.

Спецпроект:
16.07.2017
Пётр Яворскі, Белсат
Чаму на Грунвальдзе ўсё менш беларусаў

Сёлета рэканструктары з усёй Цэнтральнай Еўропы сутыкнуцца пад Грунвальдам у дваццаты раз.

Яны рэканструююць бітву, якая шэсць стагоддзяў вырашыла аб лёсе нашага рэгіёну, паклала канец сярэднявеччу і распачала эпоху росквіту супольнае дзяржавы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Чаму на славутае поле ўсцяж едуць тысячы людзей з розных краінаў?

Патрапіць пад Грунвальд ня лёгка. У 30-ці кіламетрах на ўсход бяжыць аўтадарога № 7, злучаная з вёскаю шашою, аднак турысты, якія едуць з іншых напрамкаў, вымушаныя блукаць вузкімі, хаця і маляўнічымі, раённымі дарогамі па Дылеўскім пагоркам.

Ахвотным скарыстацца з паездкі на Грунвальд напоўніцу і пабачыць інсцэнізацыю з першага шэрагу найлепш прыязджаць загадзя з намётам. У дзень бітвы пробка на вясковай дарозе расцягнецца на некалькі кіламетраў.

Грунвальд – машына часу

Пераможца турніру атрымоўвае ружы і сімпатыі Дамскай ложы.

Едучы сюды, варта ведаць, што поле бітвы і рыцарскі лагер разбіваюць не ў самім Грунвальдзе, дзе адбылася бітва, а побач, пад вёскай Стэнбарк. Пад’язджаючы, ужо здалёк адкрываецца гратэскны від сярэднявечных намётаў на фоне ланцугу прыпаркаваных машынаў.

У лагеры адразу бачна, хто тут гаспадар, а хто – лагерная чэлядзь: вучань, студэнт або проста незаможны аматар даўніны. Рэканструкцыя – хобі не таннае: мячы, шлемы, суконныя і ядвабныя строі не каштуюць, канешне, як вёска, але спакойна могуць дасягаць цаны легкавога аўта.

Розніца ў статусе нікому не замінае, а, наадварот, робіць Грунвальд яшчэ больш рэалістычным. Урэшце, нехта ж мусіць расстаўляць намёты, насіць ваду і гатаваць ежу ў той час, як рыцары малоцяць адзін другога па галаве.

Хаця маладыя рэканструктары, як правіла, пра выхад на поле могуць толькі памарыць, часам і збраяносцу выпадае шанец апрануць зброю, каб замяніць кантужанага калегу. Звычайна ж яны бяруць удзел у бітве, страляючы з лука, носячы ваду або пільнуючы парадак.

Не кожны рэканструктар мае жаданне або здароўе, каб стаць у рыцарскім шэрагу.

Рэканструктаркі граюць на Грунвальдзе ролю швачак, кухарак і ганчароў.

«Я ў лагеры гатую – нехта мусіць рабіць абед, – кажа адна з дзеўчын. – Мне не па кішэні быць прыдворнай дамай – для гэтага патрэбныя дарагія строі і ўпрыгожанні. Падчас найважнейшых турніраў жанчыны ў Дамскай ложы апранутыя ў шоўк і футра, а мы тут носім льняныя і ваўняныя строі. Калісьці спрабавала браць удзел у турнірах, але гэта не для мяне».

Роля тых, хто не бярэ ўдзелу ў бітва – каласальная. Яны не толькі заўзеюць за сваіх мужоў, братоў і сяброў, але і аказваюць неабходную дапамогу, без якой рэканструкцыя была б немагчымая: падносяць ваду і зброю, дапамагаюць зашпіліць строй. На баявы поспех кожнага рыцара працуе ўсё братэрства.

Гістарычныя інсцэнізацыі – сямейная жарсць, якая часта ўцягвае жонак, бацькоў і дзяцей – часам нават тры пакаленні. Сёлета ў турнірным спісе ўдзельнікаў баёў на даўгіх мячах супернікамі аказаліся два браты. Іншаму рыцару шчыт паднасіў ягоны бацька, які толькі скончыў бітву ў турніры для асобаў сталага веку. Пад Грунвальдам від дзетак у даматканых кашулях – звычайная з’ява.

