Общество
Павел Печанько, фота аўтара

Як дзяржава зарабляе на вяскоўцах

«Салідарнасць» прасачыла, як змяняюцца цэны на садавіну і гародніну ад нарыхтоўчай канторы да прылаўка крамы і рынка.

Сёлета ў вяскоўцаў урадзілі гарбузы

Сёлета ў маіх сваякоў добра ўрадзілі гарбузы. Увесь ураджай не змясціўся на трактарным прычэпе. Большую частку вырашылі прадаць. І тут паўстала пытанне: каму і па якім кошце прадаваць? Не маючы ўласнага транспарту, каб завезці ў сталіцу, вырашылі рэалізоўваць тавар на месцы. Закупачныя цэны, мякка кажучы, не парадавалі.

Клецкі кансервавы завод, які спецыялізуецца на вытворчасці дзіцячага харчавання, прапанаваў 500 рублёў за кілаграм. Да таго ж гарбузы туды давялося адвозіць самастойна. Капыльская раённая нарыхтоўчая кантора гарбузы пакуль не прымае, кошты назваць не могуць. У суседнім раёне нарыхтоўшчыкі прапанавалі 1000 рублёў за кілаграм, але адмовіліся прымаць болей за 100 кг. Карацей, гарбузы тыя атрымаліся не надта выгадным таварам.

У нарыхтоўчых канторах за кілаграм гарбузоў даюць 500 рублёў. У мінскіх крамах яны каштуюць ад 9000 рублёў

Праз які час у адной з мінскіх крам я выпадкова пабачыў у аддзеле гародніны парэзаныя на кавалкі тыя ж гарбузы. Свае, беларускія. Кошт трошкі агаломшыў — 9250 за кг. Гэта амаль у 10 разоў даражэй, чым закупачныя цэны ў нарыхтоўшчыкаў з суседняга раёна і 20 разоў, чым на Клецкім кансервавым заводзе.

Відаць, у беларускім гандлі працуюць нашчадкі легендарнага цара Мідаса. Спроба пацікавіцца закупачнымі коштамі ў нарыхтоўшыкаў з іншых раёнаў плёну не мела — толькі ў адным з больш чым дзесяці выпадкаў нехта зняў слухаўку. Да астатніх датэлефанавацца ў разгар працоўнага дня вельмі складана.

Зрэшты, і адзінае ўдалае тэлефанаванне пакінула маё пытанне без адказу — нарыхтоўчая кантора ў Карэлічах закупкай гарбузоў не займаецца...

Так узнікла ідэя наведаць восеньскія кірмашы ў сталіцы, дзе кожны, хто ўласнаручна вырасціў свой урадажай, можа прадаць яго без пасярэднікаў па рэальных коштах. Акрамя таго, вырашыў параўнаць кошты на гэтыя лядашчыя гарбузы у розных аб’ектах гандлю — на кірмашах, стацыянарных рынках і крамах.

А заадно прыцаніцца і да іншай, больш актуальнай (ці традыцыйнай) гародніны — бульбы, морквы, буракоў, цыбулі і капусты.

Дзе танней набыць…

Спачатку прайшоўся па мясцовых крамах. Наведаў упадабаны мясцовымі пенсіянерамі «Еўраопт». У ім я пабачыў не толькі самыя нізкія кошты на сельгаспрадукты, але і неблагі іх выбар.

Тая ж бульба тут двух відаў — ранняя мытая па 5700 рублёў за кг і звычайная па 3900.

Дзяржгандаль прапануе трошкі вышэйшыя кошты, а выгляд гародніны тут куды менш прывабны. Бульба па 5600 за кг выглядае як леташняя. Так, не паўсюль, але сустракаецца праз раз.

Гарбузы ёсць у дзьвюх крамах — каштуюць аднолькава, 9250 рублёў за кг. Пазначыў кошты на гародніну і выправіўся на кірмашы.

З 20 верасня ў Мінску працуюць некалькі сезонных кірмашоў. Я паехаў у Чыжоўку і ў Серабранку.

Побач з пляцоўкамі, на якіх размясціліся кірмашы, працуюць і стацыянарныя рынкі.

