.

Спецпроект:
16.09.2017
Мядзведзь: «Якая розніца што 7 раз чэмпіён, тры Алімпіяды — а пенсія адна і тая ж… Як ва ўсіх — 130 новымі»

Славуты барэц Аляксандр Мядзведзь распавеў, якую атрымлівае пенсію.

16-га верасня спаўняецца 80 год жывой беларускай легендзе – лепшаму барцу вольнага стылю на планеце, лепшаму спартоўцу Беларусі ў 20 веку, што сышоў з дывана непераможным і нескароным, – Аляксандру Мядзведзю. Напярэдадні ён даў інтэрв’ю Радыё Рацыя, дзе паміж іншага расказаў пра тое, як дзяржава цэніць яго заслугі.

Прапануем вам урывак з гэтай размовы.

— Усё-ткі самы запамінальны бой можаце назваць?

— Так, з Крысам Тэйларам. Ён быў у зараз адмененай катэгорыі 200 кг. У Мюнхене паспрабаваў яго ўзняць і… зарабіў траўматычны радыкуліт. У немцаў "за ікорку" выменялі добрыя ўколы, што мне ўсю ноч калолі. Зранку выйшаў на дыван і выйграў Алімпіяду. Хоць пасля тае сустрэчы сам не мог апрануцца – штаны на мяне нацягвалі ў шпіталі… А ў 59-м годзе, яшчэ на службе, захварэў грыпам і ляжаў у ізалятары. Тым часам праходзіў чэмпіянат Узброеных Сіл СССР. І мяне загадам «выцягнулі» бароцца. Не, каб «паберагчыся» і прайграць — пайшоў на перамогу да канца. Там зарабіў «мігальную арытмію», з якой прахадзіў фактычна да канца кар’еры. Урач, што мяне курыраваў, баяўся падпісваць пасля паперы на дазвол. Асабліва на высакагорнай Алімпіядзе ў Мехіка, дзе губляў ад перападаў ціску прытомнасць. Але праз гадзіну, як ачуняў — зноў на дыване. Пасля гэтага ўжо ў Менску на прыёме Пётр Міронавіч Машэраў падышоў — кажа, шмат і так зрабіў, мо ў Мюнхен не паедзеш? Не, падрыхтуюся і перамагу. Пасля Мюнхена ён мяне асабіста сустракаў.

— Што рухала да гэтай безагляднасці?

— А як тады меркавалася — Радзіма даверыла, ідзі да канца. Тым больш, практыка была такая — патрапіў у зборную, выйграеш, дык ляці ў літаральным сэнсе далей. Другое ці трэцяе месца — вылятаеш. Так што трымаў заўжды вуха вострым, бо ззаду напіралі пастаянна годныя канкурэнты.

— Але пасадзі Вас зараз у машыну часу і перавязі на цаліну, адкуль пачаўся Шлях — паўтарылі б яго з усімі цернямі і ахвярамі дзеля таго, каб зведаць «100 гадзін шчасця2 на п’едэстале?

— Шчыра прызнаюся — НЕ! Надта ж цяжкі шлях. У мяне сын Аляксей таксама займаўся барацьбой, стаў чэмпіёнам свету і…адмовіўся займацца далей – бацька, маўляў, такім як ты не стану, а прозвішча псаваць не варта (смяецца ). А часам падумаць: якая розніца што 7 раз чэмпіён, тры Алімпіяды — а пенсія адна і тая ж…

— Няўжо праўда тое, што мне казалі?

— Так – афіцыйна, як ва ўсіх – 130 новымі. Нармальна — на лекі, хоць і не ўсе, хапае. Пісаў наверх заявы — маўчаць. Але ў юбілей не будзем пра гэта…»

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 2.5 (оценок:27)