.

Спецпроект:
18.01.2017
Тарас Щирый, Трибуна
Віталь Гуркоў: «Плюха ў Мiхалка добрая»

Тайбаксёр Віталь Гуркоў, які 12 разоў станавіўся чэмпіёнам свету, даказвае ўсім, што спорт можна паспяхова сумяшчаць з музыкай.

Віталь ужо некалькі гадоў з’яўляецца вакалістам у гурце BRUTTO Сяргея Міхалка і не збіраецца спыняць музыкальную кар’еру. Спыніць яе хацелі спартыўныя функцыянеры, за што, як лічыць сам Гуркоў, ён і застаўся без заробку ў зборнай. Баец сустрэўся з Тарасам Шчырым і распавёў пра спрэчкі з чыноўнікамі, бойкі з гопнікамі і растлумачыў, чаму Сяргей Міхалок – вельмі незвычайны чалавек.

«Беларус? Вот а фак!»

– Віталь, Новы год ужо паспеў змяніць ваша жыццё?

– Пакуль не. У мяне усё па-ранейшаму. Займаюся тымі ж справамі – спортам, музыкай, і хачу, каб 2017 быў не горшы за мінулы, бо я ім цалкам задаволены. Летась было шмат прыемных момантаў. Напрыклад, восенню BRUTTO зладзіў маштабны тур па ЗША і Канадзе. Выступалі ў даволі вядомых клубах, дзе раней гралі Мэрылін Мэнсан, Deftones, Motorhead.

Наведалі шмат гарадоў: Ванкувер, Чыкага, Сан-Францыска, Таронта, Бостан, Дэнвер, Нью-Ёрк, Сіэтл… Дарэчы, калі мы былі ў Сіэтле, наш вакаліст Пеця «Бусел» Ласеўскі уначы пасля канцэрту знянацку сеў у таксоўку і паехаў глядзець на месца, дзе жыў Курт Кабэйн, лідар Nirvana.

– І што ўбачыў?

– Просты маленькі, акуратны дамок. Нічога звышнатуральнага. Проста Пеця – вельмі цікаўны хлопец. У кожным горадзе намагаецца ўбачыць і сфатаграфаваць як мага больш вядомых мясцін. Што цікава, мы спачатку выступалі у Штатах, пасля зляталі ў Канаду, а потым зноў вярнуліся ў Амерыку. І калі сцюардэса спытала, як часта вы бываеце ў ЗША, адказалі: «Раз на тры дні!».

– Дагэтуль вы ужо былі ў Амерыцы?

– Толькі ў Лас-Вегасе на спаборніцтвах. Але па гэтым горадзе меркаваць аб усёй краіне нельга. Вегас – асобная краіна ў краіне. Гэтым разам я прывёз з-за акіяна нашмат больш уражанняў. Для мяне Амерыка – новы свет. Зразумела, ЗША вялікая дзяржава, у кожным штаце свае асаблівасці, але мы паўсюль сустракалі даволі адкрытых і ветлівых людзей. Ім нескладана ўсміхнуцца табе на вуліцы, пачаць размаўляць ці нават сказаць зусім незнаёмаму чалавеку: «Гэй, чувак, у цябе такая файная кепка!». Людзі могуць наўпрост на ходніку пачаць размаўляць з табой аб сваіх праблемах, аб тым, што іх бянтэжыць.

Са мной, напрыклад, такое адбылося ў Сан-Францыска. Да мяне падышоў нейкі афраамерыканец і пачаў распавядаць пра тое, што яго толькі што ледзь не збіла дзеўка на ровары. Я яго выслухаў, падтрымаў, а пасля паміж намі адбыўся наступны дыялог:«Вэ а ю фром?» – «Беларус» – «Вот а фак! Вээ із іт?». Растлумачыў мужыку, што гэта каля Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі. Карацей, Усходняя Еўропа. Вось тады ён зразумеў, пажадаў мне добрага дня і атрымаць асалоду ад Сан-Францыска.

