БНР-100
Сямён Печанко, Руслан Гарбачоў

Пушкін: «Надакучыла на Дзень Волі трапляць у турму»

Вядомы мастак Алесь Пушкін паказаў «Салідарнасці» свой праект да 100-годдзя БНР і расказаў пра творчыя планы.

Мастак Алесь Пушкін, які першым у гісторыі сучаснай Беларусі заклаў традыцыю адзначэння Дня Волі, з цеплынёй узгадвае сёлетняе святкаванне стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

— Малайцы гэтыя маладыя хлопцы, Павел Белавус ды іншыя, што зраблі такое свята! Даўно пара было — беларусам трэба святкаваць у гэты дзень. Мне ўжо надакучыла на Дзень Волі трапляць у турму, — кажа мастак.

Алесь Пушкін жыве з сям’ёю ў мястэчку Бобр Крупскага раёна

І дадае, што на стагоддзе БНР маглі б і Івонка Сурвіла з Зянонам Пазняком прыляцець, скарыстаўшыся бязвізу:

— А што? Прыляцелі б у аэрапорт, там журналісты сустрэлі. Адтуль адразу да Опернага, на сцэну. Прывіталі б людзей, павіншавалі, гукнулі «Жыве Беларусь!» — і можна назад ляцець.

У такі момант, нават ведаючы пра выдатнае пачуццё гумару Пушкіна, не адразу разумееш, сур’ёзна ён кажа, ці жартуе.

Мастак лічыць, што ўлады разумна вырашылі дазволіць масавае святкаванне ў цэнтры сталіцы. Цяпер важна працягваць у тым жа рэчышчы. Найперш, годна адзначыць стагоддзе БССР — як лагічны працяг станаўлення дзяржаўнасці.

Да стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі мастак падрыхтаваў адмысловую інсталяцыю.

— Зараз усе ставяць пластыкавыя вокны. І ліштвы, што самі па сабе — мастацкая рэч, выкідаюць, — расказвае перадгісторыю стварэння юбілейнага праекту Алесь Пушкін.

Праект «Вокны Беларускай Народнай Рэспублікі» ўяўляе сабой інсталяцыю з дваннаццаці ліштваў, пераўтвораных у рамы для ілюстрацый. Выявамі служаць фотаздымкі і малюнкі мастака, зробленыя ў розныя гады. Іх аб’ядноўвае месца, дзе рабіліся здымкі — цэнтр мястэчка Бобр, і дата — 25 сакавіка. Фактычна, гэта ілюстраваная гісторыя персанальных святкаванняў Дня Волі мастком Пушкіным і яго сям’ёй.

Святкаванні Дня Волі для творцы праходзілі штогод па-рознаму:

– Бывала, што і арыштоўвалі, штрафавалі. А калі і цэлы дзень стаяў і ніхто мяне не чапаў.

Майстэрня мастака ў Бабры

Мастак дэманструе акно, прысвечанае 25 сакавіка 2009-га. На фотаздымках ён у берэце шчодра перапэцканым у фарбах.

— Гэта сапраўдны артэфакт, — мастак здымае той самы берэт са сцяны і расказвае чарговую гісторыю:

— У шахідаў ёсць пояс смяротніка, а ў беларускага арт-тэрарыста — такі вось берэт. І калі яго будуць круціць, то ён будзе вось так пэцкаць міліцыянтаў. Калісьці будзе ляжаць у музеі — як узор негвалтоўнага супаціву.

А вось показка пра акно-2010:

— Я як заўсёды маляваў карціну, а тут прыходзіць нейкі чалавек — ці то правакатар, ці хто яшчэ. Блытаецца, перашкаджае. А потым бярэ шклянку з растваральнікам і выпівае. Я думаю, што з ім рабіць. а потым тэлефаную ў «хуткую»: «Тут чалавек шклянку шкіпінару выпіў!» Яны ў момант прыляцелі і скруцілі мужыка!

Адна з ліштваў прысвечаная пяцідзённаму бязвізаваму рэжыму: на ёй змешчаныя лагатыпы вядомых беларускіх вытворцаў і выява адамкнёнага замка з надпісам «Welcome to Belarus?»

— Праект зроблены ў гэтым годзе, упершыню паказаны ў Бабры, — расказвае Алесь Пушкін.

Частку вокнаў ён дэманстраваў на юбілейнай выставе ў Палацы мастацтваў. Усю інсталяцыю плануе правезці па ўсёй Беларусі, а таксама прадэманставаць яе на міжнарожнай выставе ў нямецкім Дрэздэне.

У бліжэйшых планах Алеся Пушкіна — удзел у перфомансе «Kupalle an der Donau» ў Вене. Туды яго запрасілі знаёмыя еўрапейскія мастакі з творчай групы «Dienstag Abend».

— Гэта будзе ў сярэдзіне чэрвеня на беразе Дуная. Ноч перфомансаў «Купальскае кола» — больш мастацкая, чым абрадавая, — падзяліўся падрабязнасцямі мастак.

Па яго словах, калегі-мастакі натхніліся святкаваннем Купалля ў Бабры, куды яны прыязджалі, і цяпер у іх з’явілася ідэя зладзіць перформанс у Вене.

І яшчэ адна пазітыўная навіна для мастака Пушкіна. У вёсцы Гумны Крупскага раёна масцовы бізнесовец адчыніў арт-спа цэнтр, у якім цяпер выстаўляюцца творы беларускіх мастакоў. У тым ліку і віцебская серыя Алеся Пушкіна.

— Гэта цудоўная навіна для мяне. Упершыню за дваццаць гадоў мастак Пушкін стаў запатрабаваным у сябе на радзіме.

Ёсць у мастака з Бабра і менш пазітыўныя навіны. Да гэтай гісторыі «Салідарнасць» вернецца неўзабаве.

Тут разграмілі маскоўскае войска: як сёння выглядае Крапівенскае поле

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)