Общество
Алесь Пілецкі, фота Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

У Менску адкрыўся барбэршоп «Чэкіст»: «У гісторыі за гэтым словам нэгатыў. Але мы ня хочам у гэта паглыбляцца»

Свабода наведала новае сталічнае месца, якое мае ўсе шанцы стаць скандальна вядомым. І спытала ва ўладальнікаў, чаму яны выбралі такую назву.

Алег i Ільля (на фота) знаёмыя яшчэ з часоў сумеснага навучаньня ў менскай ПТВ № 12, дзе абодва асвойвалі прафэсію цырульніка. Пасьля вучэльні Ільля гадоў дзесяць працаваў у вядомай цырульні «Чарадзей», а потым у адным са сталічных барбэршопаў.

3 студзеня 2018 году сябры адкрылі уласны барбэршоп на вуліцы Ціміразева. Сярод больш як трох дзясяткаў падобных установаў, якія працуюць цяпер у Менску, ён вылучаецца назвай — «Чэкіст».

— Я вам патлумачу, што мы мелі на ўвазе, — кажа Алег. — Усім падабаюцца фільмы з Джэймсам Бондам. Назва «Чэкіст» мае на ўвазе агульнае паняцьце — супрацоўнік органаў дзяржаўнай бясьпекі. КДБ, ФСБ, брытанская выведка, любыя выведкі сьвету і органы дзяржаўнай бясьпекі. Калі мы проста фільмы паглядзім пра спэцслужбы, то ў нас вымалюецца вобраз чалавека, які заўсёды добра выглядае, прыклад для мужчыны, заўсёды акуратная прычоска. На яго заўсёды прыемна паглядзець. Такія людзі заўсёды ў парадку, пасьпяховыя. Таму мы і выбралі гэтую назву.

Алегаў напарнік Ільля кажа, што над назвай хлопцы доўга думалі, пыталіся пра яе і ў іншых:

— Вядома, што загінула шмат людзей, што за гэтым словам нэгатыў, — кажа ён. — Адзін мой сябра сказаў, што гэта рызыка — так назвацца. Але мы вырашылі паспрабаваць. Тым больш рынак барбэршопаў у Менску напоўнены, трэба нечым завабіць. Нейкай цікавай назвай, нейкай фішкай. Вось і падумалі, што можна так паспрабаваць.

Назву для свайго бізнэсу Ільля і Алег выбіралі з дапамогай лёсаваньня. Сярод варыянтаў, акрамя «Чэкіста», былі яшчэ «Брэнд» і «Мастак». «Чэкіста» выцягнулі абодва.

— На двары 21 стагодзьдзе, і сучасная моладзь, напэўна, ня так шмат увагі зьвяртае на гісторыю — працягвае Ільля. — Людзі старэйшыя, вядома, зьвернуць увагу на нашу назву. Верагодна, нейкі нэгатыў будзе зь іх боку. Але мы на гэтым не акцэнтуем увагі. Вядома, у гісторыі за гэтым словам нэгатыў, сталінскія рэпрэсіі. Але мы ня хочам у гэта паглыбляцца, прыцягваць увагу. Мы хацелі нестандартную назву, якая б вызвала цікавасьць, і ўсё.

Хлопцы прызнаюць, што называць свой барбэршоп словам «Чэкіст» было страшнавата. Іхныя бацькі таксама паставіліся спачатку неадназначна, аднак пазьней прывыклі.

— Гэта ўсяго толькі гучнае слова, — кажуць прадпрымальнікі. — Нічога больш у яго мы не ўкладалі.

«Чэкістамі» на постасавецкай прасторы называюць супрацоўнікаў любых спэцслужбаў, незалежна ад роду іх дзейнасьці. Само слова ўтварылася ад абрэвіятуры «ЧК» — скарочанай назвы «Всероссийской чрезвычайной комиссии по борьбе с контрреволюцией и саботажем», утворанай пры Савеце Народных Камісараў РСФСР у сьнежні 1917 году. Менавіта яе супрацоўнікаў называлі «чэкістамі». Пазьней ЧК зрабілася ГПУ пры НКВД СССР. Фактычна яна зьяўлялася палітычнай спэцслужбай, задачай якой была барацьба з апанэнтамі дзейнай улады. А назва жыве дагэтуль.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)