Спецпроект:
25.02.2017
Павел Печанько
Масленіца ў Чыжоўцы: «Мікола, налівай хутчэй, пакуль зноў снегу не насыпала!»

25 лютага жыхары мікрараёна правялі зіму. Як гэта было — у фотарэпартажы «Салідарнасці».

Сёлетняя Масленіца запомніцца сваім надвор’ем: на працягу гадзіны некалькі разоў яснае неба зацягвалася хмарамі і пачыналася сапраўдная зімовая завіруха. Вядучыя са сцэны заклікалі людзей «актыўней святкаваць, каб прагнаць нарэшце зіму». Больш за ўсіх стараліся дзеці, якім частыя змены надвор’я толькі дадавалі імпэту.

Масленічны слуп быў слізкі звыш меры, таму большасць ахвотных так і не здолела дабрацца да пакункаў з прызамі.

Дзецям завея зусім не перашкаджала.

А праз нейкія хвілін дзесяць ізноў вызірнула сонца і вярнулася вясна. Са сталоў каля гандлёвых намётаў прадавачкі венікамі змятаюць снег. Дзядзькі, якія адседзеліся пад казырком намёта, спяшаюцца да стала: «Мікола, налівай хутчэй, пакуль зноў снегу не насыпала!»

Навучэнцы кулінарнага каледжа раздаюць бліны задарма тым, хто адгадае загадку.

На сцэне конкурс на падыманне гіраў. Хлопец ідзе на рэкорд. Вядучы падбадзёрвае яго, кажучы, што пакуль той надумаецца спыніцца, то ўжо й вясна прыйдзе.

Пенсіянеры абураюцца высокімі коштамі на сувеніры і забаўкі: «Глянь, ніхто да іх не падыходзіць нават. Хоць бы цэны паскідалі, спекулянты!». Што праўда, у параўнанні з леташняй Масленіцай шмат што стала даражэй ці не ўдвая. Добра, што арганізатары парупіліся пра цалкам бясплатныя забавы для дзяцей. Дарослыя саграваліся глінтвейнам, які сёлета прадаваўся ці не ў кожным намёце.

Цікава, што на свяце было амаль не заўважна міліцыянтаў. Як і моцна падпітых грамадзянаў.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.2 (оценок:12)