.

Спецпроект:
21.08.2017
Арцём Гарбацэвiч, Наша Ніва
Як беларусы пераплачваюць тысячы даляраў за бясплатныя аперацыі ў дзяржаўных клініках

«Нашай Ніве» стала вядома пра сітуацыю, якая здарылася з пенсіянерам, былым высокапастаўленым работнікам пракуратуры. Ягоны выпадак дазваляе зразумець схему, па якой дзялкі легальна змушаюць хворых беларусаў набываць пратэзы па касмічных цэнах з маўклівай згоды (ці спрыяння) дактароў.

З чаго ўсё пачалося

Той пенсіянер рабіў сабе аперацыю ў 6-й бальніцы Мінска. Яму ставілі эндапратэз, мянялі сустаў у сцягне праз цяжкую хваробу — коксартроз.

Эндапратэз складаецца з чатырох элементаў, якія замяняюць выдаленыя органы.

Так можа выглядаць пастаўлены пратэз

Усё прайшло добра, але пракурорскае вока здольнае зачапіцца за любую юрыдычна недасканалую драбязу. Ён абурыўся тым, што атрыманыя на пастаўлены пратэз паперы не былі аформлены належным чынам.

«Мне не прадаставілі сведчанняў, якія б пацвярджалі законнасць выпуска і знаходжання ў абароце імплантаваных частак эндэпратэза, — пенсіянер спасылаецца на 27-е і 141-е рашэнні Савета ЕўрАзЭС. — Таксама, паводле закона, медыцынскія тавары, якія знаходзяцца ў абароце без адпаведных дакументаў, лічацца кантрафактнымі. А тыя дакументы, якія перадалі мне пад выглядам «тэхнічнага пашпарта», напісаныя на замежнай мове. Згодна з Законам аб абароне правоў спажыўцоў, інфармацыя, перададзеная на замежнай мове, лічыцца не перададзенай», — зачапіўся пацыент, падазраючы, што яму паставілі кантрафакт.

Былы работнік пракуратуры ўказаў нам на разыходжанні ў назвах, пазначаных на этыкетках і дазволеных рэгістрацыйным пасведчаннем Міністэрства аховы здароўя — відаць, несупадзенні літар.

Выглядае, што той, хто афармляў пасведчанне, нават правільна спісаць не здолеў — там ёсць элементарныя памылкі, як «Standard» i «Standart»

Адрозненні, паводле пенсіянера, сведчаць аб адсутнасці рэгістрацыі на імплантаваны эндапратэз, ён перакананы, што гэта парушэнне артыкула 39-1 закона «Аб ахове здароўя».

Праз гэта ён падаў у суд, які цягнецца дагэтуль, хоча змусіць бальніцу прадаставіць дакументы, якія б адказалі на пытанне «што мне паставілі?».

Таксама пракурор мяркуе, што зарэгістраваныя пратэзы завозяцца ў краіну без сплаты увознага ПДВ, а калі, маўляў, ёсць разыходжанні ў этыкетках з рэгістрацыйным пасведчаннем, то можна падазраваць, што бюджэт церпіць страты.

Варта адзначыць, што, згодна з афіцыйнымі адказамі пенсіянеру, Міністэрства аховы здароўя не лічыць разыходжанні ў адзінкавых літарах праблемай і аспрэчвае бачанне пракурора.

Праваахоўнымі органамі таксама праводзіліся праверкі, якія не выявілі фактаў парушэнняў пры ўвозе, рэалізацыі і медыцынскім прымяненні эндапратэзаў, а толькі «магчымы склад адміністратыўнага правапарушэння» у сувязі з завозам адной — сапраўды не зарэгістраванай (зробленай той жа фірмай, але ў Германіі, а не Швейцарыі) — часткі эндапратэза.

Але некаторыя звесткі, атрыманыя ў ходзе міліцэйскай праверкі і трапіўшыя ў Рэдакцыю, дазволілі нам зірнуць на сітуацыю з іншага боку і правесці ўласнае расследаванне, выявіўшы іншыя цікавыя схемы.

«Эндапратэз абраны службовымі асобамі»

Штогод у Беларусі робіцца некалькі тысяч аперацый па эндапратэзаванні.

Норма такая — калі клінічная сітуацыя вымагае выдалення пашкоджаных тканін і імплантацыі штучных костак, дзяржава гарантуе аперацыю па ўстаноўцы пратэза за бюджэтны кошт (у такім разе пратэзы абіраюцца праз дзяржзакупкі), але чарга бывае большай за год. Як нам патлумачылі дактары, яе даўжыня залежыць ад канкрэтнага горада, наяўнасці пратэзаў у бальніцы, ступені падрыхтаванасці арганізма пацыента да такога цяжкага ўмяшальніцтва.

