17.01.2008
Анастасія Зелянкова
Мілінкевічу зробяць аперацыю ў Польшчы

У бліжэйшыя дні лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча чакае аперацыя. Напярэдадні палітык даў інтэрв’ю “Салідарнасці”, дзе расказаў, чаму вырашыў звярнуцца да польскіх медыкаў, што думае пра акцыі прадпрымальнікаў і ці мае яго жонка прэзідэнцкія амбіцыі.

— Наколькі сур’ёзнай будзе аперацыя?

— Гэта лапараскапія ныркі. Выдаленне каменя. Даўно гэта трэба было зрабіць, але я ўсё цягнуў. Далей ужо цягнуць нельга. На наступным тыдні кладуся ў бальніцу.

— А чаму менавіта ў Польшчы? Вы не давяраеце беларускім медыкам?

— Давяраю. У нас вельмі многа цудоўных дактароў. Але ў Польшчы ўсё ж лепшая тэхніка. Да таго ж там ёсць выдатны прафесар, з якім я кансультуюся вельмі даўна — стары мой прыяцель.

— Апошнім часам вы неяк адышлі ў цень. Чаму?

— Я б не сказаў, што я адышоў у цень. Я вельмі многа працую, шмат езжу па краіне. Толькі ў мінулым годзе я наведаў 40 гарадоў. І вось з лютага збіраюся зноў 2,5 месяцы бесперапынна ездзіць па рэгіёнах.

— У чым зараз заключаецца дзейнасць руху “За свабоду”?

— Мы працуем у некалькіх напрамках. Адна з нашых галоўных мэт — гэта еўрапеізацыя Беларусі. Праца ідзе па трох кірунках, і мы ўжо нямала зрабілі. Па-першае, інфармаванне людзей: што такое ЕС, чаму краіны імкнуцца туды, якія ёсць плюсы і мінусы. Хочам, каб у грамадстве разгарнулася дыскусія на гэтую тэму.

Некаторыя кажуць: а вось мы будзем такой Швейцарыяй. Не атрымаецца. Каб быць Швейцарыяй, трэба мець геаграфічнае становішча Швейцарыі. Нам прыйдзецца рабіць выбар: або мы ідзем з Расіяй, чаго хоча Расія і пэўныя людзі ў Беларусі, або мы ўсё ж такі рухаемся да Еўропы.

Другі кірунак дзейнасці — гэта адукацыя. Можна атрымаць уладу нават нечакана, але трэба яшчэ і мець людзей, якія штосьці ведаюць і ўмеюць. Разумеюць, што такое мясцовае самакіраванне, якія рэформы трэба праводзіць на нацыянальным і мясцовым узроўні. Мы зараз стварылі вялікую базу людзей па ўсёй краіне, перш за ўсё маладых, і будзем вучыць іх і стажыраваць за мяжой.

Трэці кірунак — аналітыка. У кожнай партыі ёсць свая праграма пераўтварэнняў на Беларусі, але мы б хацелі мець такую, якую ніхто тут, на Беларусі, не пісаў. У Еўропе гэта называюць “дарожнымі мапамі”: па якой дарозе і якімі крокамі ісці, як рэфармаваць эканоміку, сацыяльную сферу, каб гэтыя рэформы спалучаліся, дапаўнялі адно другое. Такі план рэформаў мы ўжо пачалі распрацоўваць. І ў нас ёсць дамоўленасць не толькі з мясцовымі экспертамі, але і са спецыялістамі з Літвы, Польшчы, Чэхіі, Славакіі.

Яшчэ адзін напрамак нашай дзейнасці — гэта абарона рэпрасаваных. І многае ўжо ўдалося зрабіць. Дапамога студэнтам стала сістэмнай працай з часоў выбараў. Дапамога людзям, якія ў турме, і іх сем’ям. Тым, якія сталі беспрацоўнымі з-за сваіх палітычных поглядаў.

І, вядома ж, правядзенне масавых акцый, удзел у іх з іншымі партыямі, грамадскімі арганізацыямі.

Мы дзейнічаем не толькі, і нават не столькі, у Мінску, колькі ў рэгіёнах. Робяцца пэўныя лакальныя кампаніі, як напрыклад супраць разбурэння Гародні. Трэба разумець, што рух — гэта не арганізацыя, не структура. Гэта сумесная дзейнасць у пэўных кампаніях. Мы заклікаем дзейнічаць і сяброў партый, і грамадскія арганізацыі і звычайных грамадзян. Мы проста прапануем дзейнасць па кірунках. Калі вам цікава — ўдзельнічайце.

