.

Спецпроект:
08.03.2017
Кацярына Карпіцкая, Наша Ніва
Ганна Трубачова ў Сан-Францыска: «Ініцыятыўныя і думаючыя беларусы — гэта героі»

Ужо некалькі месяцаў Ганна разам з мужам Аляксандрам Tarantino Ждановічам і дзьвюма сынамі жывуць у Сан-Францыска. Пра тое, чаму так атрымалася, пра горад і новыя крокі за мяжой Ганна падзялілася з намі ў гутарцы.

«Да спроб зрабіць у Беларусі альтэрнатыўную школу я не вярнуся»

— Я ўпэўнена, што з кожным годам новых адукацыйных праектаў у Беларусі будзе ўсё больш. Што тычыцца мяне, я да гэтага не вярнуся, бо нават зараз адчуваю, што поўнасцю не аднавілася ад выгарання: на працягу амаль двух гадоў я напісала столькі лістоў са зместам «Добры дзень, мы рады вам прапанаваць», што мой унутраны свет, якому ў прынцыпе не падабаецца адміністрацыйная праца, да гэтага часу адчувае ўвесь спектр негатыўных эмоцый (ад істэрыкі да дэпрэсіі) пры спробах сесці і напісаць дзелавое пісьмо.

(З Ганнай Трубачовай «НН» рабіла інтэрв'ю пару гадоў таму. Тады яна расказвала пра ідэю стварэння ў Беларусі першага незалежнага адукацыйнага праекта для дзяцей і школьнікаў па індывідуальным плане пад назвай «Таранціны і сыны».  З праектам не склалася).

«Дапамагаюць родныя людзі»

— Па-сапраўднаму складаным было б апынуцца без рэальнай дапамогі людзей: мы прыехалі ў ЗША, маючы крыху менш за дзве тысячы даляраў у кішэні. Гэта смешныя грошы для пачатку жыцця ў другім па дарагоўлі горадзе ЗША. Дзякуючы сябрам і сваякам, мы трымаемся і дробнымі крокамі рэалізуем вялікія мары.

Мой муж наладжвае сваю справу на рынку прафесійнай фатаграфіі. Я сяджу над першым раманам і збіраюся паспрабаваць сябе ў ролі мадэлі: у мяне, нарэшце, з'явіўся агент і асабісты сайт з мадэльным партфоліа — гэта не столькі дзеля заробкаў, колькі як адзін з этапаў псіхалагічнай працы. Неўзабаве нашы дзеці пойдуць у пачатковую школу.

«Сан-Францыска — самы прыгожы і атмасферны горад ЗША»

— Я жыла ў розных штатах, бачыла вялікую частку Амерыкі і магу сказаць гэта дакладна. Нью-Ёрк для мяне асаблівы (я кажу пра Манхэтан), вельмі яго люблю, але для сям'і з дзецьмі і вельмі абмежаванымі фінансавымі магчымасцямі ў яго занадта пражэрлівая энергія. Сан-Францыска чымсьці падобны на Нью-Ёрк (але больш лайтовы), гарадской прасторай — на Парыж, атмасферай — на Новы Арлеан, гэта ўнікальны горад.

«Беларусам трэба павучыцца ў амерыканцаў талерантнасці»

— Беларускім гарадам шмат яшчэ куды трэба расці. Талерантнасць — першае, што прыходзіць у галаву. Не нейкая міфічная, якая прыпісваецца беларусам, а сапраўдная памяркоўнасць, усведамленне і прыняцце адзінага грамадства, у якім жывуць не толькі белыя натуралы сярэдняга заробку, але і геі, бамжы, наркаманы, імігранты з усяго света, фрыкі і інваліды, жабракі і вар'яты. Бяспечныя дзіцячыя пляцоўкі, сацыяльная дапамога тым, хто апынуўся ў нястачы, жывёлы з прытулкаў, якія момантам знаходзяць новыя сем'і, ветлівыя размовы незнаёмцаў, грамадзянская адказнасць, разнастайнасць прадуктаў для здаровага харчавання, яркія вуліцы… Гэта ўсё не проста інфраструктура, гэта — культура грамадства.

Я скажу банальнасьць і заўсёды казала пра гэта: пачынаць змены трэба з сябе самога, са свайго пад'езда, двара. Калі кожны не загаворыць, дзяржава, якая жыве ў сваім свеце, ніколі не даведаецца пра тое, што ёсць грамадзяне і, магчыма, іх нешта не задавальняе.

Гэта савецкая спадчына: сядзець і чакаць, што табе зробяць добра і камфортна. Я рада, што ў Беларусі сёння шмат ініцыятыўных і адказных людзей. У тым ліку я пра тых, хто сёння выходзіць і пратэстуе. Гэтыя людзі — героі.

«Пішу аўтабіяграфічную кнігу, дзе будзе распавядацца і пра Беларусь»

— Зараз я працую над кніжкай. З большага яна аўтабіяграфічная, але там будзе вельмі шмат тыповага для людзей майго пакалення. Кніга пра перазагрузку свядомасці, аб Амерыцы, пра Беларусь, пра прыгажосць жыцця ў яго складаных выпрабаваннях, пра тое, аб чым людзі не пішуць у фэйсбук. Кнігу ўжо пачалі перакладаць на англійскую, але калі я скончу яе, невядома, таму што пісаць у лепшым выпадку атрымоўваецца некалькі гадзін у дзень. Быць маці — пакуль для мяне асноўная прафесія.

«Не верце таму, што бачыце ў сацсетках»

— Я б параіла ўсім жанчынам менш глядзець па баках: вы ніколі не ведаеце, што на самой справе адбываецца ў сем'ях, якія прыгожыя напаказ (думаю, сапраўды шчаслівыя саюзы не маюць патрэбы ў расказах пра сябе), вы не можаце ўявіць сабе, што адбываецца ўнутры інстаграмнай красуні. Часцяком там усё не так добра, як здаецца.

Я не веру ў тое, што бываюць стандартна прыгожыя жанчыны і нейкія стандартна добрыя мамы адначасова. Я стараюся часцей абдымаць і слухаць сваіх дзяцей. У мяне, дзякуй богу, ёсць магчымасць праводзіць некалькі гадзін у дзень сам-насам з сабой. У нашай сям'і куча праблем, у мяне — неўрозы і комплексы, я не лічу сябе прыгожай (над чым працую, вядома ж, таму што ў што б там ні стала трэба знайсці сябе прыгожай).

Не верце таму, што бачыце ў соцсетях — гэта ўсё ўстаноўкі: людзі публікуюць тое, што хочуць паказаць сабе або іншым. Але лепш часцей смяяцца ад душы, чым быць ідэальнай і стройнай.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.3 (оценок:12)