.

Спецпроект:
12.09.2017
Аголеных мадэлек з магілёўскага лесу зацкавалі ў сацсетках

«Ажыятаж выклікала не праблема лесапарку, а азадкі дзяўчат», — кажа магілёўская фотамастачка Дар’я Сакалова.

Каб прыцягнуць увагу да праблемы глябальных зьменаў клімату, яна зрабіла сэрыю фотаздымкаў з аголенымі мадэлямі.

Фотаздымак Дарі Сакаловай з аголенымі мадэлямі ў Пячэрскім лесапарку

Фатограф рэалізавала сваю задуму ў Пячэрскім лесапарку. Яе ўразілі тутэйшыя маштабы высяканьня дрэваў, якія пацярпелі ад жука-караеда. Дар’я лічыць, што нашэсьце шкоднікаў – наступствы глябальнага пацяпленьня. Убачанае ў лесапарку і натхніла яе зрабіць фотасэсію пад назвай «Lungs» (лёгкія). Здымкі аголеных дзяўчат на тле сьпілаваных дрэваў выклікалі нечаканы для фотамастачкі водгук у сацыяльных сетках. Ці такой рэакцыі яна чакала?

Аголенае жаночае цела як сымбаль сьпілаваных дрэваў

У аддаленых кутках лесапарку паўстае сумнае відовішча. Цэлыя дзялянкі векавых ялін, пашкоджаных караедамі, пілуюцца. Утвораныя пусткі зарастаюць непралазным гушчаром пустазельля. Фонам для фатасэсіі мастачка выбрала дзялянку, якую параўнальна нядаўна ўзяліся высякаць. Дар’я фатаграфавала сваіх мадэляў на пнях вялізных дрэваў і штабэляў бярвеньня.

Дар’я Сакалова

– Я папрасіла, каб мае сябры, якія бароняць ад маштабнага зьнішчэньня дрэвы, паказалі мне, што адбываецца ў лесапарку. Яны прывялі мяне на адну зь дзялянак, і я ўбачыла сьпілаваныя вялізныя дрэвы. Убачанае мяне ўразіла, і адразу нарадзілася ідэя, як і каго здымаць. Уявілася карціна з мноствам аголеных людзей на фоне зьнішчанага лесу, – расказвае Дар’я.

– Так, безумоўна, аголенае жаночае цела эратычнае і сэксуальнае, аднак ёсьць у ім і сымбалізм, пра які мала ўспамінаюць, – тлумачыць мастачка. – Жаночае аголенае цела – гэта сымбаль жаночага пачатку, чысьціні, цнатлівасьці. Таму ў мяне ўзьніклі асацыяцыі з дрэвамі, якія сьпілавалі.

Пячэрскі лесапарк — улюбёнае месца адпачынку магілёўцаў. Ягоная плошча большая за 335 гектараў. У летапісах упершыню згаданы ў 1632 годзе.

Так расказваюць аб праблемах глябальнага пацяпленьня

У лесапарку апошнія гады масава засыхаюць елкі. Магілёўзелянбуд паведамляе, што толькі ў 2016 годзе ў парку сьпілавалі больш за 1,5 тысячы дрэваў. Высяканьне працягваецца. Спэцыялісты прадпрыемства называюць жука-караеда асноўнай прычынай хваробы дрэў. Нашэсьце шкоднікаў зьвязваюць з анамальна цёплымі зімамі, якія спрыяюць размнажэньню шкоднікаў.

Зьвярнулі ўвагу не на праблему, а на азадкі дзяўчат

На думку Дар’і, праблемы ў Пячэрскім лесапарку – гэта наступствы глябальных зьменаў клімату, і яна імкнулася зьвярнуць увагу грамадзтва менавіта на гэта.