— Дзейнасць ў руху сяброў партый якраз і выклікае незадаволенасць з боку іх кіраўніцтва. Вось і страшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі неаднаразова заяўляў пра вычышчэнне шэрагаў партыйцаў ад актывістаў руху: маўляў, нельга служыць двум генералам адразу...

— Калі б я ствараў партыю, то Баршчэўскі меў бы рацыю. Але рух — гэта не партыя, а супраца. Супраца грамадзянская — не палітычная.

Таму нішто не перашкаджае чалавеку ўдзельнічаць у нашых акцыях і мерапрыемствах. Ніхто ж не забараняе Лявону Баршчэўскаму быць у кіраўніцтве ПЭН-клуба — ён выдатна з гэтым спраўляецца.

Праблема беларускіх актывістаў не ў тым, што яны перагружаны і не ведаюць, дзе знайсці час на працу, а ў тым, што яны не ведаюць, што рабіць. Таму, калі прапануюцца праграмы па адукацыі, я не разумею, чаму сябры БНФ не могуць паўдзельнічаць у іх. І зусім не трэба для гэтага выходзіць з партыі.

Думаю, тут стварылася пэўнае непаразуменне. Безумоўна, ёсць і канкурэнцыя лідэрства. Лябедзька ж таксама казаў пра тое, што будзе выключаць з партыі тых, хто супрацоўнічае з рухам.

Я адназначна заяўляю, што не буду ствараць ніякай партыі, пакуль не будзе перамогі дэмакратыі. Нідзе ва ўмовах дыктатуры не перамагалі нават самыя лепшыя партыйныя кааліцыі. Заўсёды гэта быў шырокі грамадскі рух.

Але я за тое, каб партыі ўмацоўваліся. На жаль, такіх магчымасцяў зараз няма, “дзякуючы” ўладзе партыі ператварыліся ў палітычныя клубы. Яны не могуць выканаць сваю галоўную функцыю— прыйсці да ўлады і там рэалізоўваць сваю праграму. Я іх не папракаю. Але лічу, што яны павінны далучацца да шырокага руху, бо гэта мае перспектыву.

— А як складваюцца ўзаемаадносіны з былымі сябрамі па кааліцыі?

— Мы не ворагі, мы па-ранейшаму кантактуем. У Амерыку паехалі разам і вельмі дастойна выглядалі. Нідзе не пасварыліся. Так, у нас розныя падыходы, але я не бачу ў гэтым нічога страшнага.

Хаця тое, што адбылося пасля прэзідэнцкіх выбараў, я лічу некалькімі крокамі назад. Бо і тут, у краіне, і за межамі здавалася, што беларусы паставілі рэкорд — аб’ядналіся амаль усе. Нават камуністы з нацыянал-дэмакратамі — дзе такое бачылі? Для людзей жа гэта вельмі важна, яны ж платформаў палітычных не разбіраюць, яны мысляць паняццямі “свабода-несвабода”.

— І што зараз?

— А зараз, шчыра трэба сказаць, мы не робім уражання аб’яднаных дэмакратычных сіл.

— Планы на 2011 не змяніліся? Будзеце балатавацца на прэзідэнцкі пост?

— Трэба лічыць 2010-ы, бо выбары павінны адбыцца за тры месяцы да заканчэння тэрміну, а значыць у снежні. Выстаўляць кандыдатуру буду абавязкова. Мушу гэта зрабіць яшчэ і з той прычыны, што ў мяне захаваўся даволі значны рэйтынг.

Па апошніх даследаваннях Манаева, мой рэйтынг — 9,8%. Гэта досыць вялікая лічба. Зразумела, падчас кампаніі яна павышаецца. У Расіі такога рэйтынгу няма ў ніводнага апазіцыйнага палітыка.

Гэта не столькі мая заслуга, гэта заслуга тысячы тысяч людзей. І многія проста не хочуць пачынаць усё з пачатку.

Я не выключаю, што можа з’явіцца чалавек, лепшы за Мілінкевіча. І ён раскруціцца. Калі я ўбачу, што ён мае большыя перспектывы, мне хопіць сілы сказаць гэта.

— Сярод аргументаў супраць таго, каб ставіць на вас на наступныя выбары, часам прыводзяць ваш узрост. У 2010-м вам будзе больш за 60...

— 63. Калі мерыць усё жыццё паняццямі дапенсійны ўзрост і пенсійны ўзрост, то выходзіць, што пенсія — усё — сядзі з вудай на возеры (тым больш што ў мяне хата якраз каля возера).