– Атрымалі?

– Так, было вельмі цікава. У Сан-Францыска ёсць мексіканскія раёны, дзе людзі па-англійску амаль не размаўляюць. Толькі па-інспанску. Калі туды патрапіў, адчуваў невялічкі дыскамфорт. Мясцовыя жыхары паглядалі на мяне даволі падазронна. Усё ж такі белых там амаль няма.

Мне распавялі гісторыю, што ў гэтым горадзе калісьці была бальніца для людзей з псіхічнымі асаблівасцямі. У пэўны момант яе расфармавалі, бо ўстанова патрабавала шмат выдаткаў. У выніку гэтых людзей адпусцілі, выплочваюць грашовую дапамогу, і яны бадзяюцца па горадзе. І такіх дзівакоў там хапае. Да таго ж у Сан-Францыска мы далі адзін з нашых лепшых амерыканскіх канцэртаў.

– Дзе яшчэ добра адарваліся?

– У нью-ёркскім клубе Stage 48. Паслухаць нас прыйшла тысяча чалавек: беларусы, украінцы, амерыканцы, якія складаюць аўдыторыю гэтага клуба. Канцэрт у Нью-Ёрку стаў самым наведвальным. Нас выдатна падтрымалі. Паміж намі і гледачамі быў цудоўны энергаабмен. Панавала фантастычная атмасфера.

– Фаны са сцэны скакалі?

– Так, залазілі, давалі камусьці з нас пяцюню і хуценька скакалі на танц-пол. Усе паводзілі сябе прыстойна. Канфліктных сітуацый не было. Хаця на ранейшых канцэртах людзі празмерна доўга затрымліваліся на сцэне і многіх прыходзілася культурна прасіць, каб яны хутчэй вярталіся ў залу. Усё ж такі чалавек такім чынам можа перашкодзіць далейшаму выступу.

– А няўжо вы самі ніколі не скакалі са сцэны?

– Скакаў. Апошні раз на канцэрце BRUTTO ў Вільні. Пасля гэтага вырашыў, што так больш рабіць не буду.

– Чаму?

– Неяк сустрэў чалавека, які з усмешкай сказаў, што я яго зачапіў. Аднак мне не сорамна. Усё ж такі гэта панк-канцэрт, на якім адбываецца рознае. Але каля сцэны стаяць дзяўчаты, і мне б не хацелася сваімі скачкамі ствараць дыскамфорт. Я ўвогуле лічу, што пускаць людзей на сцэну нельга. У нас шмат апаратуры, розных прымочак і правадоў. Іх можна лёгка зачапіць і на некаторы час сарваць канцэрт.

– Якая амерыканская грымёрка найбольш уразіла?

– Тая, што ў клубе Stage 48. Шчыра кажучы, там даволі просты інтэр’ер. Сцены пафарбаваны ў белы колер. Уздоўж сцен стаяць канапы. Уразіла грымёрка мяне сваімі памерамі, бо займае проста вялікую прастору. Мы, а нас было 14 чалавек, адчувалі сябе там даволі камфортна. Таксама крутая грымёрка знаходзіцца ў легендарным Roxy Club, што ў Лас-Анджэлесе. Там калісьці пачыналі The Doors, Motley Crew, і мы сядзелі, адпачывалі менавіта на тых канапах, на якіх калісьці сядзелі рок-зоркі. Гэта, безумоўна, крута.

– Што паводле райдара вам прыносілі ў амерыканскія грымёркі?

– Як заўсёды: садавіна, пітная вада, гарбата, шакалад, пратэінавыя батончыкі, у якіх замала цукру і розных дабавак. Спіртнога ў райдары няма.

– Але я чуў, што ў Бостане вам на сцэну спрабавалі пранесці піва.

