Общество
Аляксей Знаткевіч, Радыё Свабода

Бягун са сьцягам: «Кожныя 2-3 хвіліны мне крычалі «Жыве Беларусь!»

28-гадовы мэнэджар некамэрцыйных праектаў Уладзь Сташкевіч 10 верасьня прабег Менскі паўмаратон з нацыянальным сьцягам.

Людзі прасілі зрабіць сэлфі са сьцягам і Сташкевічам (ён на здымку справа)

Ён расказаў Радыё Свабода, што сьцяг быў на ім завязаны ад самага пачатку. У хуткім часе ён разгарнуў сьцяг і ўжо да самага фінішу бег, трымаючы яго ў руках:

— Паўмаратон гэта ня толькі пра спорт, але і файная магчымасьць прасоўваць нейкія ідэі. Там і камэрцыйныя арганізацыі, і ЮНІСЭФ, і ААН маюць сваіх прадстаўнікоў, якія бягуць зь іх сымболікай, зь іх сьцягамі. І я падумаў, што гэта выдатная магчымасьць прасоўваць наш нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.

Уладзь Сташкевіч кажа, што астатнія ўдзельнікі і гледачы вельмі добра рэагавалі на сьцяг.

— Кожныя 2-3 хвіліны мне крычалі «Жыве Беларусь!», а я адказваў «Жыве вечна!» Людзі мяне даганялі, нехта бег побач, знаёміліся, хвалілі, шкадавалі, што самі не дадумаліся ўзяць сьцяг. Я адказваў, што ў наступным годзе будзе такая магчымасьць. Некаторыя нават сэлфі са мной рабілі.

Паводле Сташкевіча, размовы падчас бегу, магчыма, крыху перашкодзілі тэмпу — ён адолеў дыстанцыю прыблізна за 2 гадзіны 4 хвіліны, хоць падчас трэніровак звычайна прабягаў яе на 10 хвілін хутчэй. Сташкевіч кажа, што ўпершыню ўдзельнічаў ў Менскім паўмаратоне летась — тады ён прабег найменшую магчымую дыстанцыю для ўдзельніка, пяць з паловай кілямэтраў. А сёлета, пасьля трэніровак, ён адолеў дыстанцыю цалкам.

Раней за публічную дэманстрацыю нацыянальнай сымболікі людзей часам затрымлівалі:

— Я ў прынцыпе быў гатовы атрымаць штраф. Дзеля такой падзеі можна было і рызыкнуць.

Паўмаратон — забег на дыстанцыю 21 км 97,5 мэтраў. Першы менскі паўмаратон прайшоў у 2013 годзе на сьвята гораду. У 2015 годзе спаборніцтва сабрала ўжо больш за 16 тысяч удзельнікаў, а ў 2016 годзе — больш за 20 тысяч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)