.

Спецпроект:
17.05.2017
Мае сваякоў у ЗША. 5 фактаў пра новага лідара камуністаў

13 мая лідар беларускіх камуністаў Ігар Карпенка, які ўзначальвае Мінадукацыі, склаў паўнамоцтвы. Беларускую камуністычную партыю ўзначаліў Аляксей Сокал, дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Аляксею Сокалу 43 гады. Ён жанаты, мае дарослага сына Арцёма, які вучыцца ў БНТУ на архітэктурным факультэце.

Амаль чвэрць стагоддзя ў ЦУМе

Пачаў працаваць у ЦУМе ў 1992 годзе прадаўцом. Скончыў машынабудаўнічы тэхнікум, завочна — Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне вытворчасцю» і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне». Працягваў працаваць у гандлі: быў таваразнаўцам, з часам даслужыўся да першага намесніка генеральнага дырэктара мінскага Цэнтральнага ўнівермага. Праўда, з ЦУМа Сокал усё ж звольніўся — калі стаў дэпутатам у 2016 годзе.

Еўропа — партнёр. Але нам туды не трэба

Стаўленне да Еўропы ў Сокала неадназначнае. З аднаго боку, ён не забываеца пра тое, што з Еўропай трэба гандляваць.

«Еўрасаюз разглядае Беларусь як пляцоўку для перамоў з Еўразійскім саюзам», — адзначаў Аляксей Сокал. Таксама на адным з беларускіх тэлешоу ён нагадваў, што каля 30% беларускага экспарту ідзе ў Еўрасаюз, і з Захадам трэба гандляваць.

Аднак на тым жа шоу Сокал не забыўся і папужаць гледачоў еўрапейскім жыццём:

«Я прыляцеў у Брусель і пасля Мінска быў уражаны — не пабачыў на вуліцах паліцыі. Затое бачыў масава ваенную тэхніку, вуліцы патрулююць ваенныя. Гэта наводзіць жах».

Зарабіў больш за 300 мільёнаў за год

Напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў кандыдаты публікавалі дэкларацыі. Апублікаваў сваю і Аляксей Сокал. Згодна з дакументам, першы намеснік гендырэктара ЦУМа і дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў зарабіў за 2015 год 313 643 400 «старых» рублёў (прыкладна $ 17,5 тысяч). Ва ўласнасці мае кватэру і гараж у горадзе Мінску, жылы дом і зямельны ўчастак у Мінскім раёне, а таксама — 748 акцый адкрытага акцыянернага таварыства «ЦУМ Мінск».

У сваю чаргу сын дэпутата Арцём пачынаючы з 18 гадоў выкладвае ў сацсетках фота за рулём нетанных аўто: Фальксваген Туарэг, Лексус. Праўда, ці яму належаць машыны невядома.

Сваякі жывуць у ЗША

Сваякі дэпутата-камуніста жывуць у капіталістычных Злучаных Штатах Амерыкі. Нярэдка да іх у госці ездзіць і сын Аляксея.

Адна са сваячак скончыла ўніверсітэт у штаце Фларыда і засталася там. Жыве ў Маямі, працуе аўдытарам.

Антынацыяналіст-дзяржаўнік

Перад Днём Волі 24 сакавіка менавіта Сокал разам з Вадзімам Гігіным адкрывалі «патрыятычны кінапаказ» для Лігі камуністычнай моладзі. Дэманстравалася паўгадзінная стужка 1962 года «Людзі з чорнымі душамі», пра беларусаў, якія супрацоўнічалі з нацыстамі ў гады вайны.

Перад праглядам дэпутат Сокал папярэдзіў юнакоў, што апазіцыя рыхтуецца да правакацый на Дзень Волі.

«Атрады малойчыкаў-нацыяналістаў гатовыя падпальваць машыны, біць вітрыны, кідаць кактэйлі Молатава ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў і мірных людзей. Ад нацыяналізму недалёка да нацызму. Беларусы як ніхто ведаюць, што гэта такое і якія ў гэтага наступствы», — сказаў Сокал перад фільмам.

Увогуле, не згодных з курсам улады Сокал вельмі не любіць.

У сваім выступе на пленуме камуністаў 13 мая ён падкрэсліў плённую працу дзяржаўнай сістэмы, некалькі разоў працытаваў Лукашэнку, а пасля сфармуляваў свае пачуцці так:

«Нельга недаацэньваць цынізм і ўпартасць, з якімі дамарослая апазіцыя спрабуе пашырыць сваю сацыяльную апору, спекулюючы на часовых цяжкасцях, выкарыстоўваючы іх як аргумент у імкненні насадзіць хаос у свядомасці мас, накіроўваючы яго на пратэст супраць дзеючай улады, выкарыстоўваючы левыя заклікі, прасоўваючы свае ментальныя інтарэсы.

Іх мэта не стварэнне, а разбурэнне. Мы дакладна разумеем, што правыя і нацыяналісты значна актывізавалі працу з асноўнымі сацыяльнымі групамі, уключаючы подкуп асобных катэгорый насельніцтва. Мы не павінны спакойна назіраць за іх актыўнасцю».

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 2.9 (оценок:17)