04.03.2017
Антон Трафімовіч, Радыё Свабода
Як беларуская міліцыя стала старэйшай за савецкую

Першае «міністэрства ўнутраных спраў» зьявілася ў беларусаў у ХVIII стагодзьдзі.

4 сакавіка 2017 году беларуская міліцыя афіцыйна сьвяткуе стогадовы юбілей. Гісторыкі кажуць, што нашы праваахоўныя органы маюць шматвекавую гісторыю. Але МУС і Аляксандар Лукашэнка палічылі днём нараджэньня беларускай міліцыі дату з гісторыі рускай рэвалюцыі.

Як змагаліся з валацугамі і гультаямі ў часы Рэчы Паспалітай і як беларуская міліцыя аказалася старэйшай за савецкую — разабралася Свабода.

Першыя сьледчыя — яшчэ ў Статуце 1566 году

Гарадзенская ратуша. Разам з магдэбурскім правам у гарадах пачалі зьяўляцца і праваахоўнікі

Службы па ахове парадку ў беларускіх гарадах пачалі зьяўляцца з канца XIV стагодзьдзя — разам з магдэбурскім правам. Пасьля ўсяўладных фэадалаў гарадамі пачынаюць кіраваць магістраты. Сярод іншага яны сачылі і за парадкам.

Как Лукашенко принимал торжественный марш милиции

Згодна са Статутам 1566 году ў Вялікім Княстве Літоўскім уводзілася пасада вознага. Возныя былі судовымі сьледчымі, выканаўцамі і курʼерамі адначасова.

Статут 1588 году пашырыў паўнамоцтвы вознага як сьледчага. Напрыклад, падрабязна апісвалася, якім чынам ён павінен складаць пратакол. Як і на судзьдзяў, падсудкаў і пісараў Вялікага Княства, на гэтых службоўцаў распаўсюджвалася недатыкальнасьць.

Аднак агульнадзяржаўнай цэнтралізаванай службы па ахове парадку ў Вялікім Княстве не існавала да другой паловы ХVIII стагодзьдзя.

Толькі пасьля рэформаў Станіслава Панятоўскага ў Рэчы Паспалітай пачалі стварацца спэцыялізаваныя камісіі — прататыпы сучасных міністэрстваў.

У 1791 годзе на Гарадзенскім сойме была створаная Камісія паліцыі Вялікага Княства Літоўскага. Яна адказвала за падтрыманьне грамадзкай бясьпекі і парадку на абшарах княства. На месцах ствараліся ваяводзкія і павятовыя цывільна-вайсковыя камісіі.

«Можна сказаць, што ў канцы ХVIII стагодзьдзя пачала фармавацца сыстэма аховы парадку і бясьпекі», — сказаў Свабодзе Юры Гардзееў.

У Статутах ВКЛ гаворыцца пра пасаду вознага. У адной асобе гэта быў сьледчы, выканаўца і курʼер.

Гісторык з Гародні, які працуе ў Ягелонскім унівэрсытэце Кракава, Юры Гардзееў напісаў не адну працу пра Чатырохгадовы сойм Рэчы Паспалітай.

У гэты час польская і літоўская шляхта распрацавала і прыняла ня толькі Канстытуцыю 3 траўня — першую ў Эўропе, але й стварыла некалькі дзяржаўных камісіяў.

Юры Гардзееў тлумачыць, што само паняцьце «паліцыя» ў ХVIII стагодзьдзі мела іншае значэньне, чым сёньня. Паліцыяй называлася навука адміністрацыі ў дзяржаве.

Упершыню з часоў Сярэднявечча ўзьнікаў бюракратычны апарат, і ўлада пачынала ажыцьцяўляцца не асабістымі загадамі караля, а праз сыстэму ваяводзкіх і павятовых камісіяў.

Камісія паліцыі змагалася з валацугамі і лайдакамі

У архівах Юры Гардзееў знайшоў шмат сьведчаньняў, як цывільна-вайсковыя камісіі сачылі за парадкам у гарадах ВКЛ. Найбольшай праблемай тых часоў у гарадах лічыліся валацугі, лайдакі і цыганы.

Юры Гардзееў

У сваёй кнізе «Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у часы Чатырохгадовага сойму (1789–1792)» Гардзееў прыводзіць сьведчаньне з актавай кнігі Менскай цывільна-вайсковай камісіі.

Напрыклад, там апісваецца, як горад «зазнае нашэсьце гультаёў і валацуг, якія называюць сябе жаўнерамі Віленскага ваяводзтва». Мэмарандум 1791 году забараняў менчукам укрываць дэзэрціраў, валацуг, «людзей бяз службы» і лайдакоў.

Як сачылі за парадкам у тыя часы? У павятовыя камісіі ўваходзілі 5-6 мясцовых шляхцічаў, якія працавалі на сэсіях цягам аднаго месяца.