І хаця кульмінацыя грунвальдскіх дзён – сутыкненне сотняў рэканструктараў у суботняй інсцэнізацыі бітвы, не ўсе едуць сюды для відовішча.

«Не ўяўляю сабе летняга адпачынку без Грунвальду, хаця і не б’юся, – кажа рэканструктар Пётр. – Тут галоўнае – атмасфера ды магчымасць вырвацца з шалёнага тэмпу 21-га стагоддзя».

Бізнес-Грунвальд

У краме з тканінамі.

Грунвальдскае рыцарства не хоча быць шляхтай, якая «шаблю носіць на вяровачцы». У лагеры можна знайсці рамеснікаў і гандляроў, якія прывезлі сюды неабходныя для рыцараў і іх сем’яў тавары.

«Мы забяспечваем патрэбы ў тканіне, – кажа купец Кшыштаф Лобас. – Калегі навокал – усё астатняе, ад лыжкі да зброі».

У крамах і працоўнях, што расстаўленыя паміж лагерам і Музеем Бітвы пад Грунвальдам, можна знайсці за працай кавалёў, ганчароў, гарбароў, шаўцоў, сталяроў, бондараў і мноства іншых рамеснікаў, чые прафесіі ўжо даўно ўнеслі ў спіс тых, што паміраюць.

І турысты, і рэканструктары могуць набыць тут біжутэрыю, халодную зброю, лукі і стрэлы, браню, шчыты, сукно, воўну і лён на метры, або гатовыя строі.

Рэканструктарам неабходная таксама тагачасная бытавая тэхніка. У намётах гандляроў можна знайсці катлы і кацялкі, каструлі і рондалі, драўняны і гліняны посуд. Сярод лагерных вулічак нярэдка можна пабачыць абвестку: «Выканаю крэслы, лавы, сталы і іншую мэблю на замову».

Пра тое, колькі каштуе гэтае хобі, распавядае беларускі рэканструктар Зміцер.

- Старэйшы сын носіць строй за $ 100, жонка – за 50. Вышыванка малога каштавала нейкія пятнаццаць. Мой строй – $ 300, а жалеза – мячы і іншай зброі – нават не лічу, – кажа Зміцер.

Дарагое абсталяванне рыцары-пачаткоўцы могуць здабыць коштам поту або крыві: рамеснікі і купцы – фундатары ўзнагародаў падчас бугурту.

Грунвальду патрэбныя рамеснікі, але і Грунвальд – рамеснікам. Без фэсту знайсці гэткі рынак збыту мала прыдатных у 21-м стагоддзі рэчаў было б цяжэй.

Для рэканструктара-прадпрымальніка Грунвальд – «гэта жыццё».

- Гэта цэлае жыццё. Гэта мэта, да якой ідзеш цэлы год. Немагчыма раздзяліць рэканструкцыю і прафесійныя заняткі, – упэўнены Кшыштаф Лобас.

Рэканструктары застаюцца ў эпосе да рэшты і ў пытаннях гастраноміі: тут п’юць мала папулярныя цяпер хлебны квас і пітны мёд, а ядуць тое, што знайшлі на Грунвальдзе археолагі. У лагеры няма ніякай бульбы – яе тады ў Еўропе не існавала.

Гарцэрскі Грунвальд

Гарцэрскі летнік разбіты пад харугвамі Арла і Пагоні.

На другім баку поля стаяць іншыя харугвы. Ужо 46 гадоў летнік тут разбіваюць гарцэры (польскія скаўты). На сёлетні злёт гарцэрскіх дружынаў на поле пад Грунвальдам прыехала 1400 юнакоў і дзяўчат з усёй Польшчы.

- У злёце могуць узяць удзел не толькі грунвальдскія дружыны са Звязу польскага гарцэрства, – кажа арганізатарка імпрэзы Моніка. – Мы адкрытыя на кожную скаўцкую арганізацыю з любой краіны. Сёлета да нас прыехаў скаўт з Нарвегіі. Павінныя былі прыехаць таксама скаўты з Малдовы і Казахстану, але нам не ўдалося атрымаць дафінансаванне для іхнай паездкі – а ім трэба было б праехаць добры кавалак.