– Такога не памятаю. Адсутнасць алкагольных напояў у грымёрцы – гэта прынцыповая пазіцыя. Ніхто ніколі з нашых музыкантаў не выходзіў на сцэну нападпітку. Да таго ж мы прапагандуем здаровы лад жыцця, і многія хлопцы акрамя мяне займаюцца спортам. «Бразіл» (вакаліст Сяргей Каралёў – Tribuna.com), напрыклад, баксіруе, «Бусел» раніцай выходзіць на прабежку, а «Лэфт» (гітарыст Дзяніс Мельнік – Tribuna.com) наогул пасля тура набыў дошку і катаецца пад Адэсай на хвалях Чорнага мора.

– Калі ў апошні раз ужывалі алкаголь?

– У навагоднюю ноч дазволіў сабе крыху віна. Усё. Але так, зразумела, было не заўсёды. Я вельмі добра памятаю выпадак, калі па-сапраўднаму нажлукціўся. Гэта быў 6 ці 7 клас. Я тады яшчэ жыў у Сцяпянцы. Незадоўга да навагодняй вечарыны, для якой наш клас рыхтаваў сцэнку, мы сабраліся на цеплатрасе, выпілі нейкага “чарніла”. Пайшлі ў школу, там працягнулі… І калі я сядзеў ля сцэны, чытаў сваю ролю, ужо быў нападпітку. Далей была дыскатэка, а пасля мяне п’янага вялі дадому.

Помню, што падаў у снег, мяне падымалі і зноў вялі. Калі раніцай прачнуўся, мне было сорамна вочы адкрываць. Я ляжаў і баяўся, што зараз у пакой зойдзе бацька і дасць такога выспятку… Але мне трэба было тэрмінова ісці ў школу, дзе мусілі паведаміць адзнакі за чвэрць. Калі ўзняўся, сарамлівы выйшаў з пакоя, і бацька проста сказаў: «Ну што, табе спадабалася? Добра п’яным быць?» Ён нават не лупцаваў мяне. Проста паразмаўляў са мной. Вось так скончылася маё сяброўства з алкаголем.

«Быў і застаюся прыхільнікам расавай роўнасці»

– Знаёмства з Сяргеем Міхалком змяніла ваш светапогляд?

– Безумоўна, Міхалок – разнастайная асоба. Ён цікавіцца ўсім, чым толькі можна. Сяргей можа размаўляць і разважаць не толькі пра баскетбол, хакей, футбол, але нават пра воднае пола, рэгбі. Ён шмат чытае. Нядаўна мне падарыў раман украінскага пісьменніка Сяргея Жадана «Варашылаваград». Я пакрысе пачаў чытаць, пакуль падабаецца.

Але Міхалок перадусім – гэта чалавек, які вельмі ўражвае мяне сваёй унутранай сілай. Нягледзячы на разнастайныя праблемы, ён не збочыў са сваёй сцяжыны, працягвае цалкам аддавацца творцасці. За час нашага знаёмства мы сталі сапраўднымі сябрамі. Я лёгка магу патэлефанаваць яму ўначы, каб распавесці, што ў мяне ўзнікла тая ці іншая ідэя. Давяраю яму свае таямніцы, магу спытаць парады як у старэйшага, мудрага чалавека. Да такіх людзей хочацца прыслухоўвацца, ісці за імі. Сярога ўвайшоў у кола блізкіх мне людзей. Ён знаёмы з маімі бацькамі, нават у госці да іх прыязджаў. Нешта падобнае я адчуў, калі сустрэў Дзмітрыя Пясецкага, свайго першага трэнера.