Не ўсе могуць чакаць — боль робіць жыццё невыносным, можа пашырыцца на прылеглы сустаў.

Уявіце сабе псіхалагічны стан чалавека, чыя галава забітая пытаннем — а ці зможа ён хадзіць? Ці не стане цяжарам для сям'і, калі прамарудзіць і дапусціць прагрэс хваробы?

Для такіх выпадкаў існуе платная аперацыя — пацыент пасля кансультацыі з доктарам абірае сабе пратэз, плаціць грошы ў касу бальніцы, за гэтыя грошы бальніца набывае пратэз, нехта з дактароў яго ставіць.

Людзі, бывае, залазяць у вялізныя крэдыты, каб мець магчымасць аплаціць пратэз — цана на імпартныя пачынаецца, звычайна, ад $ 1500 і даходзіць да $ 3500.

Від пратэза, запэўніваюць медыкі, залежыць ад клінічнай сітуацыі і ўзросту пацыента — часам можна паставіць таннейшы. Бывае, лепш ставіць даражэйшы, зроблены з больш дарагіх і трывалых матэрыялаў. Таксама залежыць ад фінансавых магчымасцяў — хтосьці (і гэта тыповая сітуацыя) адмыслова просіць самы дарагі.

Фірмаў жа ў Беларусі, якія пастаўляюць пратэзы, нямнога.

Вялікіх гульцоў на рынку пяць — кожны з іх, звычайна, пастаўляе вырабы адной фірмы: вытворцам нявыгадна мець у адной краіне некалькі канкуруючых прадстаўніцтваў.

Буйныя гульцы — гэта пастаўшчыкі Depuy, Medacta, Covision, Link, Smith&Nephew і беларускі вытворца Altimed.

Пенсіянер пасля кансультацый з доктарам адмовіўся ад пратэза беларускага вытворцы і набыў пратэз швейцарскай вытворчасці Smith&Nephew за 5254 рублі. Яшчэ каля 150 рублёў сышло на аплату палаты, расходныя матэрыялы і гэтак далей — гэта грошы, якія атрымала бальніца (каля 3,5% ад кошту пратэза.)

Cама аперацыя бясплатная — гэта значыць, яна фінансуецца з нашых з вамі падаткаў, з якіх аплачваецца праца дактароў у Беларусі: яны пасля атрымаюць ганарар за цяжкую аперацыю — усяго 60 рублёў на ўсіх, хто спрычыніўся, ад хірурга да анастэзіёлага (каля 1,5% ад кошту пратэза).

Чаму быў абраны пратэз менавіта фірмы Smith&Nephew?

Працытуем тут вынікі праверкі АБЭЗа:

«Эндапратэз абраны службовымі асобамі бальніцы №6, сыходзячы са стану здароўя хворага, у сувязі з чым яму прапанавана набыць эндапратэз Smith&Nephew», — гаворыцца там.

Як абіраецца фірма, у якой купяць пратэз? Зноў цытуем праваахоўнікаў:

«Дактары ўказаных медыцынскіх установаў звязваюцца з дырэктарам кампаніі «МедОрта» і пакідаюць заяўкі на патрэбны камплект эндапратэза».

Гэта, як мы выяснілі — заведзеная практыка. Праз тое, што пастаўшчыкоў у прынцыпе не шмат, выбар абмежаваны.

Напрыклад, у Брэсцкай вобласці дамінуе толькі адзін прадавец, які пастаўляе фірму Link.

Сямейны бізнес на сотні тысяч

Што ж за фірма пастаўляе пратэзы Smith&Nephew для хворых, пераважна немаладых людзей, якія звяртаюцца ў бальніцу №6 Мінска?

Беларуская фірма «МедОрта» зарэгістраваная на грамадзянку Беларусі Наталлю Казярог. Кампанія не вырабляе пратэзы Smith&Nephew, яна толькі пасярэднік у пастаўках. «МедОрта» закупае тыя пратэзы ў піцерскай фірмы «ОРТО», а «ОРТО» — у яшчэ адной расійскай фірмы «ДэОст». Вось такі даўжэзны ланцужок.

Мы звярнулі ўвагу на іншы цікавы факт — піцерская фірма «ОРТО» з гэтага спісу належыць грамадзяніну Расіі Валерыю Казярогу, які даводзіцца мужам Наталлі Казярог — заснавальніцы беларускай «МедОрта».

Законам такія схемы не забароненыя, бо гэта не сфера дзяржаўных закупаў — кліент жа купляе пратэз за свае, а не дзяржаўныя грошы.

Але для якіх мэтаў могуць існаваць гэтыя лішнія звёны ў ланцугу? Мы маем граніцу з Еўрасаюзам, дзе робяцца пратэзы, няўжо нельга завесці іх у краіну без лішняга бегу па Расіі?

