Спецпроект:
12.09.2017
Ірына Віданава, Новы час
Нельга дазваляць страху перад ракам кіраваць нашым жыццём

Сёння спаўняецца два гады, як адышоў у Вечнасць галоўны рэдактар «Новага Часу» Аляксей Кароль. Напярэдадні яго дачка Ірына Віданава паразмаўляла з доктарам Элэйн Лім з Сінгапурскага нацыянальнага анкалагічнага цэнтра. Яна лячыла Аляксея ў чэрвені-верасні 2015 года і зрабіла ўсё, каб яго апошнія дні прайшлі годна.

Доктар Элэйн Лім з’яўляецца практыкуючым доктарам і адным з вядучых спецыялістаў па раку лёгкіх, праводзіць лабараторныя даследаванні ў Інстытуце генома Сінгапура і Інстытуце малекулярнай і клеткавай біялогіі, а таксама ўдзельнічае ў клінічных эксперыментах. Чытачам «Новага часу» яна распавядае пра рэвалюцыйныя прарывы ў лячэнні ракавых захворванняў, адносіны паміж доктарам і пацыентам, а таксама пра тое, ці варта жыць у страху перад ракам, і што рабіць, калі пастаўлены страшны дыягназ.

— Я памятаю, як прааналізаваўшы вынікі ПЭТ-сканавання, якія ўказвалі на метастазы, вы паведамілі нам, што не зможаце вылечыць бацьку, але зробіце ўсё магчымае, каб павялічыць працягласць і якасць ягонага жыцця. Гэта былі шокавыя навіны, аднак вельмі хутка ў Сінгапуры мы зразумелі, наколькі гэта было каштоўным. Што разумецца пад якасцю жыцця ў дачыненні да ракавага пацыента?

— Пад якасцю жыцця мы разумеем максімальна магчымае змяншэнне трывожных сімптомаў, такіх як боль, дыхавіца ці кашаль. Калі ў лёгкіх збіраецца вадкасць, то можна ўставіць трубку, каб вывесці вадкасць, і пацыенту становіцца лягчэй дыхаць. Ці, напрыклад, з дапамогай лячэння мы дамагаемся змяншэння пухліны, якая цісне на нерв і выклікае дыскамфорт. Існуюць апіятныя прэпараты, якія ўсмоктваюцца праз скуру, а значыць пацыенту не трэба глытаць лішнія таблеткі. Мы імкнёмся забяспечыць пацыентам годнае жыццё, у якім ёсць месца не толькі пакутам, але і радасцям.

— Якім, на ваш погляд, павінна быць здаровае стаўленне да рака? Як захаваць баланс паміж усведамленнем рызыкаў і асалодай ад жыцця?

— Да гэтага часу мы дакладна не ведаем, чаму адны людзі хварэюць на рак, а іншыя — не. Аднак нельга дазваляць страху перад гэтай хваробай кіраваць нашым жыццём і руйнаваць яго.

Я заклікаю ўсіх рабіць кантрольныя аналізы і тэсты, пра якія казала вышэй. Калі ж дыягназ пастаўлены на позняй стадыі, то я бы раіла прывесці ў парадак свае асабістыя і прафесійныя справы, сфакусавацца на плане лячэння і пастарацца заняць пазіцыю, што вы валодаеце сітуацыяй, а не наадварот.

Паколькі медыцынская навука развіваецца вельмі хутка, у ракавых пацыентаў ужо зараз значна больш шансаў жыць жыццём максімальна набліжаным да нармальнага. Калі трымаеш у галаве такі падыход да праблемы, то пачынаеш пачувацца больш упэўнена!

Цалкам інтэрвью чытайце тут

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.3 (оценок:4)