Тады я быў нефармалам, спачатку «сядзеў» на «Кіно». Ужо пазней слухаў Sepultura, Soulfly, Slipknot, Operation Ivy, Sex Pistols, System of a Down… Ледзь не штодня я сядаў на 95-ы аўтобус, ехаў да станцыі метро «Маскоўская». Пасля – ў цэнтр, да «Сцяны Цоя», якая знаходзілася тады каля рэстарана «Журавінка». Тусаваліся там пастаянна: размаўлялі, спявалі песні. Збіраліся нават узімку. Калі згарэла «Журавінка», ад усяго будынка застаўся, напэўна, толькі казырок. Мы пад ім паставілі лаўку, якую прынеслі з парка, і хаваліся там да ветру. Карацей, у мяне было сапраўднае вулічнае жыццё, у якім было месца ўсяму.

– Ці біліся са скін-хэдамі?

– Біўся. Гэта было модна – прыйсці да «Сцяны Цоя» і пачаць праганяць адтуль нефармалаў. Расклад быў такі: альбо уцякаеш, альбо б’еш першым – і пасля ўцякаеш. У мяне атрымоўвалася рабіць і тое, і другое. Бегаў я добра. Па фізкультуры ў дзённіку стаяла моцная пяцёрка. Але каб навучыцца некаторым прыёмам і даць адпор быдланам, вырашыў запісацца ў секцыю тайскага бокса.

Спачатку думаў, што буду трэніравацца проста ў крутога чэмпіёна, а пасля зразумеў, што Дзмітрый Пясецкі – сапраўдная асоба. Ён у юнацтве быў такім жа нефармалам, як і я. Насіў даўгія валасы, слухаў метал, граў у гурце. Мы хутка знайшлі агульную мову. Шчыра прызнаюся, думаў, што патрапіў у спорт выпадкова, а дзякуючы Пясецкаму застаўся ў ім на ўсё жыццё.

– Памятаеце першую сустрэчу з Міхалком?

– Яна адбылася гадоў 8 таму. Нас пазнаёміў трэнер па боксе Анатоль Іванавіч Ліс, у якога мы трэніраваліся, пасля чаго Сяргей запрасіў мяне на рэпетыцыю. Гэта быў час альбома «Капітал», перыяд, калі Міхалок пачаў аднаўляцца. Мне падаецца, на той час, акрамя трэніровак і творчасці, ён больш нічым не займаўся. У залу прыходзіў разам з сябрамі, знаёмымі музыкантамі, якіх заахвоціў займацца боксам.

– Аляксандра Кулінковіча і Лявона Вольскага сярод іх не было?

– Не, да Ліса прыходзіла чыста ляпісаўская банда, хлопцы, якія вучыліся з Сяргеем у музыкальным вучылішчы імя Глінкі і ўніверсітэце культуры. Помню, што з Міхалком трэніраваўся трубач Паша «Секатар» Кузюковіч (зараз – лідар гурта Pafnutiy’s Dreams – Tribuna.com). Сяргей ужо тады быў у добрай фізічнай форме. Я ў рынгу з ім ніколі не стаяў, але скажу шчыра, калі ён камусьці плясне, будзе вельмі і вельмі балюча. Плюха ў яго добрая.

Міхалок завочна ведаў мяне як не толькі спартсмена, чэмпіёна свету, але і як музыканта. Да нашага знаёмства я выступаў з рознымі гуртамі. Спяваў у гурце Skullsbreaker, які граў цяжкі хард-кор. Была ў мяне яшчэ каманда Voice of boys, назву якой даў гурт Ace of base.

– Самы дзікі сэйшн памятаеце?

– У 2005-м мы разам з другімі гуртамі выступалі ў клубе «Леа», які знаходзіўся каля Парка Чалюскінцаў. Пасля канцэрта нацысты накінуліся на гледачоў, кагосьці нават парэзалі. На той момант гэта было не дзіва. Многім скінам падабалася прыходзіць, як тады казалі, «накрываць» канцэрты і «гасіць» нефармалаў. Калі я трапляў у замес, таксама біўся.

– Вы да іх адчувалі нянавісць?