Дзялянка лесапарку без фотамадэляў

– Я цікавілася, што адбываецца з дрэвамі, і зрабіла выснову, што актывізацыя караеду выкліканая пацяпленьнем клімату, – кажа Дар’я. – З прычыны кліматычных анамаліяў дрэвы слабнуць, хварэюць. На іх нападаюць жукі, а калі жукоў шмат, то ад іх церпяць і здаровыя елкі. Паратунак ад шкоднікаў – высяканьне хворага лесу. Мне хацелася, каб людзі ўбачылі карані праблемы, да чаго вядзе глябальнае пацяпленьне. Але большасьць зьвярнула ўвагу на «голыя азадкі» прыгожых дзяўчатак.

– На жаль, – дадала яна. – Нашы людзі бачаць тое, што хочуць убачыць. Ёсьць, аднак спадзеў, што частка грамадзтва ўсё ж успрыняла фатасэсію як пасыл задумацца над глябальнай праблемаю.

У адрозьненьні ад спэцыялістаў Магілёўзеленбуду, эколягі праблемы зь лесапаркам ня схільныя зводзіць толькі да жука-караеда і цёплых зімаў. На іхную думку, варта казаць пра комплекс прычынаў. Яны падкрэсльліваюць, што з праблемамі засыханьня хвойных парод дрэў сутыкаюцца па ўсёй Эўропе.

Фатасэсія ў Пячэрскім лесапарку

Актывісты адзначаюць, што ў апошнія гады назіраецца падзеньне ўзроўню грунтовых водаў і абмяленьне Дняпра зь ягонымі прытокамі. Акрамя таго, на Пячэрскім вадасховішчы, створаным на рэчцы Дубравенка больш за 50 гадоў таму, вычарпаныя рэсурсы эксплёатацыі гідратэхнічных збудаваньняў, яны вымагаюць абнаўленьня. Грамадзкія актывісты зьбіраюць подпісы, каб парку надалі прыродаахоўны статут. Удзельнічала ў зьбіраньні подпісаў і Дар’я.

Мужчыны не гатовыя актуалізаваць праблему сваім целам

Фатограф адзначае, што першапачаткова яна зьбіралася здымаць аголенымі людзей рознага веку ды полу. Пазьней вымушана была перагледзець свае пляны.

– Дрэвы ж розныя: маладыя, старыя, тоўстыя, танклявыя, у кожнага свая хіба, – даводзіць Дар’я бачаньне таго, як мелася быць рэалізаванай яе задума ў ідэале. – Таму разнастайнасьць мадэляў была б найлепшым спосабам для ілюстраваньня праблемы і, можа, не было б такога ажыятажу, як з маладымі мадэлямі, прыгожымі дзяўчаткамі. У мяне, аднак, не атрымалася ажыцьцявіць такую задуму, бо не знайшлося разнастайных мадэляў.

Суразмоўца кажа, што адшукаць і маладых мадэляў ёй было няпроста. Яна рассылала паведамленьні ў сацыяльных сетках, выпытвала ў сяброў, ці ёсьць у іхным атачэньні разьняволеныя маладыя людзі, гатовы паўдзельнічаць у незвычайным экспэрымэнце.

Пячэрскі лесапарк

– Хто зьвяртаўся, таму я расказвала сутнасьць сваёй задумы, – казала Дар’я. – Ахвотных паздымацца на фоне сьпілаваных дрэваў назьбіралася дзясятак. Зь іх былі адабраныя пяць дзяўчат ад 19 да 28 гадоў. Перад самімі здымкамі я расказала больш зьмястоўна, які пасыл мае фотасэсія, якую праблему актуалізуе. Я не адважылася здымаць дзяўчат, каб былі відаць іхныя твары, аголеныя грудзі. Пазьбягала кампрамэтацыі мадэляў. Старалася зрабіць фотаздымкі больш сьціплымі.

– Дзяўчаты ня мелі раней досьведу здымацца аголенымі. Ды й у мяне такога досьведу было няшмат, – заўважыла фотамастачка. – Урэшце, як мне зддаецца, у Магілёве такіх маштабных экспэрымэнтаў таксама не было. Былі здымкі ў жанры ню з адной мадэльлю, але яны не выклікалі такога розгаласу.