Можа быць, тут справа ў элементарным жаданні накруціць цану на кожным пасярэдніку і перакласці тысячы рублёў з кішэні беларускіх пенсіянераў у сваю сямейную кішэню?

Мы пачалі шукаць звесткі аб аналагічных пратэзах, якія закупляюцца ў расійскія бальніцы, і знайшлі іх — на сайце расійскіх дзяржаўных закупак.

Якім жа было нашае здзіўленне, калі мы выявілі касмічныя разбежкі ў цэнах, па якіх такія самыя пратэзы купляюць расіяне.

Вось папера, якую мы здабылі, — элемент дамовы піцерскай фірмы «ОРТО» на пастаўку беларускай фірме «МедОрта» эндапратэза, які паставілі нашаму пацыенту.

Паглядзім на цэны. Ножку біялагічнай фіксацыі SL-PLUS Наталля Казярог купляе ў свайго мужа за 2000 беларускіх рублёў (61 тысячу расійскіх), чашку за 1400 рублёў (42 тысячы расійскіх) і гэтак далей. Далей «МедОрта» надбаўляе нейкі працэнт (да 5%) і перапрадае тое беларускім інвалідам.

Такім чынам, у выніку за ножку пратэза SL-PLUS пенсіянер-пракурор заплаціў 2039 рублёў, за чашку — 1426 рублёў.

А вось, напрыклад, аналагічны пратэз, які закупляе Саратаўскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Закупка датуецца пачаткам 2017 года — час, калі рабіў аперацыю і наш чытач. Ножку SL-PLUS вытворчасці Smith&Nephew расіяне купляюць за 1045 рублёў у эквіваленце (32 тысячы расійскіх) за штуку! Гэта ўдвая менш за тую суму, за якую «МедОрта» прадае тое ж самае. Стандартную чашку Bicon-PLUS расійскі ўніверсітэт купляе за 575 рублёў (17 600 расійскіх), а беларускі пенсіянер купляе аналагічную за 1426 рублёў (43 800 расійскіх) у эквіваленце!

Па астатніх двух складніках пратэза — укладышы і галоўкі, сітуацыя такая ж самая.

Дарэчы, пераможца тэндара ў Расіі — не афіцыйны дыстрыб’ютар «ДэОст», а абсалютна іншая фірма — «МедыкалТрэйд».

Што датычыць таго «ДэОста», то на сайце расійскіх дзяржзакупак ёсць некалькі згадак пра тэндары, выйграныя гэтай фірмай на пастаўку складнікаў эндапратэза Smith & Nephew у бальніцу №1 Краснадарскага краю Расіі.

Праўда, гэты кантракт разлічаны быў на канец 2015 года, але ўсё роўна ён паказальны: за тую самую ножку SL-Plus «ДэОст» просіць у Краснадарскай бальніцы 1000 беларускіх рублёў (31 тысячу расійскіх).

А вось выйграны «ДэОстам» у 2016 годзе тэндар на пастаўку такіх пратэзаў у бальніцу Барнаула: цана на ножку SL-Plus — 882 беларускіх рублі ў эквіваленце (27 100 расійскіх рублёў).

Фактычна, беларускія пацыенты інваліды больш як удвая пераплачваюць за швейцарскія пратэзы. А розніца кладзецца ў кішэню сям’і Казярогаў? Але ці толькі Казярогаў ці таксама «службовых асоб, якія робяць выбар», дапамагаючы бальніцам і/або пацыентам вызначыцца з фірмай?

Мы паспрабавалі звязацца з уласніцай «МедОрты» Наталляй Казярог, узяўшы яе адрас у матэрыялах праверкі УБЭЗа. Але ў той кватэры, якую яна назвала міліцыянерам, яна не жыве ўжо 7 гадоў.

Тады мы звязаліся з яе мужам — Валерыем Казярогам. Яго першай фразай пасля нашага пытання пра сямейны бізнес было «гэта ж не забаронена законам».

Уцямных тлумачэнняў разбежкі ў цэнах ён нам не даў, сказаўшы, што кліентам грэх скардзіцца, бо, маўляў, у якіх Штатах ці Заходняй Еўропе аперацыя абышлася б яшчэ даражэй.

Нашу заўвагу, што сама аперацыя для грамадзян Беларусі бясплатная, і пытанне толькі ў цане на пратэз, ён праігнараваў.

Гэта, як мы высветлілі, толькі частка праблемы.

Як сказалі нам медыкі, фірма «МедОрта» ужо нейкі час — ад пачатку разбіральніцтваў пасля скаргі пацыента на бальніцу — не пастаўляе свае пратэзы ў беларускія медыцынскія ўстановы.