– Не. Мне проста не падабалася, што нехта замінае мне жыць. Мы нікога не чапалі, дык якой халеры вы лезеце да нас? Ды і наогул, які нацызм можа быць у Беларусі?! Гэта абсурд. Я лічу іх не нацыстамі, а звычайнымі гопнікамі, у якіх не было ніякай ідэі. Ну а я быў і застаюся прыхільнікам расавай роўнасці і братэрства.

– З заўзятарамі-антыфашыстамі ніколі не хадзілі на футбол?

– Я футболам не цікаўлюся. Прыходзіў на стадыёне ўсяго некалькі разоў, каб проста адпачыць.

– Знаёмыя распавядалі, што з фанатамі-антыфа МТЗ-РІПА біцца няпроста. Маўляў, за іх выступаюць баксёры.

– Ведаю пра гэта. Да мяне ў залу прыходзіла займацца шмат панкаў, сярод якіх, як аказалася, былі і фанаты МТЗ-РІПА, але на гэтым я ніколі не акцэнтаваў увагу.

Карацей, Міхалок ведаў пра мае музыкальныя захапленні. На гэтым і сышліся. Мы пачалі часта сустракацца, размаўляць, абмяркоўваць музыку. Пасля гурт з’ехаў у Расію, Сярога скідваў паслухаць дэмкі. Я зняўся ў кліпе на кампазіцыю «Буревестник». Ну а ў апошні тур я ўжо паехаў разам з «Ляпісамі». Дапамагаў разгрузіць абсталяванне, расставіць апаратуру, настроіць гітару. Тады ўжо ўсе разумелі, што неўзабаве з’явіцца BRUTTO, інтэрнацыянальны беларуска-ўкраінскі гурт, і я з астатнімі хлопцамі проста адаптоўваюся да сцэны.

– Калі вы зазумелі, што з’яўляецеся не толькі спартсменам?

– 1 верасня 2014 года. Тады ў сеціве з’явіўся кліп Brutto. Дагэтуль была нейкая гульня, а калі я ўбачыў, колькі людзей праглядзелі відэа, усвядоміў, што ўсё вельмі сур’ёзна. Я стаў вакалістам, хаця дагэтуль ніколі сур’ёзна не спяваў. Мне прыйшлося браць ўрокі: вучыўся правільнаму вымаўленню, як трэба дыхаць… Займаўся гэтым кожны дзень. Заняткі, безумоўна, прынеслі плён, хаця я і зараз маю праблемы з вакалам.

– «Мяч» і «Гіры» – адны з першых кампазіцый BRUTTO – многія называюць прымітыўнымі і шмат крытыкавалі за іх гурт. Прызнайцеся, гэта сцёб?

– Мне, дарэчы, гэтыя песні вельмі падабаюцца. Для кагосьці гэта сцёб, а для мяне – чысты арт. Кампазіцыя «Мяч» у сукупнасці з відэашэрагам набывае новы сэнс, з’яўляецца думка.

А «Рэгбі»? Калі я ўбачыў першапачатковы тэкст, не разумеў, як з гэтага можа атрымацца песня. А яна атрымалася. Але ёсць ва ўсім гэтым і другі сэнс. Неяк гартаў стужку навін УКантакце, убачыў фотку знаёмых рэгбістаў, пад якой была размешчана наша песня. Бачыце, у людзей не было песні для фота, а цяпер яна з’явілася. І гэта таксама добра.

– Памятаеце першы канцэрт?

– Ён адбыўся ў Краснадары. Там тры дні запар адбываліся рок-канцэрты. Акрамя нас выступалі сусветна вядомыя гурты Ill Nino, Papa Roach… І калі я ўбачыў, што на нас прыйшло 800 чалавек, як на Papa Roach, проста афігеў. І людзі ішлі не на «Ляпісаў», а на новую фармацыю. Іх цікавіў другі гурт.

Правакацыі на вашых канцэртах адбываліся?

– Ніколі. BRUTTO сустракалі заўжды прыязна. А вось на канцэртах «Ляпіса Трубяцкого» здаралася рознае.

