Спецпроект:
16.07.2017
«Лепш рускамоўны міністар, які прыме «карту беларуса», чым беларускамоўны, які толькі гэта абяцае»

Журналіст Дзмітры Гурневіч — на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пра выступ міністра замежных спраў Уладзіміра Макея на З'ездзе беларусаў свету.

«Вось выступіў Макей на Зьезьдзе беларусаў сьвету. Па-беларуску, заклікаў да еднасьці, прысягаў, што ўсё шчыра, пад бел-чырвона-белым сьцягам. Людзі рабілі зь ім сэлфі, ён стужачку начапіў з арнамэнтам. Ай-яй-яй. Замілаваньне. Ужо бачу і ў прэзідэнты яго сватаюць. Дайце насоўку, зараз заплачу.

Прыемна, што ўсё гэта ён сказаў і што начапіў стужку, і не ўцёк з-пад сьцягу. Ну, Макей выклікае, як чалавек, больш сымпатый, у адрозьненьні ад некаторых іншых сваіх калег. Але ўсё гэта пакуль балбатня. Пакуль - гэта шмат гадоў. Пытаюцца журналісты ў Макея: а што з «картай беларуса»? Міністар адказвае, што, маўляў, працуем, бо «па Дзерыбасаўскай гуляюць паступова». Людцы мае, пра гэту карту вы гаворыце ўжо 10 гадоў. Пра яе казаў міністар Латушка тым самым дэлегатам. Чаму палякі прынялі гэтую карту за пару гадоў, а вам 10 мала?

Падатак для дармаедаў можна за пару месяцаў прыняць, а «карту беларуса» за 10 гадоў нельга. Вы можаце купіць канадзкую амуніцыю для АМАПу, запрасіць Газманава ў Магілёў на Дзень гораду, «падкінуць» сваім самалётам Дадона ў Малдову. А тут пасьцепенна вам трэба. Дык вы ж самі яе прыдумалі, гэтую карту, хто цягнуў за язык? Дзе вас даганяць на той Дзерыбасаўскай?

Ладна, палітыкі для таго і ёсьць, каб нават свае паразы і нуль на масу прыкрыць папулізмам. Але адкуль у многіх захапленьне ад гэтага? А калі б ён сказаў Менск, а не Мінск, і дадаў мяккі знак у слове сьвята? Ох, Макей, ну маладзец. А каб ён пачапіў бчб-сьцяг на пінжак і паабяцаў паставіць помнік Быкаву каля Дому ўраду? Не цяпер, канешне, бо «па Дзерыбасаўскай гуляюць пасьцепенна». Праз пару гадоў. Таксама быў бы экстаз?

Скажу страшную штуку. Лепш рускамоўны міністар, які прыме «карту беларуса» і паставіць помнік Быкаву, чым беларускамоўны са сьцяжком на пінжаку, які толькі гэта абяцае. Але пры цяперашнім «гаспадары» ані першы, ані другі, немагчымыя».

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.6 (оценок:28)