.

Спецпроект:
12.02.2017
Павел Печанько
«Абяцалі скульптуры з лёду, а тут як заўсёды ў нас – з г**на і палак»

Выстава скульптур з лёду ў мінскай Чыжоўцы пакідае дваістае ўражанне.

У гэтыя выходныя ў парку імя 900-годдзя Менску адчынілася выстава скульптур з лёду, прымеркаваная да 950-гадовага юбілею сталіцы. У яе падрыхтоўцы прымалі удзел супрацоўнікі ўстановаў і прадпрыемстваў Заводскага раёна, а таксама вучні бліжэйшых школ.

Выстава пакінула дваістае ўражанне. З аднаго боку падобныя мерапрыемствы ў спальных раёнах адбываюцца не вельмі часта. Што стварае попыт на любыя відовішчы. Людзей прыйшло насамрэч шмат, пры гэтым абсалютна ўсіх узростаў – ад бацькоў з малымі дзецьмі, да пенсіянераў і падлеткаў.

Шмат хто ахвотна фатаграфаваўся на тле сімвалаў сталіцы і Беларусі – копіяў помнікаў архітэктуры, выявы зубра і г.д.

Людзі сталага веку выяўлялі выдатную абазнанасць, пазнаючы большасць «помнікаў» не чытаючы нават подпісы.

З абстрактнымі кампазіцыямі было складаней. Маладая пара доўга разглядвала капазіцыю ў выглядзе разгорнутай кнігі – сімвала Года навукі: «Это нулевой километр?» – «Не-а, это скорее какая-то братская могила».

Кампазіцыю Нацыянальнага аэрапорта маладзёны назвалі «кітом, які выкінуўся на бераг».

Крыху далей маладая сям’я фатаграфавалася каля скульптуры мядзьведзя, зробленага супрацоўнікамі сталічнага запарка. «Интересно, из чего он сделан?». «Из снега, конечно. И выкрашен …э-э-э… грязью».

Вядома, не абыйшлося і без арганізацыйных «ляпаў». Зразумела, што выставу рыхтавалі далёка не прафесіяналы. Зрэшты, некаторы прымітывізм і «наіўны» стыль і ёсць галоўнай разынкай гэтага мерапрыемства.

Але пры гэтым большасць скульптур былі зробленыя не з лёду. У лепшым выпадку ў якасці будматэр’ялу выкарысталі снег. Сустракаліся таксама фанерныя канструкцыі, так-сяк абкладзеныя рыхлым снегам.

Няўжо ў такое надвор’е не знайшлося магчымасці падвезьці майстрам пару прычэпаў нарэзанага лёду? Як груба, але справядліва заўважыў адзін з наведнікаў, «абяцалі скульптуры з лёду, а тут як заўсёды ў нас – з г**на і палак». Ці ўзяць некаторыя скульптуры – копіі сапраўдных помнікаў, прысвечаных ахвярам вайны. Як справядліва наракалі наведнікі-пенсіянеры, такія скульптуры неабходна неяк пазначаць, альбо зусім не рабіць: дзятва коўзалася па ўсіх скульптурах без разбору, што па «бібліятэцы», што па помніку з «Вострава слёз».

Акрамя таго, ня гледзячы на досыць халоднае надвор’е і вялікую колькасць наведнікаў, у парку не было заўважана ніводнай кропкі продажу гарачых напояў і ежы.

Каб скласці ўласнае ўражанне ад выставы, прапануем вашай увазе фотарэпартаж.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 2.6 (оценок:28)