Общество
Сямён Печанко

«Ператварылі аптэку ў піўны бар!»

З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

Фота Алесь Дастанка, kurjer.info

Аптэка, вечар. Мужчына дачакаўся сваёй чаргі і працягвае ў вакенца касы жменю манетаў: «Дзве настойкі баярышніка».

Аптэкарка глядзіць пакупніку ў вочы, той адварочваецца.

— Дам толькі адну. Вы нормы выдачы ў адны рукі ведаеце? Ператварылі аптэку ў піўны бар.

Мужчына бурчыць у адказ:

— Што я вам — маладзён, каб два разы бегаць? Грошы вам даю? Даю! Так што…

Я не першы раз назіраю падобную сцэну. У такія моманты разумееш, за кошт чаго статыстыка спажывання алкаголю ў краіне так палепшылася.

***

Аперацыя па вызваленні закладніцы ў заслаўскім банку запомнілася такой сцэнай. У аднаго з прылеглых да месца падзеяў двароў было паўнютка людзей, якія тут сабраліся, не здолеўшы прайсці міліцэйскае ачапленне. Амапаўцы тут таксама былі: праходжваліся нетаропка, паглядалі па баках.

У гэты момант проста пад вокнамі дома, схаваўшыся за куст, піла гарэлку кампанія. У нейкі момант мужыкі расслабіліся і занадта блізка падпусцілі да сябе патруль. Але міліцыянты не звярнулі ўвагі ні на пачатую пляшку гарэлкі ў руках, ні на адборныя мацюкі.

Зразумеўшы, што міліцыі сёння не да іх, мужчыны перабраліся на лаву.

***

Гарадскі рынак. Бабуля сарамліва дае прадавачцы колькі манетаў і просіць за іх «вунь той прыгожанькі памідор».

— Тут у вас на два набіраецца, — усміхаецца жанчына.

— То дайце тры, калі можна. Вы ж мяне ведаеце. Заўтра пенсія, я аддам.

***

Позняя электрычка, доўгі прыпынак. За вокнамі суцэльнай сцяной вады шуміць лівень. У вагон заходзяць кантралёры і амаль адразу трапляюць на безбілетніка. Той спачатку старанна «шукае» квіток, а пасля красамоўна паціскае плячыма.

— Вы яшчэ паспеце збегаць на станцыю па квіток, у вас на гэта ёсць некалькі хвілін. Альбо чакайце наступны цягнік, — параілі кантралёркі.

Хлопец нібы паслухаўся іх, выйшаў з вагона. Але на станцыю не пабег, а схаваўся ў тамбуры.

Цягнік крануўся, адна з кантралёрак памкнулася было ў бок «зайца», але калега спыніла яе:

— Халера з ім, хай едзе. У такі дождж гаспадар сабаку на двор не выганіць.

***

Ноч, зацьменне стагоддзя. Два маладзёны, ледзь трымаючыся на нагах, углядаюцца ў неба. Адзін з іх спрабуе сфатаграфаваць чырвоную пляму Месяца на тэлефон. Другі нецярпліва цягне напарніка ў бок:

— Пайшлі, астраном! Апошні магазін зачыніцца, тады будзе табе поўнае зацьменне!

Падслуханае ў мінулы раз:

Дачнiца: «Хто ж без агарода працягне на такую зарплату ды пенсію?!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)