Спецпроект:
13.09.2017
Метадыстка Цэнтра дадатковай адукацыі: «Мяне прымусілі звольніцца за бел-чырвона-белы сцяг»

Чытачка распавяла прыкрую сітуацыю, што тыдзень таму адбылася ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Мінска. Жанчына дагэтуль знаходзіцца ў прыгнечаным стане.

Усё праз старонку ў сацыяльных сетках, дзе яна дазволіла сабе выкласці фота з бел-чырвона-белым сцягам і зрабіць рэпосты са старонак «Мая краіна Беларусь» ды «Стоп Лука».

— Дырэктар цэнтра сказала, што мной зацікавілася начальніца ўпраўлення спорту і турызму адміністрацыі Першамайскага раёна Людміла Барысенка. Я ўжо тады зразумела, што нешта не тое, бо ў раёне працуе амаль тысяча чалавек, і такая пільная ўвага да мяне выглядала даволі дзіўна. Літаральна праз дзень дырэктар мяне выклікае і кажа: «Як ты магла?» — прыгадвае Ірына. — Яна абурылася маімі старонкамі ў сацыяльных сетках, хоць у мяне там няма нічога забароненага. Так, ёсць фота, дзе я з бел-чырвона-белым сцягам, перапосты з беларускіх суполак. Пасля непрыемнай размовы дырэктар сказала мне ўзяць адпачынак за свой кошт, а 4 верасня я ўжо забірала свае дакументы.

Жанчына распавядае, што па дакументы яна зайшла з калегай, але дырэктарка захацела пагутарыць з ёй сам-насам:

— Яна давяла мяне да таго, што я хацела выклікаць «хуткую»! Стала мне казаць, які я дрэнны чалавек, што я зганьбіла краіну і прэзідэнта, які даў мне адукацыю. Я адказала, што адукацыю мне даў не прэзідэнт, што я яе атрымала сама. Але далей мне пачалі тлумачыць, што я мушу радавацца, бо «жыву пад мірным небам над галавой» і далей у тым жа духу, — кажа Ірына. — Дырэктар прыгадала мне і тое, што я ездзіла ва Украіну, маўляў: «Хочаш, каб як у тваіх хахлоў было?»

Цяпер Ірына атрымлівае ступень магістра ў беларускім ВНУ, вывучае паліталогію. Жанчына кажа, што падчас «прафілактычнай гутаркі» дырэктар цэнтра паабяцала ёй пагутарыць з «асобамі, якія выхоўваюць пакаленне, якое нікога ні ў што не ставіць» і запісала імя і прозвішча рэктара.

Ірына кажа, што яшчэ адной прычынай звальнення мог стаць іншы канфлікт з адміністрацыяй, які здарыўся ў Цэнтры перад гэтым.

— Ва ўстановах адукацыі напярэдадні новага навучальнага года ўсе кабінеты прыводзяць у парадак. У маім падпарадкаванні былі тры кабінеты. Адзін з іх быў зусім ніякі, і я папрасіла свайго мужа, які займаецца будаўніцтвам, дапамагчы з рамонтам. Ён цалкам перафарбаваў кабінет, давёў яго да ідэальнага стану. Аднак пасля гэтага ў яго з намеснікам дырэктара адбыўся непрыемны дыялог, — кажа жанчына. — Муж сказаў намесніцы дырэктара, што за такую працу па законе павінны даваць адгул. На што ў адказ яму прагучала: «А давайце не будзем пра закон». Ён прынцыповы чалавек, таму настойваў: «А давайце будзем».

Намеснік развярнулася і сышла. Потым мне дырэктар яшчэ казала, які мой муж нягоднік, такі самы, як і я, бо абразіў бедную жанчыну. Я перапыталася: «А нічога, што мой муж цалкам зрабіў вам кабінет?» Адказ быў такі: «Нічога, гэта ён табе дапамагаў, гэта ўласная ініцыятыва». Карацей, зрабілі кабінет і засталіся вінаватымі.

Ірына кажа, што цяпер ёй цяжка маральна, паколькі давялося выслухаць на свой адрас і адрас блізкіх людзей шмат непрыемных рэчаў. Прычым, паводле слоў жанчыны, дырэктар цэнтра таксама тэлефанавала і выгаворвала брыдкасці яе свекрыві. Цяпер Ірына збіраецца працягваць адукацыю і адкрываць ІП, паколькі не бачыць магчымым працаваць далей у гэтай сістэме.

Тым часам дырэктар мінскага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Арт» Таццяна Бакуновіч адмаўляе, што прымусіла работніцу звольніцца.

— У нас не магло быць такой сітуацыі, — пракаментавала яна «НН». — Кожны чалавек мае права напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні.

Дырэктар цэнтра адмаўляе і тое, што праглядае старонкі сваіх супрацоўнікаў у сацыяльных сетках.

— Вы ў сваім розуме? Вы што такое гаворыце! Мне не да сацыяльных сетак, у мяне столькі працы, што я ні ў якія сацыяльныя сеткі не ўваходжу! Вазьміце праверце, калі вам так цікава. Мяне нідзе няма абсалютна, і я гэтага не раблю. Я што, з дубу звалілася? Пра што вы гаворыце? Мне 63 гады, я 20 гадоў працую тут дырэктарам!, — аргументавала Таццяна Бакуновіч.

Мы таксама запыталіся ў начальніка Упраўлення адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Людмілы Барысенкі, ці такая сітуацыя магла адбыцца і ці насамрэч сацыяльныя сеткі супрацоўнікаў сферы адукацыі праглядаюцца кіраўніцтвам.

— Ніякіх каментароў я не даю, для гэтага неабходныя адпаведныя ўзгадненні. А, па-другое, першы раз ад вас чую пра гэтую сітуацыю. Гэта нешта накшталт выдумкі, — сказала нам Людміла Барысенка.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.6 (оценок:9)