– Вы прысутнічалі на выступленні ў Дрэздэне, калі Міхалок назваў гледача «імперскім імбецылам»?

– Не, але гэта была сапраўдная правакацыя, звязаная з палітыкай, выказваннямі Міхалка наконт Расіі. Я не думаю, што той чалавек вывеў Міхалка з сябе. Словы Сяргея – дакладны кантроль сітуацыі ў межах канцэрту. Калі паглядзець відэа, бачна, як ён удала трымае залу.

Пры мне ў Расіі здараліся другія рэчы. Пасля аднаго канцэрта нейкія ватнікі пачалі крычаць: «Эй, где ваш главный?! Выходи. Мы хотим с тобой поговорить!» У выніку некалькі з іх паспрабавалі праз сцэну патрапіць у грымёрку. Я аказаўся на іх шляху. Аднаго проста збіў з ног, і тут на дапамогу падбегла ахова. Канфлікт атрымалася лакалізаваць. Больш размаўляць з Міхалком яны не хацелі.

– Помніце самае незвычайнае месца, дзе выступалі з BRUTTO?

– Ва ўкраінскім Паўночнаданецку, які некаторы час быў пад уладай сепаратыстаў. Ён знаходзіцца непадалёк ад мяжы з ЛНР. Нягледзячы на тое, што ў горадзе ужо было мірнае жыццё, нам расказвалі, што недалёка час ад часу грыміць. Каб патрапіць у горад, прыйшлося праязджаць праз усе блакпасты. Але самае цікавае чакала наперадзе. Мы ўдзельнічалі ў канцэрце, які быў прысвечаны Дню Незалежнасці Украіны. У горадзе праходзіў буйны парад аўтамабіляў, упрыгожаных нацыянальнай сімболікай. Мы тады вярталіся з саундчэка, і каб прапусціць калону, прыйшлося чакаць 20-25 хвілін.

Не менш запомніўся фестываль «Співоча поле», які праходзіў у Кіеве. Людзей было мора. Мне здавалася, што яны былі паўсюль. Але самае цікавае, што перад выступленнем павітацца да нас зайшоў міністр культуры Украіны. Гэта вельмі ўразіла. Мы ад Беларусі нічога не дамагліся, а тут нас сам міністр Украіны вітае.

 «Гэта ўсё з-за майго захаплення беларушчынай»

– Віталь, два гады таму вы адмовіліся ад удзелу ў кліпе «Белсата» на кампазіцыю «Не быць скотам». Чаму?

– Проста не хацеў падстаўляць сваіх трэнераў, сваю каманду. Як кажуць, без мяне мяне ажанілі.

– У сэнсе?

– Спачатку мне растлумачылі ідэю, сказалі, што яшчэ будзе ўдзельнічаць баскетбаліст Аляксандр Куль, у якога я калісьці нават браў аўтограф. Аднак на іншых удзельнікаў я не звярнуў увагу. І ўжо пасля я даведаўся, што ў гэтым відэа будуць тыя, з кім я не хацеў бы здымацца. Гэта была палітыка, а ў ёй удзельнічаць не хацелася. І я не хацеў, каб з-за мяне праблемы былі ў маіх паплечнікаў. Усё ж такі за іх я нясу адказнасць.

– Але неўзабаве ў вас усё-роўна здарыўся канфлікт з кіраўніцтвам федэрацыі муай-тай.

– Гэта ўсё з-за майго захаплення беларушчынай. Першае папярэджанне паступіла пасля апублікавання дэбютнага відэа BRUTTO, у якім я паказаў бел-чырвона-белую капу з гербам Пагоня. Пасля гэтага галоўны трэнер зборнай Беларусі па тайскім боксе папрасіў, каб я быў больш асцярожным, бо пра мяне пытаюцца.

– Хто пытаецца?

– Не ведаю. Мне было ўсё роўна. Я яму сказаў, што нічым дрэнным не займаюся. Папрасіў яго супакоіцца.

