Скандалы
Дзяніс Івашын, Новы час

Расійскі след у Курапатах: працяг расследавання

Працягваем высвятляць абставіны пабудовы ў ахоўнай зоне нацыянальнага мемарыялу «Курапаты» рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол», перайменаванага пасля ў «Паедзем, паядзім».

Як высвятляецца, непасрэдную датычнасць да пабудовы гэтага комплексу мае кампанія з Расіі, а таксама ёсць інфармацыя пра мажлівых лабістаў уласнікаў аб’екта на вышэйшым дзяржаўным узроўні.

Як паказана ў двух папярэдніх матэрыялах, кампанія СТАА «БелРэстІнвест» была, меркавана, адмыслова створана для рэалізацыі праекту пабудовы забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» у ахоўнай зоне нацыянальнага мемарыялу «Курапаты». Нагадаем, 50% кампаніі належыць СТАА «КварталМЗС», 33,3% — амерыканскай кампаніі з абмежаванай адказнасцю Lenthon Realty LLC і астатнія 16,7% — закрытай акцыянернай кампаніі з абмежаванай адказнасцю Bealcy Investments Ltd., зарэгістраванай на Кіпры. Мы вырашылі вызначыць, хто з’яўляецца бенефіцыярам асноўнага ўласніка кампаніі «БелРэстІнвест» — СТАА «КварталМЗС».

Згодна з дадзенымі з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў Беларусі (АДР), кампанія СТАА «КварталМЗС» зарэгістраваная 20 мая 2004 года Мінскім гарвыканкамам са статутным капіталам 39 200 долараў ЗША. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца агульная пабудова будынкаў. Юрыдычны адрас кампаніі — Мінск, завулак Казлова, 5а, офіс 3а, там жа месціцца і кампанія «БелРэстІнвест». Кіраўніком з 15 лютага 2006 года з’яўлялася Логвін Вольга Віталеўна, на гэты момант яна ўзначальвае кампанію ТАА «КварталМЗС-Буд» і да сёння працягвае займацца справаводствам «БелРэстІнвесту». Уласнікамі кампаніі з’яўляюцца: Зайдэс Леанід Лейбавіч (37,25%) і ЗАТ «Ренессанс» (62,75%), зарэгістраваная ў Расійскай Федэрацыі.

Можна выказаць здагадку, што кампанія «БелРэстІнвест» — своеасаблівы таран, з дапамогаю якога ўдалося скончыць пабудову і адкрыць сумнавядомы комплекс.

Хто з гульцоў хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі мае дачыненне да рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу ў Курапатах, чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)