Общество
Андрэй Водчыц

«Гэта была антынацыянальная контррэвалюцыя»

У Мінску на прэзентацыі новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста чацьвёрты» ўзгадалі, як праходзілі першыя прэзідэнцкія выбары ў незалежнай Беларусі.

Вядучы прэзентацыі Валер Каліноўскі

Да прыйшоўшых у сядзібу Партыі БНФ вечарам 23 сакавіка аўтар кнігі, дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання, давераная асоба Зянона Пазьняка на прэзідэнцкіх выбарах-1994 Сяргей Навумчык звярнуўся праз скайп.

– Кніга «Дзевяноста чацьвёрты» – частка таго абяцання, якое калісьці ўзяў з мяне Васіль Уладзіміравіч Быкаў: што я напішу гісторыю апошняй хвалі нашага Адраджэння, – адзначыў ён. – У гэтай кнізе, якая прысвечана дзевяноста чацвёртаму году і галоўнай яго падзеі, прэзідэнцкім выбарам, я хацеў паказаць, што гэта была ніякая не народная рэвалюцыя, як пішуць некаторыя нашыя палітолагі і гісторыкі, якія лічаць, што народны герой Лукашэнка прабіў сцяну наменклатуры і сказаў ўсю народную гаротную праўду. Канешне, нічога падобнага не было. Я прааналізаваў выбарчыя праграмы Кебіча і Лукашэнкі, іх выступы, – ніякай розніцы. Абсалютна! Што адзін, што другі – за інтэграцыю з Расіяй і аб’яднанне грашовых сістэм. Яны аб’ядналіся ў жаданні як мага хутчэй далучыць Беларусь да Расіі. Ну, можа, Лукашэнка гэта хацеў зрабіць больш дынамічна. Зрэшты сам Кебіч у сваіх мемуарах піша, што ў яго і Лукашэнкі была адна мэта – зашкодзіць прыйсці да ўлады Беларускаму народнаму фронту. Калі казаць у звыклых для нас тэрмінах, то гэта была антынацыянальная контррэвалюцыя.

Фотаздымкі з кнігі «Дзевяноста чацьвёрты». Аляксандр Лукашэнка імкнецца да мікрафона ў Вярхоўным Савеце

Сяргей Навумчык і Зянон Пазьняк

На паседжанні Цэнтральнай выбарчай камісіі (31 траўня 1994 года) Вячаслаў Кебіч падаў Аляксандру Лукашэнку толькі два пальцы

Аляксандр Фядута і Аляксандр Лукашэнка. Восень-1994

Дырэктар беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандр Лукашук падкрэсліў важнасць выхаду кнігі «Дзевяноста чацьвёрты» словамі: «Любое даследванне беларускай вясны 90-х, каб ня быць бясплодным, будзе звяртацца да кніг Сяргея Навумчыка». З ім пагадзіўся пісьменнік Уладзімір Арлоў: «Сяргей становіцца летапісцам нашай гісторыі».

Акрамя іх на прэзентацыі выступіла шмат знакавых постацяў: удзельнікі руху БНФ Сяргей Антончык і Пятро Садоўскі, журналісты Аляксандр Класкоўскі і Сяргей Дубавец, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла (праз скайп).

Шыкоўны эпізод з мінулага ўзгадаў акадэмік і давераная асоба Зянона Пазьняка на прэзідэнцкіх выбарах-1994 Радзім Гарэцкі, які адзначыў, якімі наіўнымі былі «маладыя ваўкі», што паставілі на Аляксандра Лукашэнку.

– Ён хоць і лічыў сябе прафесійным футбалістам, заўсёды на пагах іх калаціў. Усё крыўдавалі.

Спампаваць кнігу Сяргея Навумчыка «Дзевяноста чацьвёрты» можна тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)