.

Спецпроект:
12.05.2017
Навошта кітайцам Беларусь. Тлумачыць Леанід Заіка

Чарговы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай заплянаваны на 13–16 траўня, кіраўнік Беларусі чарговым разам сустрэнецца са старшынём КНР Сі Цзіньпінам і возьме ўдзел у форуме «Адзін пояс, адзін шлях», прысьвечаным праекту эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

Гэта ўжо дзясяты афіцыйны візыт Лукашэнкі ў Кітай. Мінулым разам Лукашэнка і Сі Цзіньпін сустракаліся ў верасьні 2016 году. Чым Кітаю цікавая Беларусь, Свабодзе тлумачыць эканаміст Леанід Заіка.

Кітай як 140 Беларусяў

«Кітай да Беларусі — гэта суадносіны 1 да 140 па памерах насельніцтва (1 да 144,6 паводле зьвестак на 2016 год. — РС) і палітычнай вазе, калі заўгодна. Кітаю Беларусь патрэбная проста з псыхалягічна-палітычных меркаваньняў.

Кітай — гэта краіна з сацыялізмам з кітайскай спэцыфікай, Беларусь жа — паўсацыялізм бязь нейкай спэцыфікі. Ну, хіба з аўтарытарнай спэцыфікай. І там, і там аўтарытарызм, а аўтарытарныя лідэры сустракаюцца адзін з адным, бо ніхто іншы зь імі асабліва ня прагне сустракацца. Толькі ў тых выпадках, калі бярэцца ва ўлік палітычная вага краіны — з Кітаем амэрыканцы і ўсе астатнія сустракаюцца, бо краіна вялікая.

На пытаньне, хто каму больш патрэбны, адказ адназначны. Лукашэнка выкарыстоўвае Кітай, каб прыцягнуць увагу да самога сябе. Гэта форма палітычнага прадстаўніцтва ў сусьветнай інфармацыйнай прасторы.

А нашто Беларусі Кітай, акрамя гэтай прапагандысцкай асновы? Папрасіць грошай».

Прычыны ёсьць, але нязначныя

«Кітай перанасычаны далярамі. Яны памыліліся, бо зашмат уклалі ў рэзэрвы ў амэрыканскай валюце. Цяпер стараюцца траціць, мо нешта выдаткоўваць.

Потым — кітайцы вельмі практычныя. Кітайская намэнклятура зацікаўленая ў Беларусі, бо Кітай перанаселены, а яе працаўнікам, асабліва іх дзецям і родзічам, добра б пажыць у Эўропе. У такой Эўропе, дзе ёсьць аўтарытарны рэжым, але побач Эўразьвяз.

Іншых асаблівых мэтаў я ў гэтым ня бачу, у тым ліку зыходзячы з майго асабістага досьведу жыцьця ў Кітаі. Я ня бачу тут нейкіх цікавых стратэгічных хадоў. 1 да 140 — чаго тут выдумляць?

«Шаўковы шлях» — гэта партыйна-палітычная праграма Кітаю па стварэньні сваіх пунктаў апоры і свайго ўплыву ў краінах, пачынаючы ад Паўночнай Карэі і Пакістану. Казахстан вельмі патрэбны Кітаю. І ў адпаведнасьці з гэтай канцэпцыяй Кітай павялічвае сваю прысутнасьць на эўразійскай прасторы.

Я стаўлюся да гэтага скептычна: нейкая актыўнасьць хай ідзе, бо чыноўнікам больш няма чым заняцца, яны не ствараюць новую эканоміку, а шукаюць, да каго б прыхіліцца, хто экстэнсіўна разьвіваецца. Амэрыканцы занадта далёка, значна абагналі тэхналягічна, Эўропа жыве зусім у іншым фармаце, таму падзецца няма куды. Добра б ісьці ў адну нагу з Кітаем, але крок у 140 разоў большы».

Спадзявацца на перанос тэхналёгіяў ня варта

На мінулым тыдні амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды заявіў, што кітайцы зацікаўленыя ў пераносе вытворчасьці ў Беларусь, бо ў Кітаі заробкі ўжо вышэйшыя за беларускія. Заіка не адмаўляе розьніцы ў заробках, але зьвяртае ўвагу на розьніцу ў маштабах эканомік краін і сумняецца ў «экспарце тэхналёгій»:

«Сярэдні заробак у кітайскай прамысловасьці — 760 даляраў. Беларускія чыноўнікі і сам прэзыдэнт пра гэта ня кажуць. Ён чалавек сьціплы, я разумею Аляксандра Рыгоравіча: калі ён скажа, што ў кітайскай прамысловасьці заробкі 760 даляраў, а беларускі прафэсар атрымлівае 350, то ўсе будуць глядзець на гэта як на нейкі жахлівы цуд!

Але што тычыцца пераносу прамысловасьці і трансфэру тэхналёгій... Прывяду адзін прыклад. Мае знаёмыя працавалі па рысунках кітайскай кампаніі, дык яны былі ў жаху: там столькі тэхналягічных ляпаў было! Калі яны гэта кітайцам расказвалі, тыя не разумелі, пра што гаворка.

Гэтыя тэхналягічныя працэсы супярэчлівыя: так, Кітай добра зарабляе на лёгкай прамысловасьці, пастаўляе добрую электроніку, тыя ж ноўтбукі і смартфоны выбіваюць эўрапейцаў... Але я б не сказаў, што беларусы тут нечаму навучыліся. Хіба кітайскі аўтамабіль, на якім могуць езьдзіць хіба выхадцы зь вельмі далёкіх раёнаў».

Акрамя таго, гучаць меркаваньні, што Кітай зацікаўлены ў рээкспарце сваёй прадукцыі ў Эўропу пад выглядам беларускай, каб абысьці нейкія абмежаваньні на гандаль. Заіка лічыць масавы рээкспарт фантастычным: значных перашкодаў экспарту кітайскіх тавараў у Эўропу ня чыніцца.

Людзі і без таго носяць кітайскія курткі, джынсы і майткі, кажа Заіка, і ня стануць адмаўляцца ад гэтага толькі таму, што на іншых вырабах будзе напісана «Made in Belarus».

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4 (оценок:15)