У чым тут небяспека? Тэрмін службы тых пратэзаў — каля 10 гадоў. Пасля дробныя дэталі знашваюцца, іх трэба мяняць. А Smith&Nephew, як мы пісалі раней, пастаўляла ў Беларусь толькі гэтая фірма. Таму тыя людзі, якім патрабуецца тэрміновая замена, сёння не могуць яе зрабіць. У іх ёсць выбар — або чакаць, пакуль сітуацыя неяк вырашыцца, або рабіць вялікую аперацыю замест дробнай, з даставаннем з цэлай косткі ўсяго пратэза і заменай на іншую фірму, бо дэталі розных вытворцаў паміж сабой несумяшчальныя.

Таму пастаўкі пратэзаў дадзенай фірмы ў Беларусь нехта ажыццяўляць павінен у кожным разе.

Мы не ведаем, колькі за ўвесь час пераплацілі тысячы беларускіх інвалідаў. Мы здолелі знайсці інфармацыю толькі па галоўках Smith&Nephew — адной з частак пратэза («МедОрта» прадае яе беларусам за 1161 рубель, у Расіі гэтая дэталь прадаецца за 316 (!) беларускіх рублёў). Дык вось, адных толькі галовак толькі ад пачатку 2016 года ў Беларусь было пастаўлена на 72 тысячы рублёў.

А фірма працуе тут з 2008 года, таму пра аб’ёмы можна толькі здагадвацца.

Касмічныя цэны — спадарожнік не толькі Smith & Nephew. Пратэзы іншых імпартных фірмаў таксама дзіўна даражэюць, толькі перасекшы граніцы Беларусі.

«У іншай краіне такія пратэзы каштуюць па 1000 еўра, а я плаціў $ 3500»

Мы маем яшчэ некалькі гісторый, якія дапамагаюць зразумець механізм заахвочвання людзей да папаўнення кішэняў дзялкоў.

«Наша Ніва» знайшла яшчэ некалькі чалавек, якія стаяць ці стаялі на ўліку як людзі, маючыя патрэбу ў пратэзаванні.

Вось што расказаў чалавек, які паставіў сабе самы дарагі пратэз без чаргі.

«Мяне аперавалі ў 6-й бальніцы Мінска. Якую марку пратэза паставілі? Я не ведаю, па шчырасці, у дакументах гэтага не напісана (яму паставілі пратэз вытворчасці фірмы Medacta — гэта «Наша Ніва» высветліла, прааналізаваўшы ягоную дамову, дзе насамрэч няма назвы фірмы). Думаў, пасля трох месяцаў на агляд прыйду, і там назву дадуць, але не далі, а я яшчэ ў такім стане быў, што і не спытаў… А як я дайшоў да імпартнага? Ну мне сказалі, што ніякага выйсця няма — толькі пратэзаванне. Вельмі цяжка было…

У кансультатыўным аддзеле ў бальніцы мне сказалі, што чарга будзе — гады тры! Сказалі падысці да загадчыка аддзялення артапедыі, каб даведацца, ці можна платна зрабіць. Ну канечне, я пайшоў, а што рабіць. Ён мне на паперцы напісаў назвы фірмаў, я толькі ў інтэрнэце чытаў, абраў нейкі швейцарскі. Што ўразіла — мне спачатку сказалі, што пратэз будзе каштаваць $ 3000, а як лёг у бальніцу — ужо $ 3500.

Ці дорага? Я ведаў, што пераплачваю, бо мой знаёмы кандыдат навук робіць такія аперацыі ў іншай краіне. Дык ён казаў, што там такія пратэзы па тысячы еўра каштуюць. Але я сам — галоўны бухгалтар, я разумею, што тут бессэнсоўна спрачацца — або пагаджаешся на існуючыя ўмовы, або не. Я ж не павязу з іншай краіны пратэз — яго мне не паставяць проста, як я зразумеў», — расказаў нам кліент.

Грошы, якія ён аддаў за пратэз, можаце бачыць на карцінцы.

Як жа атрымалася, што ў Беларусі пры бясплатнай медыцыне людзям даводзіцца пераплачваць удвая? Ці было Міністэрства аховы здароўя ў курсе сітуацыі? Чаму ў асобных рэгіёнах і асобных бальніцах дамінуе адзін пастаўшчык? Чаму дзяржава не спрабавала цэнтралізавана закупляць пратэзы для пацыентаў-платнікаў? І ўрэшце, глыбіннае пытанне. Чаму заробкі медыкаў і ганарары за аперацыі такія нізкія, што дактары робяцца схільныя зарабляць, лабіруючы пратэзы (медыкаменты, матэрыялы) тых ці іншых пастаўшчыкоў. У выніку пацыенты плацяць удвая…

Мы накіравалі ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя запыт з просьбай патлумачыць нам дзіўную сітуацыю на рынку эндапратэзаў.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:38)