Спецпроект:
16.07.2017
Антон Трафімовіч, Радыё Свабода
У Беларусь прывезьлі прах княгіні Радзівіл

Падчас VII Зьезду беларусаў сьвету беларуская супольнасьць Швайцарыі перадала парафіі сьвятых Сымона і Алены прах княгіні Магдалены Радзівіл.

Ва ўрачыстасьці прыняў удзел пробашч парафіі ксёндз-магістар Уладдыслаў Завальнюк.

Прах са Швайцарыі прывёз Аляксандар Сапега — намесьнік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швайцарыі.

– Мы плянавалі, што будзем ехаць на сёмы Зьезд беларусаў сьвету і таксама завязем Марыю Магдалену ў Беларусь, – сказаў Свабодзе Аляксандар Сапега.

Аляксандар Сапега

Пакуль ня вызначана месца, дзе будзе пахаваны прах Магдалены Радзівіл, ён будзе знаходзіцца ў Чырвоным касьцёле.

– Я ня маю маральнага права трымаць яе ў кватэры, пакуль будзе вырашана, дзе пахаваюць прах, - сказаў Сапега. - Я думаю, лепей усяго, калі я перадам у Чырвоным касьцёл на гэты час. Гэтае пытаньне пакуль вырашаецца.

фота Крысьціны Шыянок

Летась у ліпені князь Мацей Радзівіл у Менску паведаміў, што праўнукі вядомай беларускай мэцэнаткі, княгіні Магдалены Радзівіл пастанавілі перапахаваць яе цела ў Менску — у касьцёле сьвятых Сымона і Алены, побач зь якім яна жыла.

– Мы кожны год сустракаемся з прамым праўнукам Магдалены Радзівіл – прынцам Бурбонам, – сказаў Сапега. – Калі мы летась абвясьцілі ідэю перавезьці прах у Беларусь, ён падтрымаў і папрасіў нас пасадзейнічаць. З таго часу я займаўся эксгумацыяй, крэмацыяй, афармленьнем дакумэнтаў.

Да апошняга часу цела Магдалены Радзівіл, а таксама яе адзінай дачкі пахаваныя ў швайцарскім горадзе Фрыбургу. Месяц таму таксама пры дапамозе Аляксандра Сапегі прах дачкі Людвігі Радзвіл быў перавезены ў Варшаву.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:3)