Калісьці на грунвальдскі злёт гарцэраў прыязджалі літоўцы і амерыканцы. Беларусаў Моніка не прыгадвае.

Паўналетнія гарцэры служаць на Грунвальдзе валанцёрамі – вучаць маладых калегаў, аказваюць медычную дапамогу турыстам і рэканструктарам падчас інсцэнізацыі, прыбіраюць поле бітвы і трыбуны пасля заканчэння фэсту.

Турыстычны Грунвальд

Уваход на Грунвальд – праз сувенірную лаўку

Турысты – найбуйнейшая на рыцарскім свяце група. Турыстычны кемпінг месціцца паміж гарцэрскім летнікам і полем бітвы – побач з амфітэатрам і «Тытанікам», мадэрновым павільёнам абслугоўвання турыстаў.

Каб накарміць некалькі тысячаў гасцей фестывалю, тут стаіць больш за сто намётаў з ежай, сувенірамі і вайсковымі аксесуарамі. Побач знаходзіцца парк забаваў ды пасвіцца рыцарскі скакун. Здымак у сядле – 10 злотых (каля $ 2,7).

Каго прывёў пад Грунвальд Вітаўт?

Бюсты Ягайлы і Вітаўта ў Музеі Бітвы пад Грунвальдам

Пра тых, каго прывёў з сабой на поле пад Грунвальдам літоўскі князь, «сярэднестатыстычны паляк» ведае, як правіла, з фільму «Крыжакі» Аляксандра Форда: літоўцаў і татараў.

Беларускія ўдзельнікі бугурту не пагаджаюцца з тым, што пра нас на Грунвальдзе ніхто не кажа.

- За якія землі вялася тая вайна? – пытаецца берасцейскі рыцар Зміцер. – За лясныя тэрыторыі паганскай Жмудзі. Ці Вітаўт мог прывесці са Жмудзі войска, якое б перамагло крыжакоў? Не. Ён прывёў сюды ліцвінаў, якія размаўлялі на старабеларускай мове і жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ліцвіны Вітаўта – продкі сучасных беларусаў, а не літоўцаў.

Паводле Змітра, літоўцы прыватызавалі ўсю спадчыну ВКЛ не самастойна.

- Яны атрымалі яе ад Расеі дзякуючы пасіўнасці беларускіх і ўкраінскіх уладаў. У нас не кажуць, што Беларусь была Вялікай Літвой. Літоўцы не ведаюць, што былі толькі часткаю Вялікага Княства Літоўскага.

Літоўскі бок не збіраецца папраўляць сваю гістарычную нарацыю.

- У дзень бітвы жмудзіны прышлюць у рыцарскі лагер прамоўцу, каб распавядаў аб вялікай перамозе Жмудзі і Польшчы, – кажа Зміцер. – Пра рэшту ВКЛ не скажа ані слова.

Афіцыйны беларускі бок таксама маўчыць у гэтай справе.

- Часам беларускія ўлады прыгадваюць, што Грунвальд – гэта таксама і беларуская перамога. На юбілей у 2010-м дзяржава адправіла на Грунвальд рыцараў за свой кошт. Але гэта быў адзіны раз. Цяпер рыцары едуць за свае – з Менску, напрыклад, $ 2,5 тыс. за аўтобус плюс віза і аплата за месца на полі. Таму няма чаму дзівіцца, што прыязджае іх гэтак мала, – кажа Зміцер.

У сераду ўвечары Зміцер і ягоная сям’я былі адзінымі рэканструктарамі з Беларусі, якіх можна было знайсці пад Грунвальдам. У лагеры разбілі свае намёты рыцары Ягайлы, мазавецкіх і сілезскіх князёў, а таксама рыцары і кнехты Ордэну ды прускіх гарадоў. Лагеру пад сцягам Пагоні яшчэ не было.

Нягледзячы ні на што, вядома адно – у суботу гісторыя зноўку паўторыцца: вялікі магістр упадзе з каня.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.3 (оценок:6)