Але яны выконвалі выключна «кабінэтную» працу — разглядалі звароты, выдавалі мэмарандумы. Пасады паліцыянта ў той час яшчэ не было. Замест іх выкарыстоўвалі вайскоўцаў.

«Па дапамогу жаўнераў зьвярталіся ў крайнім выпадку, — кажа Гардзееў. — Напрыклад, калі здараліся сялянскія бунты. Або для аховы межаў».

Як беларуская міліцыя стала старэйшай за савецкую

Камісія паліцыі скончыла сваё існаваньне разам з Рэччу Паспалітай — пасьля трэцяга падзелу ў 1795 годзе. На зьмену ёй прыйшлі гарадавыя. І да 1917 году на беларускіх землях за парадкам сачылі расейскія паліцыянты. Але ў Лютаўскую рэвалюцыю іх замяніла народная міліцыя.

Чым адрозьніваецца міліцыя ад паліцыі? Звычайна міліцыяй называліся ваенізаваныя атрады паспалітага рушэньня. Але ў СССР да слова «міліцыя» зьвярнуліся найперш дзеля таго, каб адмежавацца ад царскай паліцыі.

Днём народзінаў савецкай міліцыі лічыцца 10 лістапада 1917 году. У гэты дзень народны камісар унутраных спраў Рыкаў падпісаў пастанову «Аб працоўнай міліцыі».

У Расеі і сёньня 10 лістапада адзначаюць як дзень супрацоўніка органаў унутраных спраў. Гэтую ж дату ў 1990-я гады адзначалі і ў Беларусі.

Аляксандар Пашкевіч

Але ў 1998 годзе ў беларускай міліцыі зьявілася новая дата народзінаў — 4 сакавіка 1917 году. У гэты дзень Міхаіл Фрунзэ быў прызначаны часовым кіраўніком міліцыі Ўсерасейскага земскага саюзу па ахове парадку ў Менску.

Гэта значыць, за народзіны беларускай міліцыі выбралі дату з рэвалюцыйнай гісторыі Расеі.

Адзначаць сёньня 4 сакавіка як сьвята міліцыі — гэта падкрэсьліваць сваю савецкасьць. Так лічыць гісторык Аляксандар Пашкевіч.

«Я лічу, што адзначэньне 4 сакавіка як Дня беларускай міліцыі — гэта проста нэгатыўная спадчына савецкіх часоў і нічога больш, — сказаў Свабодзе Пашкевіч. — У той міліцыі, якая была ўтворана Міхаілам Фрунзэ ў 1917 годзе, не было анічога нацыянальнага беларускага».

Помнік царскаму паліцыянту

Міністар унутраных спраў на сьвяты ўбіраецца ў форму супрацоўніка НКВД. Каля міністэрскага будынка адкрылі помнік расейскаму гарадавому. А дзень заснаваньня беларускай міліцыі лічыцца ад часоў лютаўскай рэвалюцыі

На сайце Міністэрства ўнутраных спраў падкрэсьліваецца расейскае паходжаньне беларускай міліцыі.

У разьдзеле «Гісторыя» ў першым сказе напісана наступнае: «Міліцыя зараджалася ў агні першай рускай рэвалюцыі» (маецца на ўвазе лютаўская 1917 году, хоць звычайна першай рускай рэвалюцыяй называецца тая, што адбылася ў 1905–1907 гг.).

У той жа час у міністэрстве, як выглядае, ня маюць пэўнасьці, адкуль жа паходзіць беларуская міліцыя. З аднаго боку, за дату яе нараджэньня ўзялі той дзень, калі царскую паліцыю замяніла народная міліцыя. Аднак на мінулым тыдні міністар Ігар Шуневіч адкрыў помнік не народнаму міліцыянту 1917 году, а гарадавому часоў Расейскай імпэрыі.

Защитник или надзиратель?

Каб пазьбегнуць блытаніны з вызначэньнем гістарычнай даты пачатку беларускай паліцыі, можна было б весьці адлік ад заснаваньня сучаснага Міністэрства ўнутраных спраў.

1 сакавіка 1991 году Вярхоўны Савет БССР прыняў закон «Аб міліцыі». Ад аналягічнай даты адлічваюць век праваахоўных органаў у большасьці постсавецкіх краінаў.

«Як адзін з варыянтаў — чаму не, — кажа Пашкевіч. — Канкрэтную дату рэкамэндаваць не бяруся. Адно для мяне несумненна — што так ці іначай яна павінна быць зьвязаная з гісторыяй менавіта нацыянальнай міліцыі — створанай беларусамі дзеля службы Беларусі. Тая міліцыя, якая была створаная 4 сакавіка 1917 году, такой не зьяўляецца».

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:35)