прыйсьці і пакланіцца Яму, калі ты можаш. Цяпер я не магу, бо ў выходныя мне нельга з кватэры выходзіць.

Не магу зразумець, чаму ў 2017 годзе ў Беларусі культывуюць гэтую сумнеўную фігуру. Нам яна ў выглядзе такіх пастамэнтаў не асабліва патрэбная. Можна паставіць помнік іншым годным беларусам. Я разумеў, што іх гэта зачэпіць, і яны будуць глядзець на гэта не ў кантэксьце майго стаўленьня да ідала, а да пазыцыі ўладаў. Я так і казаў, што гэта маё стаўленьне да сытуацыі ў краіне. Але моцна не разгортваў сваё бачаньне, як гэта павінна быць.

Чаму сатана? Я асабліва не раздумваў, часу не было. Палічыў, што гэта кароткае, ёмістае, дакладнае слова. Для мяне Ленін — сымбаль. Я ня тое каб антыкамуніст, але я бачу ў гэтым праяву дзеяньняў цяперашніх уладаў. Гэта з камунізмам не зьвязана. Калі ты хочаш нешта новае і пры гэтым папулярызаваць гэтую фігуру, то я з гэтым нязгодны.

Я пытаюся ў сяброў, якія зьехалі з краіны: «І як там табе?». Адказ: «Ты ведаеш, мне на ўсё хапае, я ем, што хачу, адзеньне купляю, у мяне ўсё ёсьць». І кожны мне кажа — я магу паесьці, я магу апрануцца. Гэта «чарка і скварка». Як мала беларусу трэба для шчасьця. А тут яны ня могуць паесьці і апрануцца? І гэта краіна ў цэнтры Эўропы?

Я пра «цэнтар Эўропы» згадаў, калі ў турме былі з санвузлом праблемы. Стаў абурацца, а мне там кажуць: «Ды супакойся ты, два гады таму тут яго ўвогуле не было, а была параша». Значыць, у краіне ў цэнтры Эўропы параша — гэта нармальна.

Што зь ленінымі рабіць? Тое, як іх ва Ўкраіне валілі, гэта сымбалічна. Ён валіцца, ламаецца, гэта значыць, эпоха прайшла, людзі бачаць, што ўсё, канец. Ну, два [леніны. — РС] хай стаяць у музэі. А астатнія трэба прыбраць, каб пра іх ніхто ня згадваў і ведалі толькі з падручнікаў гісторыі. І каб там было напісана пра чырвоны тэрор, забойствы, чалавекабойню ў Кіеве, дзе на некалькі цаляў кроў стаяла. Каб людзі разумелі, каму вы помнік паставілі і каму вы гвазьдзікі носіце на дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Ці варта гэта было? Гэта ня толькі вашае пытаньне. Некаторыя нават адразу на яго адказваюць, калі са мной размаўляюць. Канечне, гэта не было варта нэрваў родных і блізкіх, сьлёз іх. Бо самым спакойным у гэтай сытуацыі заставаўся я, і больш перажываў, каб нічога з блізкімі ня здарылася.

Але я ня думаю, што беларусам проста так скажуць: «Вось вам свабода, трымайце». Павінна быць заплачаная цана. Калі за гэта трэба сядзець у турме, то я пасяджу. Мяне цяжка чымсьці ўжо зьдзівіць, я, як таракан, выжыву ў любых умовах. Я у акцыях ня ўдзельнічаў. Першы раз нешта зрабіў і за гэта атрымаў. Я глядзеў фільм, хто выходзіць на акцыях. Ідзе дзяўчына маладая, гадоў 19 на выгляд. Я ня ведаю, ці яна разумее, чым гэта можа скончыцца. І я злавіў сябе на думцы, што шмат хто не разумее. Тыя, хто ўдзень выйшаў і ведае, што ўвечары можа дахаты не вярнуцца, — я думаю, нацыянальныя героі ўсе па прозьвішчах. Яны ведаюць, куды яны ідуць.

Я ня ведаю, што можа ў краіне адбыцца, каб людзі зразумелі, што «ўсё, хопіць». Тут ужо ўсё адбылося. Але яны чагосьці чакаюць. Ну, хай чакаюць.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.4 (оценок:63)