.

Спецпроект:
09.10.2017
Павел Печанько, фота аўтара
«Бульба — гэта такі беларускі даляр. Стабільны: ні расце, ні падае»

На некалькіх пляцоўках сталіцы ўжо трэція выходныя праходзіць сезонны сельскагаспадарчы кірмаш. Пра кошты на садавіну-гародніну і атмасферу — у фотарэпартажы «Салідарнасці».

Штогадовы сельскагаспадарчы кірмаш у сталічнай Чыжоўцы традыцыйна збірае вялікія натоўпы ахвочых закупіцца на зіму гароднінай і садавіной. Стаянка побач з «Чыжоўка-Арэнай» забітая пад завязку. Крайняя правая паласа ад заапарка да гатэля «Арэна» таксама застаўленая аўтамабілямі.

На падыходзе да кірмаша дзве маладыя сям’і абмяркоўваюць кошты. Маўляў, які ж гэта кірмаш, калі на той жа Камароўцы ўсё тое самае, і каштуе аднолькава. Побач пенсіянеры бурчаць, што трэба было бульбу набываць учора, бо сёння яна ўжо даражэйшая. Што праўда, бульба сапраўды падаражэла на капеек 10-12.

Тым часам на сцэне выступае чарговы вакальны калектыў з Гарадзеншчыны з песняй пра галоўны беларускі дэлікатэс. Не, не пра бульбу – пра сала. На словах пра кабанчыка, які рохкае ў хляве, бабуля на лавачцы ўздыхае: «Дзе зараз ужо тыя кабанчыкі?»

На кірмашы самыя заўважныя і галасістыя прадаўцы бульбы. «Другога хлеба» тут навалам, таму даводзіцца прыцягваць увагу. Шмат хто звяртаецца да пакупнікоў па-беларуску.

– Какой это у вас сорт картошки? – пытаецца ў гандляра жанчына сталага веку.

Гандляр адразу бярэ быка за рогі:

– Смачны! Бярыце, бярыце. Дома зварыце, пакаштуеце і падумаеце: «Чаму ж я больш не купіла»?

Побач сямейная пара прыглядаецца да бульбы ў сетках:

– Вроде чистая она у вас… А проволочника в ней нет?

– Такой жывёлы не трымаем! Сам правяраў!

Цётка пачынае жартаваць у адказ:

– А грузчика своего вы кормите?

Грузчык, сын прадаўца, на выгляд школьнік, бурчыць сабе пад нос:

– Ага, бульбай и кормят. И сала иногда кусочек дают.

Амаль у кожнага гандляра ёсць невялікі вазок, які даюць пакупнікам на пракат, каб давезьці да аўто мяхі з бульбай. Кошты на бульбу не мяняюцца апошнія гады чатыры. Сёлета яна каштуе ад 28 капеек да 40 за кг. На пытанне, чаму гадамі не мяняюцца кошты, адзін з прадаўцоў паціснуў плячыма, а пасля выдаў з гумарам: «Бульба – гэта такі беларускі даляр. Стабільны: ні расце, ні падае. Праўда, скупляюць яе масава толькі раз на год».

Іншая гародніна ад году ў год патроху даражэе. Садавіна падаражэла больш істотна. Некаторыя гатункі яблыкаў прадаюць за 2 – 2,20 рублі за кг. У 2014-м самыя дарагія яблыкі прадавалі за 15000 рублёў. Грушы ад 1,80 да 2,50 руб. Праўда, сёлета на кірмашы вельмі шмат яблыкаў не вельмі таварнага выгляду, для хуткага спажывання, а не для захоўвання. Адпаведна і каштуюць яны значна танней.

Людзі сталага веку набываюць найперш бульбу, моркву, буракі і цыбулю. Шмат пенсіянераў і каля намётаў з мяснымі прадуктамі. У гэтыя выходныя кірмаш акупавалі прадстаўнікі Гарадзеншчыны — былі заўважаныя гандлёвыя кропкі Слонімскага, Ваўкавыскага, Шчучынскага і Гарадзенскага мясакамбінатаў.

Даўжэзная чарга стаяла па яйкі — дзесятак прадавалі за адзін рубель. У чарзе стаялі і маладыя, і старыя. Традыцыйныя чэргі збіраліся і каля цыстэрнаў з жывой рыбай. Паміж намётамі з садавіной і гароднінай прыстройваюцца гандляры з рознай зусім не сельскагаспадарчай драбязой — канцыялярскімі таварамі, ліхтарыкамі і сумнеўнай якасці цацкамі.

Мужчына перадпенсійнага вегу з сеткай перцаў у адной руцэ і з сеткай цыбулі ў другой раздражнёна пытаецца ў жонкі, навошта яна купіла парасон. Тая вінавата апраўдваецца, маўляў, унуку ў школу хадзіць.

Зрэшты, кірмаш такая справа, што выправіўшыся туды выключна за парай галовак капусты і кілаграмам цыбулі, цяжка вярнуцца дахаты без паловы кавуна, кіслых агуркоў з бочкі і вось таго лаўровага «веніка».

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.4 (оценок:17)