Адміністрацыя прэзідэнта звярталася да Акадэміі навук наконт ролі БНР

Адміністрацыя прэзідэнта ў год 100-гадовага юбілею абвяшчэння БНР звярнулася ў Акадэмію навук з просьбай падрыхтаваць абгрунтаванне ролі БНР у гісторыі Беларусі: прасіла навукова патлумачыць, што гэта такое і як да гэтага варта ставіцца.

Пра гэтую замову «Нашай Ніве» паведамілі вартыя даверу крыніцы.

Тую выкладку рыхтаваў Інстытут гісторыі Акадэміі навук.

Пазіцыя, сфармуляваная навукоўцамі, даведзена да ідэалагічнага кіраўніцтва краіны, да кіраўнікоў ведамстваў, а далей будзе спушчана па «вертыкалі» ўніз.

Відаць, што амаль ідэнтычныя выказванні міністраў і топ-чыноўнікаў пра БНР і ёсць вынікам знаёмства з той справаздачай гісторыкаў.

Але што канкрэтна яны напісалі?

На жаль, дырэктар Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч адмовіўся агучыць дэталі.

«Без каментароў, — сказаў ён. — Ёсць нормы, якія мы мусім выконваць, гэта [быў] непублічны запыт. Але нашай пазіцыі па БНР мы не хаваем».

Даніловіч параіў глянуць раздзел, прысвечаны БНР, у двухтомніку «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці»: «Мы кіруемся пазіцыямі, якія там выкладзеныя, — патлумачыў ён. — Таксама мы яшчэ раз агучым сваё бачанне на канферэнцыіі 15—16 сакавіка ў Акадэміі навук».

Варта прывесці цытаты аўтараў той кнігі, на якую спасылаецца Даніловіч, каб зразумець, што магло быць у аналітычнай запісцы для чыноўнікаў пра ролю БНР.

«Мы, як гісторыкі, павінны сказаць, што абвяшчэнне БНР — гэта гістарычна абумоўленая падзея.

Факт абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і дзейнасць яе Рады — гэта была першая спроба не толькі прадэклараваць, але і ажыццявіць практычныя захады ўтварэння беларускай дзяржаўнасці, што мае вялікае гістарычнае значэнне. Абвяшчэнне БНР аказала значны ўплыў на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, стала важным крокам далейшага дзяржаватворчага працэсу.

Ад размоў аб фарміраванні беларускай ідэі мы прыйшлі да рэалізацыі гэтых ідэй. Ідэі за дзень не фарміруюцца, а ўзнікаюць дзякуючы таму, што было ўжо напрацавана ў грамадстве. Канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя — час, калі сапраўды ідэя беларускай дзяржаўнасці была сфармулявана і нават зроблена спроба яе рэалізаваць», — казаў пра даследаванне «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» колішні дырэктар Інстытута гісторыі Аляксандр Каваленя.

«Мы лічым вельмі важным даводзіць да шырокай грамадскасці погляд на нашу гісторыю з пункту гледжання беларусаў. Калі мы гэта не будзем рабіць, то можам атрымаць польскі, украінскі, расійскі варыянт нашай гісторыі, а ў нас павінен быць уласны погляд на гістарычныя падзеі, якія адбываліся на нашай тэрыторыі.

Сапраўды, формы ўлады БНР былі зародкавыя. Пры спрыяльных умовах яны маглі пераўтварыцца ў рэальную структуру. Але гэта ні ў якай меры не прымяншае важнасці і значнасці для нашай гісторыі самога факта абвяшчэння (упершыню за тысячагоддзі) права беларусаў на нацыянальнае самавызначэнне», — дадаваў сам Вячаслаў Даніловіч.

 «Пытанне дзяржаўнасці вельмі шчыльна звязана з пытаннем існавання асобнага народа. Няма асобнага народа — няма пытання пра асобную дзяржаву, увогуле няма прадмету для размовы. Таму лідары беларускага нацыянальнага руху на пачатку ХХ стагоддзя займаліся сцвярджэннем гэтага факта ў грамадскай думцы Беларусі і ўвогуле ўсёй Расійскай імперыі: ёсць беларуская нацыя, якая мае свае палітычныя правы і галоўнае — права на ўласную дзяржаву. Галоўнымі асобамі беларускага нацыянальнага руху былі браты Луцкевічы, Іван і Антон, і Вацлаў Іваноўскі», — гэта словы іншага аўтара, кандытата гістарычных навук Андрэя Унучака.

«Да гэтага беларусы не мелі вопыту дзяржаўнага будаўніцтва. Цяпер яны ўзяліся за яго. У гэтым сіла БНР: у полымі Першай сусветнай вайны беларусы, закасаўшы рукавы, імкнуліся стварыць сваю ўласную дзяржаву. Гарыць зямля, свет гарыць, а тут людзі, на тэрыторыі, падзеленай франтамі, увасабляюць ідэю ў жыццё. Ці ж гэта не гераізм?

БНР — гэта беларуская дзяржава, якую паспрабавалі стварыць дзеячы ў найскладанейшай геапалітычнай сітуацыі ва ўмовах Першай сусветнай вайны, а канкрэтна — у рэаліях Брэсцкага міру 1918 года. Вакол гэтага пытання разгортваліся гарачыя спрэчкі. Адны казалі: так, была беларуская дзяржава, іншыя: не, яна не адбылася. Сёння мы зусім па-іншаму разглядаем гэтыя пытанні.

Мы вядзём гаворку пра тое, што БНР была нацыянальнай формай беларускай дзяржаўнасці.

Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ў калектыўнай манаграфіі «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы ХVІІІ — пачатку ХХІ ст.» упершыню ў беларускай гістарыяграфіі распрацавана і рэалізавана новая канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасці», — словы кандыдата гістарычных навук Мікалая Смяховіча.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)