«Беларусы не гатовыя ўспрымаць жаночую галізну як прыгажосьць»

Эстэтычным вынікам фатасэсіі Дар’я задаволеная. Паводле яе, нямала людзей напісалі ёй, што фотаздымкі выйшлі прыгожыя. Выказвалі ўдзячнасьць за тое, што яна набралася сьмеласьці незвычайным спосабам прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемы. Але пазытыўных водгукаў усё ж было меней, чым нэгатыўных.

Фатасэсія з аголенымі дзяўчатамі

– Суадносіны тых, хто гатовыя ўспрымаць праз прыгажосьць, мастацтва нейкія праблемы, 40:60. Пакуль такія знаўцы ў меншасьці. Спадзяюся, што з часам іх будзе станавіцца болей, – адзначае Дар’я.

– Усё выказана хораша, а аголеныя дзяўчаткі толькі падкрэсьліваюць безабароннасьць прыроды, – адзначана ў адным з пазытыўных камэнтароў на фотасэсію Дар’і. – Аўтар, ня слухай нэгатыву. Рабі тое, што лічыш слушным...

На думку фотамастачкі, бальшыня беларусаў успрымаюць аголенае жаночае цела з пазыцыі «парнаграфіі», а не прыгажосьці. Многія адзначалі ў камэнтарах, кажа Дар’я, што трэнд пратэставаць аголеным целам прыйшоў з Эўропы. Некаторыя з камэнтатараў, прыгадала суразмоўца, як прыклад падавалі фэмэністку, якая пратэставала на брыфінгу Лукашэнкі і Парашэнкі ў Кіеве.

Наступствы нашэсьця жука-караеда

— Я не хачу сказаць, што наша грамадзтва неадукаванае, можа быць, духоўна неразьвітае. Усё ім разглядаецца літаральна. Убачыў — і адразу адрэагаваў: «О, голае цела – гэта эротыка, парнаграфія. Я ўжо нагледзеўся. Дзякую. І пайшоў». Большасьці ня хочацца ўглядзецца ў зьяву ці падзею глыбей. Разглядзець іх з розных ракурсаў, – разважала Дар’я. – Як, напрыклад, зь лесапаркам. У камэнтарах пісалі: «дык гэта сухастой – яго трэба выпілаваць». Але, чаму не зірнуць на праблему глыбей. Чаму сохне лес? Як па мне, то любы твор мастацтва вымагае дэталёвага разглядваньня. Тых, хто ўглядаецца, дужа мала, але такія людзі дужа карысныя, і мяне цешыць, што яны ёсьць.

«Фота, можа, і добрыя якасьцю, але ня тое, што яны робяць. Банальна і відавочна, што малалеткі вырашылі вылучыцца;, розумам ня могуць, таму нікчэмнасьцю», – напісана ў адным з мноства нэгатыўных водгукаў на фатасэсію Дар’і.

Перадаць матэрыялы ў кампэтэнтныя органы, – піша далей абураны камэнтатар, – каб знайшлі ім карысны занятак».

Ня ўсе могуць супрацьстаяць зьнявазе

Дар’я адзначае, што яе ня дужа зачапілі нэгатыўныя водгукі на фатасэсію. Для яе галоўнае, што задуманае зьдзейсьнілася. На пытаньне, ці гатовая яна паўтарыць экспэрымэнт, адказвае няпэўна.

— Я баюся, што другі разам можа не атрымацца такі ўздым цікавасьці, – заўважае яна.

Фотамадэль на фоне высечанай і зарослай пустазельлем дзялянкі ў парку

— Заўжды хваля ўздымаецца пасьля таго, як нешта адбылося ўпершыню, – тлумачыла фатограф. – Будзем спрабаваць разьвіць гэтую ідэю, але ня факт, што наступны раз будзе эфэкт такім жа. Да таго ж патрэбна натхненьне. Безь яго нічога ня выйдзе. Калі б была падтрымка ад людзей, то гэта б падахвочвала. Можна было рабіць і больш маштабныя дзействы. Масавасьць захоплівае публіку і становіцца рэзананснай падзеяй. Праз аголенае цела можна шмат што сказаць, але яго трэба ўмець чытаць.