Узрост — рэч вельмі адносная. Я ў выдатнай форме. Я адчуваю сябе фізічна класна. Спартовае мінулае дае знаць. Я і зараз плаваю, пакуль маразы не наступяць. І пакуль ў мяне фізічныя сілы ёсць, энергія ёсць, вочы свецяцца — усё нармальна. Працаздольнасці хапае, а той досвед, што я набыў за гэты час — веды, уменне гаварыць з людзьмі, аналізаваць, — гэта вялікая рэч.

— Але ж наш народ любіць галасаваць за маладых.

— Лукашэнка таму прыклад. Але малады для большасці нашага насельніцтва — гэта сімвал абнаўлення, сімвал пераменаў. На выбарах будуць змагацца тыя, што хоча захаваць статус кво і тыя, хто хоча зменаў. У гэтай кампаніі я лёгка асацыяваўся са зменамі. Ніхто не казаў, што я нейкі кансерватар. Таму не баюся я гэтага.

Вы думаеце, мне не хочацца быць маладым? Вельмі хочацца. У мяне ўражанне, што мне не больш за сорак гадоў. На Захадзе палітыкі і ў 70 гадоў прэтэндуюць на прэзідэнцкія пасады і паспяхова, як, напрыклад, Рэйган.

— А чаму б ужо зараз не пачаць рыхтаваць сабе змену?

— Скажам шчыра: сёння раскруціць нават самага таленавітага чалавека, калі няма кампаніі, вельмі цяжка. Я вельмі люблю Севярынца, я зачараваны ім, лічу яго вельмі адважным, смелым, глыбока маральным чалавекам, але без кампаніі раскруціць кагосьці будзе цяжка. Хаця я і не выключаю гэтага.

— А не задумваліся наконт сямейнай пераемнасці? Сыноў, як некаторыя, рыхтаваць не збіраецеся?

— Мой старэйшы сын не мае ніякіх палітычных амбіцый. Ён займаўся малым бізнесам, да таго, як яго знішчылі за тое, што вазіў мяне ў прэзідэнцкую кампанію на сваім бусіку.

Сярэдні і малодшы сыны вучацца ў Польшчы на факультэце міжнародных адносін. Дык вось нядаўна малодшы прызнаўся, што таксама хоча займацца бізнесам. Пытаюся: “Чаго?” Кажа: “Хачу быць незалежным”. —“Дык палітык таксама незалежны”. — “Ай, не праўда, бацька”.

Хаця вось сярэдні — сын Інны — неяк казаў, што хоча зрабіць Брэст горадам, якім ён гістарычна быў. І для гэтага трэба стаць мэрам.

Наконт пераемнасці ўлады ад бацькі да сына — думаю, што ў нашай краіне такое немагчыма. Мы ўсё ж такі — не Сярэдняя Азія і не Азербайджан, дзе падобныя традыцыі ў менталітэце людзей. Мы — Еўропа.

— А жонка не збіраецца паследаваць прыкладу Хілары Клінтан?

— Яна калісьці прачытала ў “Нашай Ніве”, што, паводле апытання, па папулярнасці сярод жанчын-палітыкаў знаходзіцца на першым месцы. Гэта яе, канешне, усцешыла, хаця яна неаднаразова казала, што лічыць сябе праваабаронцай. У любым выпадку пра прэзідэнцкія амбіцыі жонкі я нічога ад яе не чуў.

— Якую самую вялікую памылку вы дапусцілі ў мінулай прэзідэнцкай кампаніі?

— Тады вельмі важна было аб’яднацца як мага шырэй. Але калі ты аб’ядноўваешся вельмі шырока, то тыя словы, з якімі ты можаш звяртацца да людзей, вельмі абмежаваныя. Ты павінен гаварыць тое, што задавальняе ўсіх.

Напрыклад мяне пытаюць: “Калі ты прыйдзеш да ўлады, куды павядзеш краіну — у Еўропу ці Расію?” Для мяне адказ зразумелы: Я за еўрапейскае развіццё і добрасуседскія адносіны з Расіяй. Я супраць саюза з Расіяй.

А ў мяне кіраўнік штаба — Сяргей Калякін, які выдатна працаваў і якога я вельмі паважаю, але ён прытрымліваецца супрацьлеглай думкі. І калі я выступаў, я павінен быў казаць усё тое, што задавальняла ўсю гэтую кааліцыю.

Даволі часта былі выпадкі, што я адыходзіў ад пытання, я махляваў, адказваў на іншае, таму што мусіў прэзентаваць вось гэтую платформу, фактычна безаблічную. І ў некаторыя моманты гэта нават выклікала недавер людзей.

— Значыць, не трэба было аб’ядноўвацца?

