Вiдэа дня: Дашкевіч прывёз крыжы да рэстарацыі ў Курапатах. Чыноўнікі супраць

Актывiст з паплечнікамі прывёз крыжы да рэстарану «Поедем поедим». Першая спроба была няўдалай – машыну затрымалі, «прадукцыю» арыштавалі.

​Да месца народнага супраціву Зьміцер Дашкевіч прыехаў з аднадумцамі і сваёй сям’ёй — жонкай Настай і дзецьмі Марай і Давідам. Хлопцы разгрузілі брусы, цяпер трэба зьбіць іх у крыжы.

Ахова рэстарану не была падрыхтаваная да такога разьвіцьця падзеяў і пакуль толькі назірае. Міліцыянты ўжо папярэдзілі, што супрацьпраўныя дзеяньня могуць завершыцца ізалятарам часовага ўтрыманьня.

Зьміцер Дашкевіч заклікаў усіх неабыякавых далучыцца да сёньняшняй вахты ў Курапатах. Тым часам самыя актыўныя абаронцы атрымалі тэрміны адміністрацыйнага зьняволеньня, у асноўным па 10 сутак.

Намесьнік старшыні Менскага райвыканкаму Аляксандар Мякіньнік (зьлева) адмовіўся гаварыць з Дашкевічам і карэспандэнтам Свабоды

Сёньня Зьміцер Дашкевіч заплянаваў замену трох старых крыжоў, якія струхнелі ад часу. Аднак дырэктар Бараўлянскага спэцлесгасу Аляксандар Мірановіч папярэдзіў, што любыя працы будуць кваліфікаваныя як супрацьзаконныя з прыцягненьнем да адміністрацыйнай адказнасьці.

Па словах чыноўніка, на ўстаноўку патрэбны адмысловы дазвол зь Міністэрства культуры і адпаведнае ўзгадненьне зь Міністэрствам лясной гаспадаркі. У іншым выпадку новыя крыжы будуць дэмантаваныя. Зьміцер Дашкевіч назваў пагрозы бандыцкімі і папрасіў не перашкаджаць працы.

За падзеямі таксама назірае намесьнік старшыні Менскага райвыканкаму Аляксандар Мякіньнік.

Дырэктар Бараўлянскага спэцлесгасу Аляксандар Мірановіч папярэдзіў, што любыя працы будуць кваліфікаваныя як супрацьзаконныя з прыцягненьнем да адміністрацыйнай адказнасьці

Нягледзячы на пагрозы, актывісты ўрэшце зьбілі з брусоў крыжы і выкапалі пад іх ямы. Спробы карэспандэнта Свабоды атрымаць камэнтары ад прысутных чыноўнікаў плёну ня мелі, усе яны дэманстрацыйна адварочваліся ад камэры. Па зьвестках, у Курапаты выкліканы атрад АМАПУ, адзін з начальнікаў у цывільным ужо на месцы.

29 чэрвеня аўтамабіль, якімі Зьміцер Дашкевіч, Ягор Лаўрухін і Валер Мінец везьлі крыжы ў Курапаты, спынілі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі. Пасажыраў даставілі ў Ленінскі РУУС Менску, аўтамабіль транспартавалі на штрафстаянку.

Неўзабаве актывістаў адпусьцілі без складаньня пратаколаў, але распачатая праверка паводле артыкулу аб «парушэньні правілаў гандлю і аказаньня паслуг насельніцтву» (арт. 12.17 КаАП). Праверка можа цягнуцца да 10 дзён з магчымым падаўжэньнем да 30 дзён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)