Як пачыналася праўда пра Курапаты

Гэты артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва быў надрукаваны ў газеце «Літаратура і Мастацтва» 3 чэрвеня 1988 года. У ім упершыню распавядалася пра гісторыю масавых расстрэлаў, здзейсненых НКУС ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам.

Так пачалася праўда пра Курапаты…

«Расстрэлы пачаліся тут у 1937 годзе. Спачатку тройчы ў дзень — на раніцы, у 14 гадзін і вечарам, калі сцямнее, — у лес прывозілі па некалькі машын людзей і расстрэльвалі. Трупы скідалі ў загадзя выкапаныя глыбокія ямы, штабель на штабель. Настраляўшы даверху, ямы прысыпалі слоем пяску не больш за 20—25 сантыметраў. Часам зверху саджалі сасонку.

У другой палавіне 1937 года месца абгарадзілі. Смертнікаў пачалі прывозіць па іншаму графіку: пасля абеду, пад вечар і цэлую ноч. Вазілі безупынна штодня. Апытаныя не памятаюць нават, ці былі перапынкі у нядзелю. «Кожны дзень стралялі, — расказвае жыхарка Цны Кацярына Мікалаеўна Багайчук (1919 года нараджэння), — і машыны гулі. Бывала, як толькі вечар, мужчыны збяруцца, выйдуць на двор, паслухаюць, як страляюць, пагавораць гэтак ціха, пабядуюць і разыходзядца».

«Іншы раз адразу па некалькі машын заязджала ў загарадку, вазілі без перастанку, — расказвае Дар’я Ігнатаўна Тоўсцік з Цны (з 1911 г.). — А дарога ў лесе выкатана, як асфальт. Як пачнуць страляць, дык чуваць было енкі, плач, праклёны».

«Уся вёска была ў страху. Пяць гадоў па начах не маглі спаць ад стрэлаў», — кажа старажыл Цны Бацян Раман Мікалаевіч (з 1913 г.) Тое пацвярджае Няхайчык Мікалай Пятровіч(з 1929 г.) і іншыя цнянцы. «Старэйшыя хлопцы, які смялейшы, дык нават лазілі за плот, — кажа Мікалай Пятровіч, — рабілі дзіркі ў агароджы і шмат што бачылі». Мы пытаемся, ці жыве яшчэ хто з іх. «Ёсць: Карповіч Мікола».

Мікалай Васільевіч Карповіч нарадзіўся ў 1919 годзе, самавіты, яшчэ досыць дужы чалавек. У 1939 годзе пайшоў у войска. Лёс пакідаў яго па свеце і па франтах. У 1937—1938 гг. не раз бачыў, як забівалі людзей у лесе. Магілы, відаць, капалі ў першай палове дня, бо пад вечар (часта пасля абеду), калі пачыналі пад’язджаць машыны, ямы былі ўжо выкапаныя. М.Карповіч распавядаў, што людзей забівалі партыямі. Ставілі ў рад, затыкалі кожнаму рот коркам і завязвалі анучай (каб не выплюнуў кляп). Забойцы былі ў форме НКУС. Яны стралялі з вінтовак збоку ў галаву крайняга, каб прашыць куляй двух чалавек. «Як стрэліць, — кажа Мікалай Васільевіч, — дык адразу двое ў яму і падаюць. Патронаў шкадавалі»…

Цалкам артыкул чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)