Политика
Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

Някляева асудзілі на 10 сутак арышту за «заклік да акцыі», у якой ён ня ўдзельнічаў

1 лістапада ў Ленінскім раённым судзе Менску паэта і палітыка Ўладзімера Някляева пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту за словы «Калі ёсьць воля бараніць свае правы, дык трэба выходзіць і бараніць».

Пра гэта палітык сказаў 16 кастрычніка ў эфіры тэлеканалу «Белсат» пра акцыю «Марш абураных беларусаў 2.0» 21 кастрычніка, у якой Някляеў ня ўдзельнічаў.

Уладзімер Някляеў у судзе. 1 лістапада 2017 году

Міліцыянты тады склалі на яго пратакол за «заклік да правядзеньня масавага мерапрыемства з парушэньнем яго арганізацыі і правядзеньня».

У судзе быў зачытаны пратакол адміністрацыйнага парушэньня, якое нібыта ўчыніў Уладзімер Някляеў: паводле пратаколу, Някляеў нібыта публічна заклікаў да масавага мерапрыемства, заяўленага на 21 кастрычніка, якое Менгарвыканкам не дазволіў.

Паводле зачытаных судом матэрыялаў адміністрацыйнай справы, падставай для яе стаў артыкул «Свае правы трэба абараняць» на сайце «Хартыі-97», а не ягонае інтэрвію Белсату.

«Яны не паважаюць і суд»

Уладзімер Някляеў, камэнтуючы у судзе складзены на яго пратакол, назваў справу «сфабрыкаванай і зьняважлівай для суду».

— Яны скінулі вам гэтую справу, як сена, маўляў, зьядуць. Дзе тут мае словы пра тое, што я нібыта заклікаў? Я не адмаўляўся ад словаў „Калі ў вас ёсьць воля бараніць свае правы, дык трэба выходзіць і бараніць“. Гэта ўмоўны сказ, яго вывучаюць ў шостым клясе. Той міліцыянт, які склаў гэты дакумэнт, непісьменны. Адразу кажу, што спасылка на Хартыю-97 да мяне ня мае дачыненьня, і загаловак іншы, чым на „Белсаце“. Гэта проста жаданьне пакараць чалавека па нейкіх выдуманых словах і дзеяньнях, якія ён не рабіў і не казаў, — заявіў Уладзімер Някляеў.

Таксама Някляеў дадаў, што не казаў журналісту Белсату, што будзе ўдзельнічаць у «Маршы абураных беларусаў 2.0», бо ня быў упэўнены, ці будзе ў Менску.

— Як я мог заклікаць да ўдзелу ў мерапрыемстве, у якім сам ня буду браць удзелу і не зьяўляюся арганізатарам? Гэта казаў Статкевіч, але дзе я, а дзе ён. Адзін сядзіць, дык вырашылі і другога пасадзіць? — сказаў Уладзімер Някляеў.

Някляеў на Белсате

Суд праглядзеў і відэазапіс інтэрвію, якое Белсат узяў ва Ўладзімера Някляева 16 кастрычніка ў праграме «Гарачы камэнтар». Менавіта гэтае інтэрвію, паводле матэрыялаў справы, сайт «Хартыі-97» выкарыстаў для свайго артыкулу.

Адвакат Антон Гашынскі зьвярнуў увагу суду на тое, што міліцыянты недакладна ўжылі ў пратаколе словы Ўладзімера Някляева і недакладна пазначылі крыніцу, што ёсць парушэньнем закону.

— Паводле пратаколу Някляеў выказваўся сайту Хартыі97, але гэта недакладна. Ён даваў інтэрвію Белсату. Да таго ж з кантэксту вырваны адзін абзац, а ўсё астатняе — гэта меркаваньне журналіста, — сказаў адвакат.

Абаронца мяркуе, што як найменш справу Някляева трэба адправіць на дапрацоўку, а як найбольш — зусім яе спыніць з-за адсутнасьці правапарушэньня.

Спасылка на слоўнік Ожагава

На пачатку суду Някляеў адразу зрабіў хадайніцтва, каб далучылі да матэрыялаў справы моўную экспэртызу ягонага выказваньня у рэпартажы польскаму тэлеканалу Белсат, якую зрабіў Беларускі саюз пісьменьнікаў. Таксама палітык прасіў суд далучыць да справы зварот Беларускай асацыяцыі журналістаў у ягоную абарону. Гэтыя хадайніцтвы суд задаволіў.

На судзе ў якасьці сьведкі выступіў старшыня ад Беларускага саюзу пісьменьнікаў Аляксандр Пашкевіч: ён распавёў суду пра экспэртызу выказваньня Някляева, якую правялі сябры сакратарыяту Беларускага саюзу пісьменьнікаў.

Па-першае, публікацыя ня ёсьць першакрыніцай, яна ўтрымлівае рэдакцыйную падачу і апрацоўку, зазначыў сьведка. Па-другое, «у меркаваньні Някляева даюцца ягоныя асабістыя ацэнкі, ужытая сынтаксычная канструкцыя умоўнага парадку», таму, на думку экспэртызы сябраў БСП, словы Някляева не ўтрымліваюць закліку. Сьведка зачытаў хадайніцтва Сакратарыяту БСП аб спыненьні судовага перасьледу Ўладзімера Някляева.

Таксама быў зачытаны зварот у суд Беларускай асацыяцыі журналістаў. У гэтым дакумэнце БАЖ спаслаўся на Талковы слоўнік рускай мовы Ожагава, у якім тлумачыцца, што у закліку мусіць быць кароткае паведамленьне пра час і месца падзеі. На падставе праведзенага аналізу словаў Някляева ягонае выказваньне нельга лічыць заклікам, мяркуюць у БАЖ.

Някляеў: «Калі са мной нешта здарыцца, гэта будзе забойства»

Камэнтуючы вырак, палітык сказаў, што чакаў такога:

— Улада робіць, што робіць. Абсалютна невінаватага чалавека бяруць і садзяць. Яны будуць зубамі трымацца за гэтую ўладу і саджаць ўсіх, хто будзе супраць.

Някляеў папярэдзіў, што калі зь ім нешта там здарыцца, дык гэта будзе наўмыснае забойства, і сказаў адвакату абскарджаць пастанову суду.

Палітык прышоў на суд у строі, патлумачыў, што зьбіраўся ў лякарню на абсьледаваньне, таму да турмы не гатовы. Назваў жонцы Вользе лекі, якія яму трэба перадаць на Акрэсьціна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)