– Супакоіўся?

– Не думаю. Усё працягнулася. У зборнай сталі супраць маёй музыкальнай дзейнасці, спрабавалі мне перашкаджаць.

– Растлумачце, ці складана сумяшчаць музыку і спорт?

– Складана. Але, няглядзечы на пастаянныя канцэрты, я трэніраваўся ўвесь час. Проста напярэдадні спаборніцтваў не ўдзельнічаў у выступах, вяртаўся дадому з Кіева, дзе базіраваўся гурт, і паводле плана рыхтаваўся да стартаў пад кіраўніцтвам асабістых трэнераў. Калі мне трэба проста падтрымліваць форму, я магу гэта рабіць і ў туры. Тым больш у мяне ёсць праграма, якую спецыяльна для мяне піша трэнер.

Як трэніруюся падчас гастроляў? Па-рознаму. Раней наогул цягаў з сабой 24-кілаграмовую гіру, «лапы», «пальчаткі». Зараз усё крыху іначай. Даволі часта трэніруюся падчас саундчэка альбо іду ў які-небудзь мясцовы фітнэс-цэнтр. Так адбываецца ў кожным горадзе. А калі ведаю, што ў тым ці іншым горадзе ёсць сябры-спартсмены, прыходжу і займаюся разам з імі. Я магу быць дзе заўгодна, але вы бачыце вынік. Летась я зноў стаў чэмпіёнам свету і перамог у прадстаўнічым турніры ў Кітаі.

– Тады як разумець словы трэнера зборнай, які лічыць, што вам музыка перашкаджае ў занятках спортам?

– Не ведаю. У мяне да BRUTTO не было з ім ніякіх праблем, але пасля пачаўся ціск, цкаванне. Людзі ўсё рабілі дзеля таго, каб перашкодзіць мне займацца музыкай, хацелі выштурхнуць з нацыянальнай каманды. Дайшло да таго, што галоўны трэнер пачаў адмаўляцца падпісваць заявы на адпачынак, які я браў за свой кошт. У выніку я вырашыў разысціся па згодзе бакоў. Іначай мне б не далі нармальна ездзіць на гастролі.

Падчас узнагароджання чэмпіянату краіны да мяне падышоў першы намеснік старшыні нашай федэрацыі, і кажа :«Я так рады цябе ўзнагароджваць. Я ўсцешаны, што ты вярнуўся». На гэта я адказаў: «Дык вы ж мяне выгналі».

Гэта, дарэчы, той чалавек, які шукаў у інтэрнэце пра мяне інфармацыю, фотаздымкі з Пагоняй, артыкулы. Ён збіраў на мяне сапраўднае дасье, адсочваў маё месцазнаходжанне, а пасля перадаваў галоўнаму трэнеру. Уся гэтая інфармацыя пасля патрапіла на стол да старшыні федэрацыі. Калі б не яны, ён бы і не даведаўся пра гэта.

– Пасля з ім кантактавалі?

– Так, намеснік лятаў з намі ў Швецыю на чэмпіянат свету. Потым выпадкова сустрэў яго ў спартыўным дыспансеры. Дык ён мне кажа: «Рыхтуйся, неўзабаве будзе чэмпіянат Еўропы!» На гэта я яму адказаў, што мне чэмпіянат Еўропы не цікавы. У нас канцэртны тур будзе, і я да яго рыхтуюся. Вось і ўся размова.

– Каб паехаць на чэмпіянат свету ў Стакгольм, вы пачалі збіраць грошы праз інтэрнэт-пляцоўку talaka.by, але Мінспорту грошы выдаткавала. Вы былі ўпэўнены, што так станецца?

– Не, для мяне рашэнне Мінспорту стала сапраўднай неспадзяванкай. Мне было прыемна, што мая ініцыятыва прымусіла іх заварушыцца.