— Павінна быць шырокая кааліцыя, але якая б аб’ядналася вакол зразумелых маральных каштоўнасцяў. А калі гэтыя маральныя каштоўнасці проста свабода — гэтага недастаткова. Выходзіць, што мы змагаемся супраць таго, хто ў нас гэтую свабоду забраў. Атрымліваецца: супраць каго сябруеце, хлопцы?

А людзям недастаткова сказаць, што мы супраць Лукашэнкі, таму мы лепшыя, і мы хочам паруліць. Людзі хочуць ведаць, як мы будзем жыць, якая будзе канцэпцыя дзяржавы, якія каштоўнасці для нас важныя, куды мы павядзем нашу краіну?

Я вось да гэтага дня думаю, дзе гэтая сярэдзіна, каб максімальна аб’ядноўвацца, але не згубіць каштоўнае. Так атрымалася, што гэтая прэзідэнцкая кампанія была менавіта кампаніяй супраць дыктатуры. Хаця гэта таксама вывела людзей на плошчу.

Калі казаць пра рух, то гэта не проста рух супраць дыктатуры. Я стараюся прозвішча “Лукашэнка” ўвогуле не выкарыстоўваць. Мне цікава гаварыць пра тое, што мы можам зрабіць, чаго мы вартыя.

— Вам не падаецца, што сённяшнія акцыі прадпрымальнікаў значна больш арганізаваныя, чым апошнія акцыі апазіцыі?

— Прадпрымальніцкі рух сапраўды апошні раз сабраў нечакана многа людзей. Ён мне падабаецца, таму што ён спантанны, ён не падрыхтаваны плённай працай апазіцыі, якая загадзя паведамляла, што трэба выйсці, нешта прадэманстраваць... Гэта эмоцыі людзей, якіх пакрыўдзілі, якіх прынізілі, у якіх забралі права на працу.

Я вельмі задаволены, што сярод іх знайшлося так многа актыўных, і сумую, што іх усё ж такі не больш. Пакуль прадпрымальнікам не хапае самаарганізацыі. Але, думаю, якраз гэтыя акцыі прывядуць да таго, што лідэры будуць больш аўтарытэтнымі, будзе больш структураў, смялей будуць да іх ісці — людзі ўбачылі, што яны здольныя бараніць і сябе і іншых.

— Але, можа, справа ў тым, што прыдпрымальнікі ведаюць, за што яны канкрэтна змагаюцца, тады як апазіцыя апелюе да нейкіх эфемерных паняццяў?

— Абсалютна згодзен. Ім прасцей сфармуляваць, што яны хочуць. Тыя лозунгі, з якімі мы ідзем: “Свабода! Праўда! Справядлівасць!” — чыста маральныя каштоўнасці. Гэта не для большасці людзей. І я свядома падтрымліваў такі выбар, бо перш за ўсё трэба было заваяваць сэрцы і аб’яднаць тых, хто ўжо душой з намі. Гэта людзі, якім не хапае свабоды, і для якіх яна важней за хлеб.

Калі я ішоў з такім лозунгам, я разумеў, што маю шанц абудзіць, аб’яднаць за сабой меншасць, а не большасць. Але гэта ядро. Перамога ў нас адбудзецца дзякуючы актыўнай меншасці. І перамога адбудзецца менавіта на вуліцы. Не на выбарах.

Нельга выйграць выбары, якіх няма. Нават калі я 80% набяру, ніхто гэтага не агучыць. Чым менш дэмакратыі, тым часцей пытанні вырашаюцца на вуліцы.

Я не люблю вуліцу, шчыра кажучы. Але ў нас толькі вуліца прывядзе да свабоды, і толькі пасля гэтага будуць выбары. А тады ўжо можна будзе думаць пра хлеб.

— Якая самая неверагодная плётка, якую вы пра сябе чулі?

— У кожнай кампаніі, што я ўдзельнічаў, абавязкова казалі пра мяне казалі, што я яўрэй. Вельмі паважаю гэты народ, але ну не даў мне бог шчасця быць яўрэем.

Таксама абавязкова казалі, што я не самастойны палітык, зброя у руках кагосьці — напрыклад, Польшчы. Такі вось агент.

А вось у апошняй кампаніі многа гаварылася пра тое, што я пад абцасам у сваёй жонкі, што ўсе рашэнні прымае яна і што калі трэба дамовіцца, то перш трэба размаўляць з ёй. Я сапраўды паважаю думку маёй жонкі і шмат раюся з ёй. Як, дарэчы, і з іншымі — я камандны чалавек.

Але чуць, што я пад абцасам у жонкі, смешна. У жыцці я ўвогуле страшэнна наравісты чалавек. І вельмі ўпарты: калі ўжо што вырашыў, то танкам не саб’еш.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0.2 (оценок:329)