Скандалы
Максім Маханькоў, Наша Ніва

Беларускі спадарожнік транслюе порнаканалы?

15 студзеня 2016 года з кітайскага касмадрома Січан быў запушчаны спадарожнік «Белінтэрсат-1». Гэты першы беларускі спадарожнік сувязі быў выраблены кітайскімі спецыялістамі з кампаніі China Aerospace Science and Technology па замове беларускага боку з кітайскіх і французскіх камплектуючых.

Сам спадарожнік з’яўляецца часткай дзяржаўнага праекта «Белінтэрсат» і асновай Нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання Беларусі. Акрамя самога спадарожніка, у склад праекта ўваходзіць Наземны комплекс кіравання (НКК).

Запуск спадарожніка Belintersat-1 51.5°E актыўна асвятляўся дзяржаўнымі медыя. Паведамлялася, што ўласны спадарожнік дапаможа Беларусі ўмацаваць уласную інфармацыйную незалежнасць, забяспечыць яе інфармацыйную прысутнасць ва ўсім усходнім паўшар’і і выйсці на сусветны рынак тэлекамунікацыйных паслуг.

Дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА паведамляла, што Сі Цзіньпінь і Аляксандр Лукашэнка ў дзень запуску спадарожніка нават абмяняліся віншавальнымі тэлеграмамі.

Кіраўнік Беларусі тады адзначыў: «Выведзены на арбіту кітайскай ракетай-носьбітам, спадарожнік стаў ключавым элементам нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання Беларусі. Праект мае высокую інавацыйную, эканамічную, сацыяльную і палітычную значнасць для нашай краіны».

Першы беларускі спадарожнік сувязі працуе на арбіце ўжо больш за год, але дагэтуль праз яго вяшчае толькі адзін беларускі тэлеканал — «Беларусь-24».

Аднак згодна з данымі сайтаў, якія адсочваюць тэлеканалы на розных спадарожніках, праз «Белінтэрсат» рэтранслююцца і іншыя экзатычныя праграмы. Сярод іх у асноўным чэшскія і славацкія каналы, некалькі каналаў краін Афрыкі а таксама… порнаканалы (Brazzers TV Europe, Passion XXX, Sexto Senso, Dusk TV і іншыя).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)