Общество
Арцём Гарбацэвiч, Наша Нiва

У новых падручніках па літаратуры паўстанне Каліноўскага назвалі «польскім»

Рэцэнзенты — актывісты фонду «Русскій мір».

Школьныя настаўнікі звярнулі ўвагу на фармулёўкі ў абноўленым падручніку па расійскай літаратуры для 8 класа. Іх справядлівае абурэнне выклікаў уступ да раздзелу «Літаратура другой паловы ХІХ стагоддзя».

«…Адмена прыгоннага права ў 1861 годзе выклікала новы выбух народных хваляванняў, самае буйное з іх — Польскае паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага (1863-1864)», — пішуць аўтары.

Складальніцы падручніка — выкладчыцы БДУ Святлана Захарава і Таццяна Марозава, а таксама настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі №22 Мінска Галіна Чэпелева.

«Польскае паўстанне» — гэта каланіяльная фармулёўка, народжаная расійскай гістарыяграфіяй у тым самым ХІХ стагоддзі.

Беларуская навука разглядае гэтыя падзеі іначай.

У прыватнасці, у абноўленым падручніку па гісторыі для таго ж 8 класа — адпаведны раздзел называецца «Паўстанне 1863—1864», у старых падручніках была фармулёўка «Паўстанне 1863—1864 у Польшчы, Літве і Беларусі».

Як тут школьніку не заблытацца?

«Безумоўна, такая фраза некарэктная, — лічыць кандыдат гістарычных навук Аляксандр Пашкевіч. — Вядома, што паўстанне было і геаграфічна не толькі польскім, і ўдзельнікі не абмяжоўваліся адной нацыянальнасцю. Гэта акурат уплыў яшчэ імперскай гістарыяграфіі, называць паўстанне «польскім», выключна ідэалагічны канструкт. У Беларусі такімі фармулёўкамі не карыстаюцца ні ў акадэмічнай навуцы, ні ў звычайнай публіцыстыцы. У нас гэта або проста «Паўстанне 1863—1864», або «Паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве».

Нагадаю, што за часамі паўстання было выдадзена першае перыядычнае выданне па-беларуску, што стала вялікім дасягеннем і падмуркам, на якім у будучыні грунтаваўся нацыянальны рух».

Як тады такая антынавуковая фармулёўка пралезла ў падручнік для школьнікаў?  Мы спыталіся ў аднаго з аўтараў — дацэнта БДУ Святланы Захаравай.

«У нас няма аўтараў асобных раздзелаў, мы працавалі калектыўна. Але падручнік прайшоў праз сіта рэцэнзентаў, змяняў недзе змест. І на якім этапе выплыла гэтая фармулёўка, мне сказаць цяжка. Можа, недзе недагледзелі, ідэалагічна не вытрымалі», — тлумачыць Захарава.

Чым тады выклікана рассінхранізацыя тэрмінаў у двух падручніках для аднаго года?

«На момант падрыхтоўкі яшчэ не было падручніка па гісторыі, не было на што арыентавацца», — падсумавала яна.

Дарэчы, цікавы факт: прозвішчы асобных рэцэнзентаў гэтага падручніка ўсплываюць у інтэрнэце ў звязцы з фондам «Русскій мір».

Напрыклад, дэкан філфака Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Таццяна Сянькевіч узначальвае «Русскій центр» у Брэсце. «Русскій центр» — гэта крэатура фонду «Русскій мір».

У размове з «Нашай Нівай» Сянькевіч сказала, што не памятае, ці ёй належыць фармулёўка пра «польскае паўстанне».

Аляксей Іваноў, фота iff.msu.by

Яшчэ адзін з рэцэнзентаў — Аляксей Іваноў з Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова.

«Падтрымлівае актыўныя сувязі з пасольствам Расіі […], стала бярэ ўдзел у арганізацыі навукова-адукацыйных мерапрыемстваў сумесна з прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Беларусі, фондам «Русскій мір», — інфармуе пра Іванова сайт універсітэта.

Іваноў папрасіў даслаць яму пісьмовы запыт, каб ён паспрабаваў узгадаць аўтарства правак.

Гэта ўжо не першая дзіўная сітуацыя з рэформай падручнікаў. Так, раней у падручніку па гісторыі вайна 1812 года раптам выявілася для беларусаў «айчыннай».

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)