Общество
Сямён Печанко

«Вазьміце вось гэтую каўбасу. <br>Гэта з «Александрыі», з лукашэнкаўскага калхоза»

З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

Каля банкамата стаіць жанчына з палатнянай торбачкай ад «Будзьмы». Размаўляе па тэлефоне па-руску. Здымае грошы і сыходзіць. Падыходжу да банкамата — на экране надпісы на беларускай мове.

У гарадской электрычцы каларытны малады чалавек з барадой у кепцы з «Пагоняй» разлічваецца з кандуктаркай. Атрымлівае квіток і кажа «спасибо». Беларусы — моўныя партызаны.

***

У белаазёрскай краме прадавачка рэкламуе жанчыне прадукт:

— Вазьміце вось гэтую каўбасу. Не, гэта не наша, не бярозаўская. Гэта з «Александрыі», з лукашэнкаўскага калхоза. Харошая і недарагая.

Пакупніца з недаверам перапытвае:

— За такія грошы і недарагая?

***

Заслаўе. На вуліцы Савецкай чарговы рамонт: на адрэзку ходнікаў пад сотню метраў даўжынёй знялі плітку, участак абгарадзілі. І на гэтым працы спыніліся. Мясцовыя кпяць і з рамонтнікаў, і з сёлетняга надвор’я. Маўляў, па рэгламенце ў халодны час такую працу рабіць нельга, а зіма ж толькі скончылася — трэба чакаць сапраўднага лета.

***

Жанчына ў электрычцы расказвае сяброўцы пра вяселле сына. Тая ўсё выпытвае пра прычоску, з якой маці жаніла хлопца. Далей размова ідзе пра конкурсы на вяселлі.

— А я ж стрыптыз танцавала! — раптам дзеліцца маці жаніха.

Тут цягнік праязджае паўз царкву. Жанчыны перапыняюць вясельныя размовы і пачынаюць спрачацца, што сёння за свята — святога духа ці сына божага. Рэлігійны дыспут настолькі захоплівае іх, што яны забываюць і пра танец на стале, і пра п’янага Колю.

***

Чыжоўка, крама. Мужчына характэрнай знешнасці зморшчыўшы лоб разглядае піва «Менскае». Здаецца, што вось-вось ён выдасць штосьці пра «этат калхозный язык». Але знешнасць падманула:

— Так, 1067. Зразумела, першая згадка ў летапісах. А што такое 1499? Што, лідcкае піва выпусціла «Менскае?». Арыгінальна!

 

Падслуханае ў мінулы раз:

«Нічога, будзе і ў нас вясна»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)