– Дарэчы, сёлета чэмпіянат свету пройдзе ў Беларусі. Збіраецеся ўдзельнічаць?

– Пакуль не ведаю. Можа ў мяне будуць больш высокія мэты, чым гэты чэмпіянат. Галоўны трэнер ужо цікавіўся маімі планамі. Я сказаў, што пабаксіраваць гатовы, але няхай мяне спачатку паводле леташніх вынікаў атэстуюць, возьмуць на стаўку ў нацыянальную каманду і не будуць замінаць. Проста ўсё гэта мне ўжо не вельмі цікава. Я больш за дзесяць разоў станавіўся чэмпіёнам свету.

– Вы пакрыўджаныя на чыноўнікаў?

– Не. Для мяне гэта гульня. У мяне з імі шахматная партыя :)

– І хто перамагае?

– Той, хто сядзіць перад вамі.

– У Кітаі пасля пераможнага бою вы ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг. Гэта быў працяг канфрантацыі альбо ўласнае жаданне?

– Я такім чынам ажыццявіў уласную мару. На маю думку, гэта выглядала вельмі прыгожа і велічна. І я вельмі ўсцешаны тым, што нарэшце гэта ўсё ж такі здзейсніў.

 «Грошы на жыццё зарабляю трэнерствам»

– Ці прыносіць музыка вам грошы?

– Не хачу адказваць на гэтае пытанне.

– Тады чым акрамя прызавых з турніраў зарабляеце сабе на жыццё?

– Пасля таго, як я застаўся без стаўкі ў зборнай, пайшоў разам з сябрамі трэніраваць у залу пры спартыўным клубе Moby Dick, што на вуліцы Кастрычніцкай. Там даволі моднае тусовачнае месца. І мы ў апазіцыю да бяздзейнага ладу жыцця вырашылі стварыць свой тусіч. У нас індывідуальныя заняткі. Большасць з тых, хто прыходзіць, раней спортам наогул не займаліся. Сярод нашых вучняў шмат айцішнікаў, ёсць відэааператар, cупрацоўнікі «Мінскэнерга» і гасцініцы «Пекін», дзяўчына, якая працуе адміністратарам у сушы-бары…

Што цікава, кожнага прыводзіць у залу свой матыў. Адзін хоча вагу скінуць, другому муай-тай дапамагае павялічыць на працы каэфіцыент карыснага дзеяння, а трэці праз спорт перастаў сварыцца дома з жонкай.

– Працы хапае?

– Калі замяняў сваіх паплечнікаў, якія сыходзілі ў адпачынак, прыходзілася прачынацца ў 6:00 і ехаць адразу на працу. Да гадзіны працаваў і толькі пасля збіраўся на сваю трэніроўку. Графік быў даволі шчыльны. А зараз працы яшчэ больш будзе. Гурт BRUTTO ў панядзелак выйшаў з адпачынку.

Мінулай восенню мы ўжо выступілі ў Гомелі, а цяпер пачынаем рыхтавацца да маштабнага тура па гарадах Беларусі. Хочам ахапіць не толькі буйныя абласныя гарады, плануем наведаць Салігорск, Баранавічы. Ну а 8 сакавіка нас чакае «Мінск-Арэна», першы канцэрт у сталіцы. Рыхтуем для слухачоў некалькі сюрпрызаў, агучваць якія я не буду.

– А вы ўпэўнены на сто працэнтаў, што канцэрт адбудзецца? Колькі ў нас было такіх выпадкаў, калі адмянялі.

– Не, я ўпэўнены, што ўсё будзе нармальна. Квіткі ж прадаюцца. Ведаю, што білеты на танц-пол і фан-сектар ужо распрадалі.

– Але ў нашым беларускім жыцці быць цалкам упэўненым у нечым немагчыма.

– Я ведаю, як усё адбываецца ў нашым беларускім жыцці. Я настроены пазітыўна. Думаць трэба пра добрае.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.7 (оценок:25)