Што да ўдзельніц фатасэсіі, то, на думку Дар’і, толькі двое зь іх ня супраць паўдзельнічаць у «правакацыйнай» фатасэсіі другі раз.

— Дзяўчаткі былі ўражаныя нэгатыўнымі, зьняважлівымі камэнтарамі. Ня ўсе такі прэсінг могуць вытрымаць. Дужа няпроста супрацьстаяць зьнявазе. Боязь людзкога асуджэньня ўсё ж дагэтуль дамінуе ў грамадзтве. Супрацьстаяньне нэгатыву прыходзіць з досьведам, – лічыць фотамастачка.

«Беларусы жывуць нібы ў скрынцы»

Дар’я на працягу некалькіх гадоў працавала ў замежжы фотамадэльлю. Гэты занятак, кажа яна, навучыў яе не зважаць на зьнявагі і зьнішчальную крытыку.

— Я навучылася не прапускаць нэгатыў празь сябе, – кажа суразмоўца. – Калі кожны камэнтар па здымках прапускаць празь сябе, то заробіш дэпрэсію, якую пераадолець будзе надта цяжка.

Дужа парадзелы лесапарк

Дар’я фотамадэльлю аб’ехала паўсьвету. Пазнаёмілася з мноствам людзей розных культур і сьветапогляду. Кажа, што ёй падабаецца працаваць на подыюме, дэманструючы модныя калекцыі адзежы, але ў нейкі момант яна адчула, што не атрымлівае ад гэтага занятку задавальненьня, таму наважылася зрабіць паўзу. Сваім пакліканьнем называе фатаграфію. Свае працы рэгулярна дасылае на партал часопісу Vogue Italia. Дзьве зь іх сталі топавымі.

— Пасьля ўдалых работ я адчуваю сябе шчасьлівым чалавекам, – адзначае яна. – Гэты ня толькі натхняе цябе, але і іншых людзей. Я імкнуся дасягнуць такога ўзроўню майстэрства, каб праз фатаграфію навучыцца гаварыць зь людзьмі. Гэта мая мэта.

Дар’я прызнаецца, што, павандраваўшы па сьвеце, родны горад для яе зацесны. Яго жыхары, кажа яна, жывуць нібы ў скрынцы, і мала хто хоча зь яе вылезьці.

— У свой час мне нямала дасталося, што я раблю ня так, як усе. Маўляў, астатнія такія разумныя, што ўсяго пасьпелі дасягнуць, – дзеліцца фотамастачка. – Мне ж гэтага замала. Я хачу бачыць большае. Можа, таму і фатасэсія выклікала такі ажыятаж, бо яна выйшла непадобнай на тое, што рабілася раней. Я не імкнулася прапіярыцца, паверце, задума ў мяне была зусім у іншым.

У Беларусі, на думку Дар’і, нестае крэатыўных людзей, якія праз мастацтва спрабуюць акцэнтаваць увагу на праблеме. Ёй імпануюць прыклады з замежжа, дзе пасьпяховыя людзі актыўныя ў такіх справах.

 

Дар’я Сакалова

— Калі ёсьць жаданьне дапамагчы, то варта прымусіць сябе «адарваць азадак» ад канапы, – вобразна тлумачыла сваю пазыцыю суразмоўца. – Можна, вядома, седзячы на канапе, разважаць, але трэба ўсьведамляць: калі сядзіш, то ад цябе няма карысьці. Пасіўныя ў жыцьці людзі ня думаюць пра тое, што яны пакінуць пасьля сябе сваім дзецям. Па сутнасьці, яны жывуць сёньняшнім днём. У сьвеце шмат заможных людзей. Бальшыня зь іх здолела «адарваць азадак» ад канапы і дасягнуць патрэбнага ім дабрабыту.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.2 (оценок:26)