Вырашыў наведаць і іх, каб параўнаць кошты і высветліць, дзе выгадней набываць і прадаваць сельгаспрадукцыю.

Першае, што кінулася ў вочы — на рынках было значна меней наведнікаў, чым на кірмашах.

Па-другое, на кірмашах было вельмі шмат пенсіянераў. І калі маладзейшыя наведнікі кірмашоў цікавіліся даражэйшай гароднінай — перцамі, памідорамі, а таксама садавіной, то людзей сталага веку найперш цікавіў стратэгічны тавар — бульба, морква, буракі, капуста і цыбуля.

Што прываблівае наведнікаў кірмашоў? Побач жа на рынку прадаюцца такія ж гародніна і садавіна.

Прадаўцы бульбы на восеньскіх кірмашах гарантуюць пакупніку дастаўку тавара дамоў

Па-першае, кірмашы прапануюць наведнікам сваю прадукцыю па ніжэйшых коштах. Гародніна, як правіла, ужо расфасаваная ў зручныя для транспарціроўкі сеткі. Тую ж бульбу, пры замове ад 150 кг, некаторыя прадаўцы абяцаюць даставіць дадому за свой кошт.

На кірмашах гародніну прадаюць сеткамі

Сярод гурбаў мяхоў з бульбай і скрынак з цыбуляй, морквай і капустай шукаю гарбузы. У Чыжоўцы іх прадавалі ў двух месцах. Кошты амаль крамныя — 7 і 10 тысяч за кг.

… і як выгадней прадаць

Расказваю прадаўцам пра сітуацыю з закупачнымі коштамі ў раёнах, пытаюся, ці ёсць сэнс везьці свой ураджай у сталіцу.

Усе, як адзін, кажуць, што і 500 і 1000 рублёў за кг — гэта здзек. Прасцей прывезьці гарбузы ў Мінск і «спіхнуць» іх хоць за 5000 рублёў.

Адна бабуля ўвогуле раіць пачакаць халадоў, калі кошт на гэтую гародніну павысіцца на парадак.

Узважаныя гарбузы

Сустракаю на рынку знаёмага. Ён тут прадае садавіну з уласнага сада. Возіць яе на восеньскія кірмашы ўжо не першы раз.

Кажа, што гэты сезон корміць яго ўвесь астатні год. У мінулым годзе на выручку ад продажу садавіны набыў новае аўто жонцы.

Мяркуючы па выглядзе знаёмага, яго працу лёгкім хлебам не назавеш.

Беларускія яблыкі

Узгадаўся артыкул у клецкай раёнцы пра восеньскія клопаты мясцовых нарыхтоўшчыкаў. Закупачныя кошты на яблыкі ў Клецку — 500 рублёў за кг. А прадаюцца гэтыя яблыкі праз пункты мясцовага гандлю па 3400 рублёў, што, як піша раёнка, «гораздо дешевле, чем на рынке».

Сярод гародніны можна сустрэць і такі тавар. Каб набыць вышыванку за 1 мільён рублёў, трэба здаць 2 тоны гарбузоў

Таму і даводзіцца садаводам, каб не збываць на дармаўшчыну плён сваёй працы, самастойна прадаваць яблыкі з грушамі на кірмашах.

Дадатковая інфармацыя

Для рэалізацыі сельгаспрадукцыі (садавіны і гародніны) з уласнага падворка на сезонным кірмашы неабходна:

- мець даведку з сельсавета пра наяўнасць уласнага зямельнага ўчастка ці пасведчанне сябра дачнага таварыства;

- патэлефанаваць у раённую адміністрацыю горада, дзе праводзіцца кірмаш, і адзначыцца ў спісе. На ўездзе на тэрыторыю кірмаша вам давядзецца назваць сваё прозвішча.

Для рэалізацыі сельгаспрадукцыі (садавіны і гародніны) перапрацоўчым прадпрыемствам прадаўцу неабходна месць даведку з лабараторыі мясцовай санэпідэмслужбы на наяўнасць нітратаў. Кошт такой даведкі на адзін від тавару каля 40 тыс. рублёў.

Кошты на с/г прадукцыю*

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)